бабунічы2

Лінейка з нагоды апошняга званка ў мінулым ужо навучальным годзе ў Бабуніцкай сярэдняй школе прайшла пад знакам падарожжа пад ветразямі. Для большага эмацыйнага ўздзеяння на выпускнікоў, якіх якраз і чакае наперадзе гэткае падарожжа, змайстравалі макет парусніка, на чатырох, праўда, колах, але з надзіва сімвалічным надпісам: “Выпускнік. Мара. Жыццё”. Шаноўны чытач можа сам скласці з гэтых слоў прыгожыя ідэйныя сказы кшталту “Мара выпускніка – жыццё” або “Выпускнік жыве марай”…

Само ж дзейства з водарам марскога брыза адбывалася, як назвалі пляцоўку ля будынка школы вядучыя, у адмысловай бухце.

Дырэктар школы Уладзімір Герасіменка павіншаваў вучняў і педагогаў з заканчэннем навучальнага года, уручыў сёлетнім пераможцам і прызёрам конкурсаў, спаборніцтваў, алімпіяд, лепшым вучням і актывістам дыпломы, граматы і лісты падзякі. Як ён затым расказаў у гутарцы, узнагародны багаж калектыву школы за гэты год быў досыць унушальным. Тут 2 месца ў абласным  адкрытым  конкурсе  “Марым аб прафесіі”  Андрэя Раўкоўскага, 3 месца ансамбля  “Вясковыя  музыкі”  ў аглядзе-конкурсе  дзіцячай  творчасці “Здравствуй, мир!”, Дыплом І ступені  Уладзіслава  Дзямідкі ў абласной юрыдычнай алімпіядзе, шэраг дыпломаў вучняў у рэспубліканскай і абласной алімпіядах па навучальных прадметах, ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца”.

бабунічы3

Паліна  Сідарава была лепшай у конкурсе “Жывая класіка”, Юлія Слесарава – у конкурсе сачыненняў эпісталярнага жанру, Уладзіслаў Дзямідка – у конкурсе даследчых работ “Пошук”.

Настаўнікі Ніна Кот і Юлія Радкевіч занялі першае месца ў раённых зімовых спаборніцтвах “Вялікія гонкі” сярод работнікаў адукацыі, Валянціна Некрашэвіч стала ўладальніцай Дыплома ІІІ ступені ў раённых пакроўскіх адукацыйных і педагагічных чытаннях “Праваслаўе і сучаснасць”, Ніна Кот атрымала Дыплом ІІІ ступені ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Суперважаты”.

 На ўрачыстасць завіталі і госці. Ад мясцовага сельвыканкама падарунак – валейбольныя сетку і мяч –уручыла дырэктару школы кіраўнік справамі Кацярына Троцкая. Пажадаў вучням школы і настаўнікам добрага адпачынку ўлетку, а выпускнікам – паспяховай здачы экзаменаў і ўдалага выбару будучыні спецыяліст мясцовай гаспадаркі “Запаветы Ільіча” Мікалай Панцюк.

Канечне, па традыцыі у цэнтры ўвагі былі менавіта адзінаццацікласнікі. Зразумела, бо гэта іх апошняя школьная лінейка. Ім адрасавалі шчырыя словы таксама першая настаўніца, класны кіраўнік, бацькі, першакласнікі. Былі песні, вершы, школьны вальс, абмен падарункамі. Дарэчы, выпускнікі падаравалі школе алею з 11 туй – як напамін пра кожны пражыты ў школе, канечне ж, шчаслівы год.

бабунічы1

І зусім хутка яны пойдуць у сваё поўнае прыгод і цікавых імгненняў самастойнае плаванне, як тыя залатыя зорачкі-шары, што яны выпусцілі ў сіняе майскае неба над роднай вёскай.

Іх жа малодшых сяброў чакае насычанае падзеямі лета. Як расказаў Уладзімір Герасіменка, улетку ў школе будуць працаваць тры лагеры – два аздараўленчыя: дзённага знаходжання і перасоўны турысцкі, а таксама працоўны на базе КСУП “Запаветы Ільіча”. 10 вучняў школы неўзабаве прымуць удзел у абласным этапе гульні “Зарніца” ў Жлобіне.

Галоўнае, каб час гэты вучні і педагогі  правялі карысна. Тое мы ім шчыра жадаем!

Пятро ШАДУРА.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о