Як гэта не смешна, зіма падкралася незаўважна

0
585

Другая палова мінулага тыдня выдалася снежнай і дастаткова халоднай, каб ападкі не ператварыліся ў слоту. Пакуль дзятва радавалася першаму снегу, аўтааматары падзяліліся ў сваіх пачуццях на дзве групы: першыя задаволена глядзелі ў акенца, маўляў, машына тэрмінова падрыхтаваная да сезону і можна быць спакойным. Другія, мабыць, паціскалі плячыма: “Эх, не паспеў скарыстацца сапраўдным падарункам надвор’я і колькі не адвяла нябесная канцылярыя цёплых дзён лістапада, усё роўна страціў магчымасць своечасова “пераабуцца”.
Каля шынамантажоў з’явіліся чэргі. Але, трэба разумець, што попыт на аўтапаслугі тымі днямі складаўся з аўтамабілістаў, што мелі магчымасць наведаць сэрвіс. А колькі гаспадароў жалезных коняў адправіліся ў дарогу на свой страх?.. Шчыра кажучы і мяне першы снег “засціг знянацку”. Спадзяваўся, што халадоў варта чакаць толькі ноччу, а зранку машыны “разаб’юць” дарогу і паездка, няхай і па мокрым асфальце, на летніх пакрышках асабліва адрознівацца не будзе. Але хіба не на першым скрыжаванні тармажэнне паказала сваю слабую эфектыўнасць, а павароты адзначаліся заносамі. Прашу прабачэння ў шэрага “Фарда”, бо яшчэ б крыху, і мог паказаць вадзіцелю нечаканы і вельмі непрыемны “фокус”. Урэшце, мне пашанцавала: зранку майстры былі не такімі загружанымі і замена колаў адбылася хутка, але адразу пасля майго візіту ў майстэрні з’явіліся яшчэ тры аўтааматары, якім прыйшлося пачакаць.
З заменай пакрышак, вядома, машына атрымала больш дакладную кіравальнасць, але правілаў бяспекі ніхто не адмяняў. Прыпыняць аўто загадзя, абіраць адпаведны, больш павольны хуткасны рыжым, памятаць пра каляіну і пакрыццё, улічваць пагоршаную бачнасць. Усё гэта трэба трымыць у галаве, пакуль новыя ўмовы не стануць больш-менш звыклымі. Звонку такая “навука” здаецца дробяззю, але, кажучы шчыра, прызвычаіцца да абстаноўкі – таксама пэўная работа над сабою.
А што ўрэшце? З сумам канстатую: не адзін я на прыканцы мінулага тыдню разлічваў на славутае ментальнае “а можа пранясе?” і “разбяруся па сітуацыі”. Пашанцавала не ўсім, як следства – 154 дарожна-транспартных здарэнні па вобласці з трыма пацярпелымі з 18 па 20 лістапада: ад дробных “пацалункаў” і “сустрэч” з дрэвамі ды слупамі, да ДТЗ са смерцю 19-гадовай дзяўчыны – пасажыркі легкавіка, які выехаў на сустрэчную паласу пад грузавік у вёсцы Малыя Аўцюкі. На Петрыкаўшчыне за адпаведны перыяд зарэгістравана 5 ДТЗ, што, на шчасце, абышліся без пацярпелых.
Трэба лічыць, што сотні вадзіцеляў і іх пасажыраў выйшлі шчасліўцамі, калі да небяспекі іх аддзялялі імгненні і сантыметры.
Высновы тут надзвычай прагматычныя: калі ўдача ўсміхнулася вам і даравала недысцыплінаванасць у падрыхтоўцы аўто да зімы: не варта выпрабоўваць яе міласць другі раз запар. Кажуць, што Фартуна любіць смелых, а вось пра неабачлівых і безразважлівых антычныя людзі нічога не ўзгадвалі. Некалькі гадзін вольнага часу – і ездзіць будзе як мінімум спакайней, а магчыма, хто ведае, ваша адказнасць выратуе транспартны сродак, ці нават жыццё.

Арцём ГУСЕЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о