Менавіта гэтымі словамі “вялікага камбінатара” Астапа Бэндара мне хочацца пачаць артыкул. І хоць з падзей, апісаных Ільёй Ільфам і Яўгеніем Пятровым прайшло ўжо каля стагоддзя, “камбінатары”, вялікія і малыя, сталыя і маладыя не засталіся на старонках рамана архаічнымі персанажамі. Наадварот, іх дзейнасць, з дапамогай інтэрнэту, з году ў год буйнее, акумулюючыся ў зводках аператыўнікаў.

Цікава назіраць за рэакцыяй лю-дзей на гісторыю, у якой чалавек паведамляе незнаёмцу рэквізіты сваёй карткі, ці пераводзіць на чужы рахунак пэўную, часам даволі ўнушальную, суму грошай. І чым сума болей, тым больш шырокія ўсмешкі выклікае чарговы факт неабачлівасці ў суразмоўцаў. Маўляў, як жа так, не праверыўшы, зрабіў перавод сваіх нялёгка заробленых?..

Выратаванне тапельцаў –  справа рук саміх тапельцаў?Так, прызнацца, рэагаваў і я, мяркуючы, што грашовыя транзакцыі махлярам ажыццяўляюць толькі недасведчаныя і наіў-ныя людзі. Але мінула не шмат часу і прыйшлося прызнацца самому сабе ў памылцы. Махляры хіба не штодзень нагадвалі пра сябе: адзін, другі трэці сябра так ці інакш цярпелі ад кібер-злачынцаў. Што казаць, і я, неяк захапіўшыся нібыта гульнёй-акцыяй у інтэрнэце і, канешне, “выйграўшы” тысячу рублёў, прыпыніў свой азарт толькі тады, калі “гульня” прапанавала мне пакінуць рэквізіты карткі для “пераводу” выйгранай сумы.

Працягваць можна доўга, але гэты аповяд я пачаў з іншай нагоды. Махляр адрозніваецца ад злодзея тым, што падманам вымушае людзей добраахвотна аддаваць свае грошы ці рэчы. Таму, жадаем мы гэтага ці не, віна ў здарэнні часткова ляжыць і на ашуканых людзях. Мноства няшчасцяў выпадаюць на нашую долю менавіта з-за думкі: “ды з кім заўгодна, толькі не са мной!”.

У мяне дрэнныя навіны, сябра: калі ты лічыш сябе разумнейшым за махляра, то злачынца ўжо цябе ашукаў. Трапіш у поле зроку “камбінатара” ці не – пытанне выпадку, бо пакуль ты чытаеш гэтыя радкі, махляры, хутчэй за ўсё, ужо абдумваюць новую схему падману. Асобна трэба звярнуцца да катэгорыі грамадзян, якія заўсёды шукаюць прычыну здарэння ў грамадскіх інстытутах. Маўляў, міліцыя не дагледзела, сацыяльныя службы не патлумачылі. Поўнае перакладанне адказнасці на іншых і не гатоўнасць прызнаць уласныя памылкі – найлепшая глеба для махляроў.

Напэўна, большасць прачытаўшых гэты матэрыял, так нічога і не зробіць. Справа звыклая, ды і радкі гэтыя могуць здацца недастаткова пранікнёнымі для скептыкаў. Астатнім жа я прапаную цікавую гульню: калі выпадзе вольная хвіліна, пастаўце сябе, калі ласка, на месца сучаснага Астапа Бэндара і падлічыце ўсе магчымыя сітуацыі, у якіх камбінатар мог бы вас ашукаць. Можаце пачынаць, напрыклад, з карыстання вольным Wi-Fi-ем ці пакінутым на некалькі хвілін на століку ў кафэ телефонам. Узгадаць, наколькі складаныя паролі вы выкарыстоўваеце ў сервісах, дзе можна разлічвацца карткай. Дапускаю, што ёсць людзі, якія шчыра адкажуць: я дасведчаны, я зрабіў усё магчымае, каб забяспечыць уласную бяспеку. Тады ў мяне ёсць больш складаная прапанова: падлічыце цяпер колькі разоў можна было б ашукаць вашых шчырых, добрых і даверлівых блізкіх… Няўжо ніводнага? Магчыма, прыйшоў час чарговым разам дасканала патлумачыць ім да чаго даводзіць звышдаверлівасць і неабачлівасць. Не на адзіным, сапраўды смешным на мой погляд, прыкладзе наіўнай жанчыны і экстрасэнса, а з вопыту, хаця б, нашай гульні-думкавага эксперыменту?
Зрэшты, калі ўсё ж лічыце, што вас гэта не кране, я скончу позіркам у бок ужо неаднойчы ўзгаданага Астапа. Многім здаецца, што славуты махляр і авантурыст, які “ведаў чатырыста параўнальна сумленных спосабаў адабрання грошай” – збіральніцкі персанаж. Менш чытачоў ведаюць, што ў Бэндара былі рэальныя правобразы, і, пэўна, адзінкі чулі, што аднаго з такіх прататыпаў, Тургуна Хасанава, арыштавалі ў жніўні 1925 года ў Гомелі.

Дагэтуль, махляр, назваўшыся старшынёй Цэнтральнага выканаўчага камітэта Узбекістана, спачатку папрасіў справіць яму новыя дакументы ў Сімферопальскім ЦВК, потым такім жа чынам абкруціў вакол пальца кіраўніка Цэнтральнага выканкама БССР Аляксандра Чарнякова, “пазычыўшы” на адваротны шлях унушальную, для таго часу, сумму ў 500 рублёў. Ва Узбекістан махляр, вядома, не паехаў, а накіраваўся ў Гомель. Расказаўшы ў губернскім выканакаме вядомы драматычны сюжэт сваёй “паездкі”, “камбінатар” быў заселены ў лепшыя апартаменты галоўнай гомельскай гасцініцы “Савой”. Без чарговай “пазыкі” на дарогу не абыйшлося. Больш таго, гомельскія чыноўнікі ўвечары, з нагоды візіту высокага госця, зладзілі шыкоўны банкет.
Невядома, колькі мог бы працягвацца гэты махлярскі ваяж, калі б начальнік гомельскай міліцыі Матвей Хаўкін не засумняваўся ў рэчаіснасці гісторыі і, галоўнае, паходжанні дакументаў. У часопісе “Чырвоная ніва” аператыўнік знайшоў фотакарткі ўсіх кіраўнікоў саюзных рэспублік. Сярод партрэтаў, канешне, не было візіцёра, і ў гасцініцу была накіравана аператыўная група.

Гісторыю гэтую я распавядаю не з прычыны захаплення інтуіцыяй ахоўніка правапарадку, няхай выбачаюць мяне міліцыянеры. Магчыма, гэты прыклад дапаможа зразумець, што сучасны “таварыш Бэндар” ужо чакае неабачлівасці і неапраўданага даверу, а інтэрнэт дазваляе махляру быць за сотні, ці нават тысячы кіламетраў ад сваёй ахвяры. Хто ведае, магчыма пільны Астап ужо сочыць за мной, ці вамі? Дык ці можа быць залішняй асцярожнасць?

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о