Вывучаем правілы бяспекіУ рамках другога этапу рэспубліканскай акцыі “У цэнтры ўвагі – дзеці!” выратавальнікі праводзяць тэматычныя мерапрыемствы ва ўстановах адукацыі раёна.

Інспектары прапаганды з дапамогай займальнай гульні “ Дзе логіка?” і наглядных прыкладаў расказваюць вучням для чаго неабходны аўтаномны пажарны апавяшчальнік, як правільна карыстацца вогнетушыцелем і што небяспечнага тоіць у сабе няспраўная печ. Пры кожнай сустрэчы супрацоўнікі пажарнай службы паўтараюць нумары экстранных службаў і нават тэлефануюць па тэлефоне “101” дыспетчару МНС, успамінаюць небяспечныя і бяспечныя месцы для гульняў. Пры неабходнасці работнікі службы “112” тлумачаць, што абазначаюць знакі эвакуацыі і як правільна паводзіць сябе ў выпадку пажару, для чаго патрэбны мабільны дадатак “ МНС Беларусі: дапамога побач”.
Спецыялісты службы выратавання праводзяць гутаркі з працоўнымі калектывамі ўстаноў адукацыі. Разбіраюць асноўныя прычыны надзвычайных сітуацый і дзеянні, якія неабходна выконваць, каб іх пазбегнуць.
– У многіх з вас дом абаграецца пры дапамозе печы. Наступаюць халады, а гэта значыць, каб пазбегнуць пажару, трэба паклапаціцца пра яе спраўны стан. Давайце пры дапамозе макета разбяром асноўныя парушэнні, – прапануе інспектар.
— У першую чаргу, не павінна быць расколін. Іх трэба замазаць, а корпус пабяліць. У абавязковым парадку перад топачнай адтулінай прыбіць металічны ліст. Прыбраць гаручыя матэрыялы і мэблю ад сцен печы. Перад пачаткам топкі прачысціць комін. Нельга карыстацца лёгкаўзгаральнымі і гаручымі вадкасцямі, – дзеляцца сваімі ведамі педагогі ўстановы.
Пасля пазнавальных гутарак выратавальнікі адпрацоўваюць эвакуацыю навучэнцаў і работнікаў школ. Па выніках мерапрыемстваў агучваюцца станоўчыя і адмоўныя моманты, выяўленыя ў час эвакуацый.
Часта ў пажарную аварыйна-выратавальную часць горада прыходзяць дзяўчынкі і хлопчыкі на экскурсію. Па традыцыі пачынаюцца мерапрыемствы з дэманстрацыі тэхнікі. Спецыялісты службы “112” распавядаюць і паказваюць, як карыстацца пажарным інструментам. Усе жадаючыя могуць адчуць сябе сапраўдным выратавальнікам: прымерыць баявую вопратку, апынуцца за рулём машыны агняборцаў і патушыць імправізаваны пажар пры дапамозе ствала.
– Такія мерапрыемствы пакідаюць шмат уражанняў у дзяцей і, вядома ж, школьнікі атрымліваюць карысныя веды правілаў бяспекі. Магчыма, камусьці мы дапамагаем з далейшым выбарам прафесіі, а нехта ў душы ўжо адчувае сябе будучым выратавальнікам, – падзяліўся начальнік варты Аляксандр Дашкевіч.

Святлана СОБАЛЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о