Усё было амаль, як у дэтэктыве: спачатку тэорыя, потым пагоня, а напрыканцы  стрэлы. Не, нічога крымінальнага не здарылася, проста на базе ДТСААФ у межах акцыі “Сэрцам дакраніся да подзвігу!” быў арганізаваны конкурс прафесійнага майстэрства “Беларусі родныя сыны”. Удзел у  мерапрыемстве прынялі супрацоўнікі Петрыкаўскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС.

Спаборніцтвы прадугледжвалі выпрабаванні ў трох дысцыплінах: тэорыя правіл дарожнага руху, прыктыкаванні ў кіраванні аўтамабілем і стральбе з пнеўматычнай зброі. Варта адзначыць, што правяраў свае веды і навыкі таксама начальнік аддзялення Руслан Сцяпанаў, які, дарэчы, на ўсіх трох этапах быў у ліку лідараў.

У час тэарэтычнай праверкі ведаў ПДР у якасці суддзяў выступалі… камп’ютары. Але нават машына не здолела вызначыць лідара – тройка лепшых набрала аднолькавую колькасць балаў. Наступны этап, як і ў кінастужках, вызначылі некалькі секунд. Тут, канечне, не было ўцекачоў, але адбылася сапраўдная пагоня за лепшым вынікам. Сярод практыкаванняў, што прапанавалася выканаць        удзельнікам, была так званая змейка, якую трэба было праехаць не толькі перадам, але і задам, бакавая паркоўка, рух з прыпынкам на эстакадзе і заезд у габарытны дворык.

Шчыра кажучы, лепшы час на аўтадроме паказаў Руслан Сцяпанаў на службовай “Skoda Octavia”. Але, улічваючы, што машына для дзяржурства ахоўнікаў больш габарытная –  “Chevrolet Niva”, судзі вырашылі ўсё ж сыходзіць з заездаў на гэтым транспарце. Урэшце першае месца на гэтым этапе атрымаў вадзіцель групы затрымання Мікалай Поляк з вынікам 3 хвіліны 41 секунда. На 13 секунд павольней быў памочнік камандзіра ўзвода Аляксандр Карнейчык.

Заключным этапам мерапрыемства было спаборніцтва ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Тут самымі трапнымі аказаліся Руслан Сцяпанаў і Мікалай Поляк, што выбілі па 44 ачкі пяццю стрэламі.

Такім чынам, у спаборніцтвах прафмайстэрства трэці агульны вынік паказаў памочнік камандзіра ўзвода Аляксандр Карнейчык. Другім быў начальнік падраздзялення аховы Руслан Сцяпанаў, а перамогу святкаваў вадзіцель групы затрымання Мікалай Поляк.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

IMG_8288_1 IMG_8297 IMG_8315 IMG_8319 IMG_8322

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о