Згадзіцеся, незадаволенымі бываем мы з вамі, калі спазняецца маршрутка або чаканы тавар несвоечасова дастаўляе кур’ер. Не толькі гэтыя прыклады, але і шмат іншых у нашым жыцці залежаць ад людзей такой распаўсюджанай, але важнай прафесіі – вадзіцеляў. Не перадаць словамі моцы напружання ў тыя хвіліны чакання ўрача ці фельчара да хворага блізкага чалавека, асабліва калі ад гэтай хвіліны залежыць жыццё.

IMG_4894

Аляксандр Буднік за 14 гадоў працы вадзіцелем Курыціцкай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі шмат пабачыў хворых людзей, каму была патрэбна тэрміновая медыцынская дапамога. Амбулаторыя абслугоўвае вёскі Забалацце, Востраў, Людзвіноў, Смятанічы, Муляраўку, Коржаўку і аграгарадок Курыцічы. Некалькі  разоў у тыдзень выпадаюць камандзіроўкі ў Гомель і Мінск, куды Аляксандр Віктаравіч павінен даставіць хворых на далейшае абследаванне, лячэнне ці аперацыю. Напрыклад, толькі за сакавік яго “Газель” “набегала” каля чатырох тысяч кіламетраў.

Дарэчы, аўтамабіль атрымалі ў 2007 годзе, калі дзейнічала дзяржаўная праграма будаўніцтва аграгарадкоў, і частка бюджэтных сродкаў была накіравана на закуп абсталявання, транспарту і іншых неабходных рэчаў менавіта для вясковых медустаноў. Выглядае “газелька”  даволі добра. Менавіта таму, што гаспадар у яе надзейны. А калі патрэбны запчасткі, то Аляксандр Віктаравіч звяртаецца да загадчыка гаспадаркі ЦРБ Яўгена Куксы.

Свайго ўрача ў Курыціцкай амбулаторыі пакуль няма, таму па чарзе наведваюцца тэрапеўты з раённага цэнтра. У дзень нашага наведвання прыём вясковых хворых вяла Настасся Сазонава. Пакуль Аляксандр Віктаравіч даставіў урача ў амбулаторыю з Петрыкава, людзей назбіралася шмат, яны спакойна абмяркоўвалі надзённыя пытанні.

За сваю добрасумленнасць і прафесійнае выкананне абавязкаў Аляксандр Віктаравіч быў сёлета ўдастоены гонару прымаць удзел у раённым злёце перадавікоў, дарэчы, упершыню.

– Нарадзіўся і выхаваўся я ў Курыцічах, – расказвае Аляксандр Буднік. На вучэбна-вытворчым камбінаце набыў спецыяльнасць вадзіцеля. Пасля школы пайшоў на бензавоз у мясцовае сельгаспрадпрыемства. Праз год прызвалі на тэрміновую службу. Адслужыўшы два гады, зноў вярнуўся ў гаспадарку, дзе за “абаранкам” адпрацаваў дзесяць гадоў. У 2003 годзе прапанавалі пайсці ў амбулаторыю. З таго часу тут. Работа падабаецца.

Дома таксама ўсё добранадзейна. Жонка Марыя Іванаўна працуе ў школе настаўнікам геаграфіі. Дачка Алеся – студэнтка медыцынскага ўніверсітэта, ужо на 4 курсе.

Жыць і працаваць на вёсцы добра. Дастаткова тут і культурнага жыцця. Наш мясцовы клуб, дарэчы, вядзе добрую работу па арганізацыі і правядзенні шматлікіх мерапрыемстваў, канцэртаў. Ды і аграгарадок наш людны, шмат моладзі.

Поспехаў Вам, Аляксандр Віктаравіч, і лёгкіх дарог!

Інга ГІЛЕНКА.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о