DSC05301

У нашым раёне нямала сельскіх школ, і кожная – унікальная, у кожнай – свой мікраклімат, свае адкрыцці і традыцыі. Але Брынёўскі сад-школа – асаблівы. Такой атмасферы любові да дзяцей, да агульнай справы, жадання ствараць пазітыў не сустрэць нідзе. Дзеці – галоўны складальнік і клопат калектыву сада-школы. Тут яны не толькі атрымліваюць веды, але і вучацца жыццю.

– Вядома, бываюць і цяжкасці, – гаворыць дырэктар Надзея Дзекавец. – Але трывалы педагагічны калектыў паспяхова з імі спраўляецца. Мы аддаём часцінку сябе дзецям, якіх у школе сёлета навучаецца 56 чалавек, ды 14 выхаванцаў дзіцячага сада. І для ўсіх павышаная творчая актыўнасць – норма. Толькі за мінулы год скарбонка нашых узнагарод папоўнілася 38 дыпломамі раённага ўзроўню, 8 – абласнога і 6 –  рэспубліканскага. Лічыце, па дыпломе на кожнага вучня. Важнай падзеяй у жыцці сада-школы быў конкурс “Настаўнік года-2016». Нас прадстаўляла настаўнік рускай мовы і літаратуры Надзея Туравец, якая стала лаўрэатам конкурсу.

Надзея Дзекавец кіруе ўстановай адукацыі  дваццаць чатыры гады. Тут пачынала працаваць яшчэ ў далёкім 1976 годзе. Сама ўраджэнка вёскі, яна навучыла сваіх калег і вучыць дзяцей непамернай любові да сваёй маленькай Радзімы. Апошнія дзесяць гадоў калектыў школы з’яўляецца абсалютным пераможцам спаборніцтва сярод сельскіх устаноў адукацыі раёна, а ў 2015 годзе стаў пераможцам абласнога конкурсу. Прызавымі месцамі на прадметных алімпіядах і канферэнцыях, фестывалях і спаборніцтвах вучні трымаюць гонар школы, становяцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Надзея Аляксандраўна не шкадуе ні сіл, ні часу, каб зрабіць свою школу ўзорнай і побач з ёй да гэтай мэты ідзе ўвесь калектыў: намеснік Алена Сасноўская, педагогі, тэхнічныя работнікі, вучні.

Дарэчы, Алена Іванаўна таксама выпускніца гэтай школы, тут яе першае і адзінае працоўнае месца. Адкрытае сэрца і імкненне да самаўдасканалення, неверагодная працаздольнасць і любоў да прафесіі – ёмістыя азначэнні характару педагога. Гэтаму яна вучыць і маладых педагогаў, да кожнага знаходзіць свой падыход.

Пра гэты сад-школу ў раёне гавораць: немагчыма зразумець феномен калектыву школы, дзе кожны вучань валодае талентам, а кожнаму настаўніку ёсць чым ганарыцца. Немагчыма растлумачыць, чаму ў гэтую школу хочацца прыязджаць зноў і зноў і як з маладых педагогаў тут робяць прафесіяналаў.

Можа, таму, што тут працуюць асаблівыя педагогі – Марына Барысава, Таццяна Краменская, Алена Кандрашонак, Вікторыя Чэркас, Таццяна Барысава, Наталля Пратасюк, Пётр Стральчэня, Надзея Туравец, Марына Голік, Валянціна Новікава, Наталля Аўрамец, Ганна Стракач, Крысціна Клімчык, Галіна Караба, Надзея Лашкоўская. Кожны ў сваім накірунку – майстар, ас. І кожны прайшоў школу сваёй настаўніцы Надзеі Дзекавец, бо большасць іх – выпускнікі менавіта гэтай школы.

Сёлета Надзея Дзекавец – кіраўнік года. Гонар такой узнагароды яна заслужыла, аддаўшы сябе прафесіі без астатку. Пацведзяць гэта без кроплі сумнення сотні яе выпускнікоў,  іх бацькі, дзясяткі выпускнікоў-калег, удзячныя аднавяскоўцы, якіх яна навучыла імкнуцца да перамог, бачыць у жыцці толькі добрае і светлае, жыць справай.

Алена БРУЦКАЯ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о