Выратавальнік Дзмітрый Амельчанка: «Большасць надзвычайных сітуацый выкліканы чалавечым фактарам»

0
1011

Штогод 19 студзеня выратавальнікі нашай краіны адзначаюць сваё прафесійнае свята. З гэтай нагоды мы пагутарылі з начальнікам пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 15, што знаходзіцца ў Мышанцы, Дзмітрыем Амельчанкам.

Выратавальнік Дзмітрый Амельчанка: "Большасць надзвычайных сітуацый выкліканы чалавечым фактарам"Дзмітрый Уладзіміравіч пачаў расказваць пра сябе даволі сціпла. Здаецца, гэтая стрыманасць уласцівая хіба ці не ўсім выратавальнікам.

“Нарадзіўся я ў вёсцы Вялаўск. Скончыўшы школу, паступіў у ГПТВ № 188, што ў Лельчыцах. Так я атрымаў спецыяльнасць майстра сельгасмашын, правы кіравання машынай і трактарам. У 2004-2006 гадах праходзіў тэрміновую службу ў арміі, а пасля ўладкаваўся ў “Палессе-Аргаінвест” і тры гады працаваў у сельскагаспадарчай галіне.
Стрыечны брат Аляксандр Голас, што працаваў на той час у лясной гаспадарцы ў Мышанцы, звярнуў маю ўвагу на той факт, што ў калектыве мышанскіх выратавальнікаў, магчыма, з’явіцца вакансія вадзіцеля. Я спачатку да гэтай інфармацыі аднёсся не надта сур’ёзна, маўляў, маю работу на малой радзіме, набыў аўтамабіль, што яшчэ трэба? Але бацькам пра прапанову распавёў – яны і пераканалі паспрабаваць, бо прафесія высакародная і прэстыжная”.

Адзін з накірункаў работы начальніка пажарнага аварыйна-выратавальнага паста – прафілактычная дзейнасць.
“Прыкладна 80% жыхароў Мышанскага сельвыканкама ўважліва ставяцца да парад і прадпісанняў супрацоўнікаў пажарнай службы. Да астатніх мы шукаем індывідуальны падыход: тлумачым, прыводзім прыклады, пераконваем”, – зазначыў Дзмітрый Амельчанка.

Так, Дзмітрый Амельчанка прайшоў камісію, але ў гэты час выратавальнік падоўжыў свой кантракт і патрэба мышанскага ПАВП № 15 ў вадзіцелі адцягнулася на год. Разам з тым, малады чалавек ужо быў настроены змяніць сферу дзейнасці і ў наступным годзе ўсё ж такі ўладкаваўся на новае месца працы, што стала, як высветлілася, лёсавызначальным.

Спачатку выратавальнік жыў у родным Вялаўску і дабіраўся да месца службы на машыне – 80 кіламетраў у зімовы час праз горад Мазыр, ці 60 кіламетраў у летні сезон праз паромную пераправу. У 2012 годзе Дзмітрый пазнаёміўся з мясцовай дзяўчынай Аленай, што навучалася ў Мазырскім педагагічным універсітэце, а ў студзені 2013 года маладыя людзі зладзілі вяселле. З’явілася ведамаснае жыллё. Неўзабаве ў сям’і нарадзіўся сын Аляксей, якому зараз 9 гадоў, а ў снежні 2021 года – дачка Вікторыя.
Паралельна Дзмітрый Уладзіміравіч завочна атрымліваў адукацыю ў філіяле Універсітэта грамадзянскай абароны ў Гомелі.

“Маленькае дзіця, адказная служба, сельская мясцовасць напаўнялі жыццё клопатамі, але родныя падтрымлівалі, урэшце я атрымаў дыплом аб вышэйшай адукацыі і лейтэнанцкія пагоны. Праз некаторы час быў прызначаны на пасаду начальніка свайго пажарнага аварыйна-выратавальнага паста”, – узгадаў суразмоўца.

У падпарадкаванні Дзмітрыя Амельчанкі – 7 чалавек. Калектыў, як адзначае начальнік, згуртаваны: “У большасці выратавальнікаў выслугі больш, чым у мяне. Вядома, вучоба дала мне неабходныя тэарэтычныя веды, а на месцы ў справе дапамагае разабрацца мой былы начальнік Анатолій Альха, які працягвае службу ў нашым калектыве.

З 2010 года я памятаю многія выезды, але пра здарэнні, што засталіся ў памяці, не варта расказваць на старонках газеты – не кожны вытрымае чытаць пра бяду ў дэталях. Хацелася б засяродзіць увагу чытачоў на галоўным: большасць надзвычайных сітуацый выкліканы чалавечым фактарам. Падпальванне мінулагодняй расліннасці, пажары з-за неасцярожнага абыходжання з агнём, ДТЗ з істотнымі пашкоджаннямі транспартных сродкаў па віне нецвярозых вадзіцеляў – гэта няпоўны спіс несуцяшальных выпадкаў, якіх можна было б пазбегнуць пры належнай адказнасці за ўласную бяспеку кожнага грамадзяніна”, –падзяліўся Дзмітрый Уладзіміравіч.

Напрыканцы нашай гутаркі выратавальнік пажадаў калегам “сухіх рукавоў”. Калектыў рэдакцыі далучаецца да віншаванняў і дзякуе спецыялістам пажарнай службы за іх нялёгкую, але патрэбную справу.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о