Не першы сезон у час гарачай пары жніва вадзіцелем на адвозцы зерня ў ААТ “Камаровічы” працуе Павел Чычыкайла.

Асноўным месцам працы Паўла Міхайлавіча з’яўляецца ДУА “Камаровіцкая сярэдняя школа”. Аднак па запрашэнні кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства мужчына штогод далучаецца да кагорты землякоў-аграрыяў, каб агульнымі намаганнямі своечасова і якасна прыбраць жніўныя палеткі і выканаць дзяржзаказ. Сёлетняе жніво для Паўла Міхайлавіча прайшло, як заўсёды, у што-дзённай працы з ранку да позняга вечара. Сціслыя часовыя межы ўборачнай кампаніі вымушаюць не лічыцца з асабістым часам. Старэнькі газон у клапатлівых руках Паўла Чычыкайлы працуе амаль без вымушаных прастояў, настолькі ўважліва і адказна мужчына ставіцца да тэхнікі. Ды што казаць, калі знешні выгляд аўтамабіля гаворыць сам за сябе: нарошчаныя барты і заладжаныя шчыліны ў кузаве – вынаходніцтва Паўла Міхайлавіча дзеля скарачэння колькасці рэйсаў, а значыць і часу на перавозку, а таксама максімальнага захавання збожжа пры транспарціроўцы з поля на зерняток.

Высокія вынікі – у зладжанай працы

Як зазначыла ў час размовы старшыня гаспадаркі Ларыса Талецкая, у гэтым увесь Павел Міхайлавіч – старанны, адказны, працавіты. І хоць у сельгаспрадпрыемстве ён лічыцца прыцягнутым сезонным працаўніком, да агульнай справы ставіцца зусім не як часовы работнік. Ды і калегі-механізатары не ўспрымаюць мужчыну як часовага работніка – раяцца, дапамагаюць, калі трэба. Яно і зразумела: толькі ў зладжанай працы дасягаюцца высокія вынікі. А працаваць наш герой любіць і ўмее, і дзяцей сваіх гэтай мудрасці жыццёвай навучыў. Дзеці, па словах Паўла Міхайлавіча, ягоны бацькоўскі гонар – усе трое набылі вышэйшую адукацыю: блізняты – урачы, яшчэ адзін сын – энергетык. І няхай сабе не прадоўжылі сямейнай дынастыі, галоўнае – спецыялісты ў сваёй справе яны добрыя і да людзей спагадлівыя.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о