Ёсць такія людзі, пра якіх абавязкова трэба распавесці іншым. Яны не знакамітасці, не, простыя палешукі, але шматгранныя, творчыя, маладыя душой. Пра аднаго такога чалавека раскажу вам, паважаныя чытачы. Зразумела, не хопіць газетнай паласы, каб умясціць увесь жыццёвы шлях гэтага мужчыны. Усё ж кораценька пра асноўныя моманты, якія некалі стануць гісторыяй Петрыкаўшчыны, напішу.

Валянцін Іванавіч з Лельчыцкага раёна. Выхоўваўся ў шматдзетнай сям’і. Дзяцей было сямёра, з якіх двое нарадзіліся пасля Вялікай Айчыннай вайны. Сярод іх быў і Валянцін. Бацька Валянціна Іванавіча быў кавалём у калгасе, маці – дамашняй гаспадыняй. За школьнымі ведамі Валянціну даводзілася штодзень крочыць па восем кіламетраў у адзін бок. Магчыма, гэта хада і загартавала яго, прывіла любоў да спорту.

ВЫШЭЙ У ГОРЫ, БЛІЖЭЙ ДА БОГА

Валянцін Іванавіч у студзені бягучага года размяняў свой сёмы дзясятак, але ў гэта ніяк не верыцца, бо ў час нашай сустрэчы я ўбачыла маладога, бадзёрага мужчыну.
– Я заўсёды сябраваў са спортам, – пачаў Валянцін Калеснік. – У час студэнцтва ў Віцебскім ветэрынарным інстытуце паказваў добрыя вынікі ў лыжных гонках, лёгкай атлетыцы. Уяві-це, што па 50 кіламетраў хадзіў на лыжах, а бег па 10 кіламетраў штодзень – было звычайнай ад-працаванай справай. Нават калі па размеркаванні трапіў на працу ў Жабінку, я працягваў бегаць.
Скарыла ў інстытуце маё сэрца мініяцюрная сціплая дзяўчына. Убачыў сваю Валянціну я ў час лекцыі па латыні. Я вырашыў для сябе, што яна будзе мая і не памыліўся ў выбары. Тры гады мы сустракаліся, і вось у 2020 годзе ў маі мы адзначым залатое вяселле. Жыццё праляцела імгненна. Ёсць што ўзгадаць і пра што расказаць.
На выбар ветэрынарнай спецыяльнасці паўплываў мой старэйшы брат Іван. Ён, дарэчы, прапанаваў мне і на Петрыкаўшчыну прыехаць. Так склалася, што Івана пасля саўгаса “Навасёлкі” забралі на павышэнне. Ён паехаў, а я прыехаў у Навасёлкі.

ВЫШЭЙ У ГОРЫ, БЛІЖЭЙ ДА БОГАГэта быў 1975 год. Паўтара гады адпрацаваў ветэрынарным урачом, пасля мяне перавялі на вызваленую пасаду сакратара парткама. Напэўна ўсе ведаюць, што Навасёлкі ў той час былі кузняй кадраў. Парахневіч быў дырэктарам. Ад яго мне і было даручэнне праехаць па вышэйшых навучальных установах і прывезці маладыя кадры ў наш саўгас. Даручылі – выканаў. Прывёз Куцко і ягоную жонку, Мельнікава, Краўцова, Казараўца, Чавусава, Вярэніча, Колбуна. Гэтыя людзі шмат зрабілі для Петрыкаўшчыны.
Адпрацаваўшы тры гады сакратаром парткама, мяне накіравалі ў Ганцавіцкі раён кіраўніком саўгаса “Адраджэнне”, дзе адпрацаваў дзесяць гадоў. Магу пахваліцца, што малако з гаспадаркі, якую я ўзначальваў, складала ў структуры ўсяго раёна 25%. Заўсёды імкнуўся працаваць на вынік.
На Петрыкаўшчыну зноў воляй лёсу вярнуўся, калі саўгас “Навасёлкі” падзялілі і стварылі ў Галоўчыцах калгас “Прагрэс”, які я і ўзначаліў у 1989 годзе. Гэта, зразумела, была вялікая памылка – падзяліць сельгаспрадпрыемства, бо эканоміка пачала падрывацца ў гэтай магутнай гаспадарцы – саўгасе “Навасёлкі”.

Але і ў “Прагрэсе” за дзевяць гадоў працы мне ўдалося шмат зрабіць для людзей. Я будаваў камунізм. Усё было для чалавека. Кожны працуючы, напрыклад, павінен быў толькі паказаць пальцам, дзе яго арганіка і насенне. Калгасная тэхніка здзяйсняла ўсе тэхналагічныя працэсы для пасадкі той жа бульбы: ад ворыва, пасадкі, апрацоўкі і да збору ўра-джаю. У кожным падворку людзі трымалі жывёлу, кароў, таму і кармы для іх былі бясплатныя – сена і салома, зерне. У калгасе працавалі 232 чалавекі. Заработак у нас быў адным з лепшых у раёне.

Вось гэта вуліца Акцябрская забудоўвалася пры маім кіраўніцтве. Дзевяць дамоў па правым баку пры ўездзе ў вёску ўзведзены па адным праекце. І мой дом увайшоў у гэты план будаўніцтва. Тут мы прыжыліся і па сёння не пакінулі гэту сядзібу. Тут выраслі нашы сыны, цяпер наведваюцца разам са сваімі сем’ямі. Летам гасцююць нашы ўнукі.
Галоўчыцы – цудоўная вёска. Менталітэт людзей тут такі, што ніхто ніколі чужога не возьме. Ціхія, памяркоўныя людзі, добрыя суседзі.
Шмат можна распавядаць, як будавалі мы гэту вялізную сажалку, міні-возера, якое і да сёння не зарасло чаротам, з’яўляецца добрым месцам для адпачынку вяскоўцаў.
Шкада, зразумела, што закрылі школу. У час майго кіраўніцтва ў ёй навучаліся 153 дзіцяці.

У 1998 годзе мне прапанавалі пасаду ў Гомелі ў абласной ветэрынарнай службе. Згадзіўся. Вось толькі мая Валянціна не згадзілася на пераезд. І за гэта я ёй вельмі ўдзячны. Гэты дом захаваўся дзякуючы ёй. Яна сама заўсёды вяла гаспадарку. Стварала мне ўсе ўмовы для працы і для маіх любімых заняткаў. І працягвае жыць у такім рэжыме.
Наш старэйшы Алег стаў урачом-хірургам, нявестка – урач-педыятр. Унучка Віялета пасля заканчэння Віцебскага педуніверсі-тэта паступіла ў Курскую мастацкую іконапісную майстэрню. Унук Іван – студэнт Віцебскага медуніверсітэта. Васіль і Сярожа яшчэ школьнікі.
Малодшы наш сын Андрэй стаў айцішнікам. У яго сям’і пакуль адна Палінка. Унучцы 10 гадоў.
Заўсёды традыцыйна дзеці і ўнукі прыязджаюць да нас. Тут лазня, духмяны мёд ад нашых пчолак, цудоўная атмасфера.
Усё ж мая душа таксама цягнецца на малую радзіму. Ёсць у нас месца радавое, дзе мы, трое братоў (нас засталося трое), штогод збіраемся і адпачываем душой. Гэта ўрочышча Міхееў на Лельчыцкай зямлі. Некалі там мой дзед Афанасій жыў, але ў 1928 годзе яго раскулачылі і саслалі ў Стадолічы. Да сёння там стаіць вялізны камень, кілаграмаў на 800. З яго, як мы вызначылі, дзед збіраўся зрабіць жорны, але не паспеў давесці справу да канца.

– Валянцін Іванавіч, ведаю, што Вы займаецеся фотасправай. Раскажыце, калі ласка, пра сваё захапленне.
– Так, займаюся гэтым з дзяцінства. Спачатку ў мяне быў фотаапарат “Змена”, пазней “Зеніт”. Я здымаў у студэнцтве сваіх аднакурснікаў. Цяпер у мяне больш сур’ёзная апаратура, лічбавая, дарагая.
Я з’яўляюся ўдзельнікам клуба фатографаў “Свет душы”, што пры Гомельскай епархіі. Так сказаць, са старой гвардыі нас 13 чалавек, але ўсё больш суполка папаўняецца маладымі майстрамі.
Настаяцель храма “Усіх тужлівых радасцяў” айцец Вадзім – наш духоўны настаўнік. За гэтыя гады я наведаў шмат краін: здымалі краявіды нашай роднай Беларусі, затым былі Карпаты, Хібіны (Запаляр’е), Шры-Ланка, В’етнам, Грузія. Сёлета ў чэрвені былі ў Кіргізіі. Кожная краіна па-свойму ўнікальная. У свае семдзесят я нагрувашчаюся дзясяткамі кілаграмаў фотатэхнікі і ўздымаюся ў горы. Тое, што атрымліваецца, можа кожны ўбачыць і ацаніць, наведаўшы мой акаўнт у “Одноклассниках”.
Чырвоная нітка маёй творчасці – праваслаўе. Шукаю паэтызм у простым быце шматлікіх народнасцяў. Мяркую, у мяне няблага гэта атрымліваецца.
Ёсць яшчэ моц вандраваць, ісці вышэй. Ды і прафесійную дзейнасць пакуль не спыняю: працую на мытні інспектарам дзяржветнагляду.

– Дзякуй, Валянцін Іванавіч, за сустрэчу і цікавы аповед. Буду назіраць за Вашай творчасцю. Здароўя Вам і Вашым блізкім, шчасця ў сям’і, павагі і кахання!

Інга ГІЛЕНКА.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о