Камандзір аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 13 у Капаткевічах Юрый Максіменка за дваццаць два гады службы бачыў многае: давялося ў 2006 годзе ў Лучыцах выносіць на руках загінулых у агні траіх дзяцей, у Чалюшчавічах пасля задымлення ў жылым доме выцягнуў своечасова мужчыну. Што такое смерць, Юрый Леанідавіч добра ведае, але што такое страх – пра гэта думаць нельга. Такая ж яго спецыфіка службы: раздумваць няма калі, рашэнне трэба прымаць з халодным сэрцам і розумам.

… Як быццам птушкі ўзялі пад рукі і панеслі мянеМомант дарожна-транспартнага здарэння

Вось і 11 сакавіка бягучага года ён, а таксама напарнікі – пажарны Аляксандр Пінчук (цяпер заняты на ПАВП у Муляраўцы) і вадзіцель Сяргей Пракапенка выехалі на ДТЗ. На цэнтр аператыўнага кіравання паступіла паведамленне, што на дарозе Колкі–Капаткевічы легкавы аўтамабіль перакуліўся і трапіў у меліярацыйны канал.
– Той дзень быў звычайны, праўда, снегу шмат выпала, – пачаў Юрый Леанідавіч. – Машыну заўважылі работнікі сувязі. Калі мы пад’ехалі, я, ацаніўшы сітуацыю, вырашыў, што ў жывых там нікога не засталося. Саша стаў апранаць воданепранікальны касцюм, а я перадаваў інфармацыю.

– Было цяжка ўсведамляць, што ў аўтамабілі загінулыя. Думаў, што ўнутры могуць быць дзеці і адразу стала няёмка і цяжка на душы, – паклаўшы на стол і сціскаючы рукі працягнуў камандзір аддзялення. – Тырчэлі толькі заднія колы і частка днішча аўто. Сам аўтамабіль быў нахілены ўбок, вады нам было па грудзі, канал даволі глыбокі. З аднаго боку аўтамабіль прыціснула грунтам, з нашага боку дзверкі заклініла. Калі Саша стаў крычаць, што тут жывы чалавек, я кінуўся ў ваду. Сапраўды, я ўбачыў твар мужчыны (быў з барадой). Уявіце сабе месца ў аўтамабілі на задніх сядзеннях, дзе пасажыр ставіць ногі. Там ёсць невялікая выемка, сантыметраў сем, вось там ён хапаў ротам кісларод і дыхаў.

Падысці і выцягнуць яго ўдвох было немагчыма. Я пачаў цягнуць мужчыну, але ён так моцна ўчапіўся нагамі, што не паддаваўся. У шокавым стане ён не разумеў, што мы ратуем яго і не даваў выцягнуць сябе. Мне спатрэбілася закрыць далонню яго нос і рот і націснуць галаву пад воду. Вось тады яго цела паддалося. Пад рукі мы выцягнулі яго на бераг. Ён пачаў дыхаць і гаварыць, але страчваў прытомнасць, як бы засынаў. Мы не давалі яму спаць, пыталі, ці ён сам у машыне быў? Магчыма нехта ехаў з ім таксама? На што ён только адказаў – “Сам!”. Яго ўсяго трэсла, бо пацярпелы пераахалодзіўся.

… Як быццам птушкі ўзялі пад рукі і панеслі мяне

Аляксандр Пінчук

Пазней, калі ён ужо быў у бальніцы, то расказваў, што амаль нічога не памятае. Толькі здавалася яму, як быццам нейкія птушкі падхапілі яго пад рукі і панеслі на крылах.

Мы паклалі яго на насілкі і ўзнялі ў нашу пажарную машыну, уключылі печку і выклікалі “хуткую”. Прыехалі і супрацоўнікі ДАІ. Мы далі зразумець, што цяпер нам не да размоў, трэба выратоўваць чалавека. Я ўсё прасіў пацярпелага, каб ён паварушыў рукамі, нагамі, шыяй. Усё было цэлае.

Прыехалі медыкі і аператыўна аказалі дапамогу мужчыне. Дзякуй Богу, усё абышлося. Увогуле, гэта проста шчасце, мужчына сапраўды нарадзіўся “ў кашулі”: у вадзе ён правёў прыкладна 40 хвілін. Расказваў, што імкнуўся патэлефанаваць, але тэлефон намок і экран патух. У маладосці, як аказалася, пацярпелы займаўся спортам, загартоўваўся, плаваў. Напэўна гэта яму дало шанец застацца жывым.
Калі “хуткая” яго забрала, то мы пачалі выцягваць аўтамабіль. На дапамогу прыйшоў трактарыст, які ехаў міма.

Асаблівага гераізму ў гэтым выратаванні чалавека Юрый Леанідавіч не бачыць. Гэта, з яго слоў, звычайная служба.
Дарэчы, у свой час выратавальнік скончыў Нараўлянскае вучылішча, дзе набыў спецыяльнасці вадзіцеля і трактарыста. Сам родам з Нараўлянскага раёна, у Капаткевічы перасяліліся з бацькамі. Адслужыў у арміі і пайшоў камандзірам аддзялення, дзе заняты і па сёння.

… Як быццам птушкі ўзялі пад рукі і панеслі мянеЮрый Максіменка і Сяргей Пракапенка

Свайго адзінаццацігадовага сына Аляксандра выхоўвае спартыўным і дысцыплінаваным. Радуе бацьку паспяховасць у навучанні сына: так, пяты клас скончыў з сярэднім балам “9”.

Упэўнена, што гераізм мужа годна ацэньвае жонка Юрыя Леанідавача – Таццяна, ды і сын ганарыцца, што ў яго такі бацька.
Сяргей Пракапенка на ПАВЧ працуе толькі тры гады. Пакрысе набірае вопыт. У вольны час паспявае і ў футбол пагуляць, і аўтамабіль парамантаваць, спраў у маладога мужчыны хапае.

Аляксандр Пінчук таксама толькі пачынае свой працоўны шлях у гэтай службе. Сам з Аголіцкай Рудні, мае сям’ю, дзіця. З Капаткевіцкага паста перайшоў у Муляраўку, так аддаленнасць ад дома куды меншая. Па спецыяльнасці – токар-фрэзіроўшчык. Адслужыў у арміі і вось ужо шэсць гадоў на варце службы МНС.
Напярэдадні прафесійнага свята жадаем усім, хто стаў выратавальнікам, моцнага здароўя, вытрымкі, разумення і клопату з боку блізкіх і цудоўнага святочнага настрою!

Інга ГІЛЕНКА.
Фота аўтара і з асабістага архіва работнікаў РАНС.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о