111

Валерый Голік у газавай службе працуе з 2014 года. У свой час скончыў Гомельскі політэхнічны тэхнікум, дзе набыў спецыяльнасць тэхніка-тэхнолага дрэваапрацоўчай вытворчасці. Па спецыяльнасці працаваць не давялося. Крыху пакруціў “абаранак” у райспажыўтаварыстве, а потым  пайшоў праходзіць тэрміновую службу ў арміі.

У газавай галіне пачаў з курсаў у газінстытуце, дзе за месяц даведаўся пра ўсе тонкасці справы і спецыфіку работы. Слесар 3 разраду па абслугоўванні вонкавага газаправоду – так цяпер гучыць спецыяльнасць Валерыя Валянцінавіча.

– У нашай брыгадзе такіх слесараў, як я, 5 чалавек, – гаворыць Валерый Голік. – Да таго, брыгаду дапаўняюць электраманцёры па ахове ад карозіі. Узначальвае наш калектыў майстар Леанід Альвінскі.

Прызнацца, вельмі прыемна, што калектыў вызначыў мяне на мерапрыемства раённага маштабу. Гэта для мяне ўпершыню, таму буду старацца і надалей апраўдваць давер калег.

Кожны год мы здаём экзамен на сваю прафесійную прыдатнасць у Жыткавічах. Работа, скажу, нялёгкая, спецыфічная. Наша задача – рабіць абходы, выяўляць уцечкі газу. Спецыяльныя датчыкі паказваюць, ці ў норме ціск газу, які ідзе па трубах пад зямлёй. Калі нейкія разыходжанні, то рэгулюем ціск.

Эксплуатацыя газаправоду разлічана на 40 гадоў. Пасля гэтага робіцца дыягностыка, і дзе будзе патрэба, то праводзіцца замена.

Выхадныя стараюся праводзіць з сям’ёй. Жонка Крысціна працуе ў горадзе начальнікам паштовага аддзялення. Нашай дачушцы Валерыі 5 гадоў. Дома мы ўседзець не можам, імкнёмся некуды з’ездзіць, павандраваць,  наведаць цырк. Мяркую, што яны сёння парадуюцца за мяне.

І. АЛЯКСАНДРАВА.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о