Штогод 17 лістапада адзначаецца Дзень утварэння падраздзяленняў участковых інспектараў міліцыі органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусі. Напярэдадні адметнай даты мы пагутарылі з участковым інспектарам міліцыі Петрыкаўскага РАУС, старшым лейтэнантам міліцыі Яўгеніям Бандарэнкам. 

Я – ваш новы ўчастковы– Яшчэ калі я навучаўся ў першай гарадской школе, вырашыў звязаць сваё жыццё з сілавымі структурамі. Паўплывала на мой выбар пачуццё справядлівасці і павага да закону. Потым я паступіў у Мазырскі дзяржаўны абласны ліцэй і зрабіў канчатковы выбар вышэйшай навучальнай установы. Адукацыя ў Акадэміі МУС мне вельмі спадабалася. Варта адзначыць годную матэрыяльную базу акадэміі. Курсанты знаходзяцца на поўным забеспячэнні, улічваючы трохразовае харчаванне, ды і стыпендыі немалыя: больш за год таму, калі навучаўся на апошнім курсе, я атрымліваў каля 450-ці рублёў на месяц.

Што да навучальных дысцыплін, то найбольш уразіла мяне, вядома, агнявая падрыхтоўка. З тэарэтычнай складаючай асабліва спадабаліся заняткі па адміністратыўна-прававой дзейнасці, што з’яўляецца асновай у рабоце ўчастковага, – падзяліўся ўражаннямі Яўгеній Сяргеевіч.

Малады міліцыянер адзначае, што быць курсантам Акадэміі МУС і студэнтам грама-дзянскага ВНУ, зразумела, не адно і тое ж. Але, калі школьнік мае такія рысы як шчырасць, дысцыплінаванасць, жадае быць карысным грамадству і не баіцца цяжкасцяў – не лішнім будзе звярнуць увагу на прафесію праваахоўніка.
– Служба, вядома, не для ўсіх і курсантам патрэбна жыць па раскладзе, тэрмінова і якасна выконваць пастаўленыя задачы, быць надзейнай апорай для блізкіх і таварышаў. Але гэта своеасаблівае выпрабаванне і, так бы мовіць, праверка на прафесійную прыдатнасць. Паспяховая вучоба сведчыць, што і з будучымі службовымі абавязкамі супрацоўнік будзе спраўляцца належным чынам, – разважае Яўгеній Бандарэнка.

Свой участак, а гэта вуліца Асенняя з завулкамі, няцотны бок вуліцы Бумажкова, частка Камунальнай і Карла Маркса, раён ЦРБ і два шматкватэрныя дамы на Дружбе, старшы лейтэнант характарызуе як даволі спакойны, адпаведна і давер да прадстаўнікоў улады на высокім узроўні. Узаемасувязь тут простая: людзі шануюць свае спакой і камфорт і адпаведна адказна ставяцца да захавання правапарадку.
– Канешне, служу я толькі другі год і гэта невялікі тэрмін. Але за гэты час да мяне ніколі не прыходзіла думак пра тое, ці пра-вільны я зрабіў выбар, ці не жадаю звярнуць увагу на іншае месца працаўладкавання? Навучальная ўстанова дала мне дастатковы багаж ведаў і выхавала патрэбныя навыкі, а калектыў дапамог канчаткова разабрацца ў акалічнасцях службы, – падвёў вынік нашай гутаркі ўчастковы.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о