У Беларусі ўстаноўлена выплата штогадовай матэрыяльнай дапамогі асобным катэгорыям грамадзян да Дня Перамогі.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 21 ліпеня Указ № 281 “Аб выплаце штогадовай матэрыяльнай дапамогі асобным катэгорыям грамадзян да Дня Перамогі”. Пра гэта паведамляе прэс-служба Кіраўніка дзяржавы.

Матэрыяльная дапамога ветэранам у Беларусі да 2021 аказвалася напярэдадні юбілейных дат Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Адпаведна падпісанаму Указу, устанаўліваецца дадатковая сацыяльная падтрымка ў выглядзе выплаты штогадовай матэрыяльнай дапамогі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і некаторым катэгорыям грама-дзян, якія пацярпелі ад наступстваў вайны, у сувязі са святкаваннем Дня Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Памер штогадовых выплат, згодна з Указам, будзе вызначацца Саветам Міністраў, кры-ніца фінансавання – рэспубліканскі бюджэт.
Указ стаў выражэннем удзячнасці і глыбокай павагі з боку грамадства і дзяржавы ветэранам і асобам, якія пацярпелі ад наступстваў вайны. Прыняцце дакумента дазволіць годна арганізаваць ушанаванне гэтых катэгорый грамадзян у сувязі са святкаваннем Дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Міністэрства працы і сацыяльнай абароны пракаменціравала, каму канкрэтна належаць выплаты. “З 2022 года матэрыяльную дапамогу да Дня Перамогі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і асобы, якія пацярпелі ад наступстваў вайны, будуць атрымліваць штогод”, – адзначылі ў Мінпрацы.

Указам устаноўлена, што матэрыяльная дапамога будзе прадастаўляцца Героям Савецкага Саюза; інвалідам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны; асобам, якія прымалі ўдзел у 1943-1945 гадах у размініраванні тэрыторый; узнагароджаным ордэнамі або медалямі СССР за самаадданую працу i бездакорную воiнскую службу ў тыле ў гады вайны; асобам, якія працавалі на аб’ектах супрацьпаветранай абароны і на прыфрантавых участках чыгунак; “Блакаднікам” Ленінграда; інвалідам з дзяцінства ў выніку вайны; членам сем’яў ваеннаслужачых, якія загінулі ў гады вайны: мужу і жонцы, што не ўзялі новы шлюб, дзецям-інвалідам з дзяцінства, іншым утрыманцам, калі да пенсій гэтых асоб устаноўлена павышэнне па ўказанай падставе; былым вязням фашызму, калі да пенсій гэтых асоб устаноўлена павышэнне па ўказанай падставе.

У Мінпрацы ўдакладнілі, што памер матэрыяльнай дапамогі, а таксама перыяд яе выплаты штогод будуць устанаўлівацца Урадам па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Сёння ў рэспубліцы пражывае 14 тысяч чалавек, якім, згодна з Указам, прадугледжана выплата матэрыяльнай дапамогі, пачынаючы з 2022 года.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о