IMG_4331_1Новагалоўчыцкая ферма ў ААТ “Навасёлкі” заўсёды ў лідарах. 950 галоў жывёлы абслугоўваюць 19 чалавек. Тут знаходзіцца і маладняк, і дойны статак. Толькі бычкоў на адкорме стаіць у сярэднім 300 галоў. Сюды нават прымаюць цялят з навасёлкаўскай і ванюжыцкай фермаў.
Загадчыца фермы Надзея Сянько сваім калектывам задаволена. Дысцыпліна і адказнасць тут асноўныя складальнікі выніковасці працы. Прывагі за мінулы год дасягалі 800 грамаў у суткі. А надоі – 5112 літраў у год на карову. Прычым гэта амаль на тысячу больш папярэдняга года.
Летась жывёлавод Сяргей Сянько стаў трэцім у раёне па атрыманні прываг на замацаванай групе. Добрыя вынікі маюць таксама Міхаіл Хадасок і Яўген Крывалап.
Свой важкі уклад у агульныя вынікі даюць і механізатары Ілья Скрыпка і Дзмітрый Якімовіч, якія падвозяць і раздаюць кармы і ваду.
За мінулы год 65% малака было рэалізавана гатункам “экстра”, і толькі 8% – першым. Працуюць на даенні чатыры даяркі і адна падменная. Валянціна Сокал летась ад кожнай каровы ў сярэднім надаіла 6130 літраў малака, Аксана Крывалап – 5033 літры, Валянціна Гарыцкая – 4700, а Жанна Лагута – 4600. Дапамагае ім зменшчыца Галіна Амельчанка. Паказчыкі выдатныя. Гэта атрымалася з-за ўвядзення ў дойны статак вялікай колькасці цялушак.
Дзякуючы ў тым ліку адказнасці і прафесійнасці тэхніка-асемянатара Ірыны Лабада (на здымку) летась на 100 кароў выхад цялят склаў 83 галавы.

 Загадчыца фермы Надзея Сянько
Загадчыца фермы Надзея Сянько
Даяркі Аксана Крывалап, Валянціна Сокал, Галіна Амельчанка і Валянціна Гарыцкая
Даяркі Аксана Крывалап, Валянціна Сокал,
Галіна Амельчанка і Валянціна Гарыцкая

– Калі называць тых, ад чыёй добрасумленнай працы залежаць добрыя паказчыкі, то трэба пералічыць усіх працаўнікоў фермы, – зазначае Надзея Леанідаўна. – Працуем дружным і зладжаным калектывам. Але праблем на ферме, зразумела, хапае. Усё трэба своечасова кантраляваць і прымаць меры. Тут найперш мне ў падтрымку памочнік загадчыка фермы Аксана Гумар. Будынкі ў нас старыя, але імкнёмся падтрымліваць іх у належным стане. Вокны ў хлявах забіваем поліэтыленам, каб не было скразнякоў і жывёла стаяла ў цяпле. Праўда, пакуль не хапае ў гаспадарцы грошай на вапну, каб аднавіць сцены. Ды і тэхніка не заўсёды паспявае падвезці салому для падсцёлу. Але наколькі можам, трымаем чысціню. Нават галінкі хваёвыя развешваем. Яны і паветра дызэнфікуюць, і ўпрыгожваюць, і вітамінныя дабаўкі жывёле. Працуем дружна і старанна, бо разумеем, што ад гэтага залежаць нашы зарплаты.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о