Падвядзенне вынікаў работы камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама за мінулы год адбылося 11 лютага на раённай канферэнцыі, якая сабрала ў актавай зале сярэдняй школы № 2 прадстаўнікоў адміністрацый школ і бацькоўскіх камітэтаў.

Сямейная нядобранадзейнасць, гібель дзяцей, правапарушэнні і злачынствы сярод непаўналетніх былі прааналізаваны, агучаны вынікі праведзенай за год суб’ектамі прафілактыкі работы. Намеснік старшыні райвыканкама, старшыня камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Дзяніс Хулуп пазначыў, што летась на пасяджэннях камісіі была разгледжана 161 адміністрацыйная справа, 44 з іх у адносінах бацькоў, якія нядобрасумленна выконвалі свае абавязкі. Скончана папярэдняе следства па 5 злачынствах, якія ўчынілі непаўналетнія. Як сведчыць статыстыка, у параўнанні з папярэднім годам гэтыя лічбы зніжаны на траціну. Паменшылся таксама колькасць выяўленых выпадкаў распіцця непаўналетнімі спіртных напояў – з 67 да 50.

IMG_8609

Агучыўшы тэму Дэкрэта № 18, Дзяніс Хулуп пазначыў, што цяпер у раёне ў сацыяльна небяспечным становішчы пражываюць 167 непаўналетніх з 73 сем’яў. За мінулы год 109 дзяцей былі зняты з уліку ў сувязі з ухіленнем прычын нядобранадзейнасці. 118 непаўналетніх аднесены  летась да катэгорыі тых, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а 19 – маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне і былі змешчаны на дзяржаўнае забеспячэнне. У адносінах 12 дзяцей іх бацькі былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў. І толькі 4 бацькоў змаглі летась узнавіць свае правы, былі вернуты ім 6 дзяцей.

Тэму папярэджання злачынстваў сексуальнага характару ў адносінах непаўналетніх асвяціў следчы Следчага камітэта Андрэй Вашкевіч. Летась адбыўся рост такіх злачынстваў. З-за закрытасці інфармацыі такія злачынствы не абмяркоўваюцца, каб абараніць інтарэсы і правы дзіцяці. Але існаванне такіх фактаў павінна прымусіць усіх быць пільнымі. У першую чаргу, да змяненняў у паводзінах дзяцей, іх новых знаёмых, у тым ліку па сацыяльных сетках.

Псіхолаг цэнтральнай раённай бальніцы Алена Таміловіч закранула тэму гвалту ў сям’і, суіцыдальных паводзінаў падлеткаў, праілюстраваўшы гэта  малюнкамі дзяцей. Спыніўшыся падрабязней на сексуальным насіллі, спецыяліст пазначыла яго прыкметы і наступствы.

Да выступленняў далучыліся таксама дырэктар раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Таццяна Шпак, інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Наталля Губар, інспектар аддзялення ДАІ Уладзімір Дзегцяроў, інспектар прапаганды РАНС Мікіта Лявонаў, начальнік выратавальнай станцыі Андрэй Галіцкі.

Падводзячы вынікі канферэнцыі і работы суб’ектаў прафілактыкі за год, намеснік пракурора раёна Павел Ярмаш пазначыў, што нягледзячы на станоўчую дынаміку ў лічбах праводзімая работа недастаткова выніковая. Як адзін з прыкладаў, аналіз злачыннасці сярод непаўналетніх: агульная колькасць злачынстваў зніжана, крадзяжоў стала менш, але былі зарэгістраваны факты незаконнага абароту наркотыкаў і захавання з мэтай распаўсюджвання парнаграфічных матэрыялаў.

Адзначаецца тэндэнцыя зніжэння адказнасці бацькоў за выхаванне сваіх дзяцей. Перакладанне ж віны з іх боку на суб’екты прафілактыкі недапушчальна.

Пракурорскія праверкі на працягу году выявілі шэраг недахопаў у рабоце інспекцыі па справах непаўналетніх, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай   абароне райвыканкама, таварыства выратавання на водах, камісіі па справах непаўналетніх, цэнтральнай раённай бальніцы, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Працягваецца праверка дзейнасці аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Паміж выступленнямі ўдзельнікаў канферэнцыі дэманстраваліся відэаролікі на тэмы, што тычыліся мерапрыемства. Напрыканцы сустрэчы з канцэртнымі нумарамі выступілі юная спявачка Наталля Козел і танцавальны калектыў “Экшэн”.

IMG_8620 IMG_8637

Алена БРУЦКАЯ.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о