Напярэдані майскіх святаў, да якіх часцей за ўсё дапасуецца і Радаўніца, у старшынь сельскіх Саветаў амаль што самая напружаная пара добраўпарадкавання. Нават калі апошнія цёплыя зімы дазваляюць і ў каляндарна халодныя месяцы не спыняць правядзенне санітарных дзён, работы хапае. Бо асаблівая ўвага ў гэты час надаецца помнікам і месцам пахавання часоў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама грамадскім могілкам.

На адзін з такіх санітарных дзён у Мышанскім сельскім Савеце па ўборцы церабаўскіх могілак трапілі і мы. Працуючыя тут людзі пазначылі, што асабліва маштабным гэты працоўны дзесант назваць нельга. Так звычайна і бывае – чалавек 20, тэхніка ўчастка камунальнай гаспадаркі і аддзялення УП “Палессе-Аграінвест”.
І хаця з дарогі могілкі здаваліся чыстымі, працы ў той дзень было нямала.

Напярэдадні альпіністамі былі выдалены некалькі спарахнелых дубоў, у іншых падрэзалі ніжнія галіны. Усё гэта і і выносілі людзі, грузілі на трактар ЖКГ, што вывозіў драўніну ў кацельню. Іншае смецце накідаў у прычэп пагрузчык сельгаспрад-прыемства.

Вынікі акрэслівае актыўнасць насельніцтва
Старшыня сельскага Савета Ірына Баяшэнка расказала, што фактычна на ўсіх могілках не засталося аварыйных дрэў:
– Тут, у Церабаве, усе дрэвы, з якімі не магло дапамагчы лясніцтва, былі зрэзаны альпіністамі. Мясцовая стараста Наталля Фаміна на працягу апошніх двух гадоў сабрала патрэбныя сумы і цяпер гэтыя работы амаль завершаны. У Беседках сітуацыя была намнога складаней. Тут давялося два гады таму выдаляць 34 дрэвы. Таксама метадам альпінізму. Усё – за сродкі самаабкладання. Працай з жыхарамі вёскі тут займаўся стараста Генадзь Шэўка. А сёлета сабралі грошы і на 22 пралёты агароджы. Мясцовае прадпрыемства “Алькомбудлес” дапамагло з піламатэрыяламі, так атрымалася намнога танней.

Складана давялося і з выдаленнем дрэў на могілках у Кацурах. Знаходзячыся ў лясным ма-сіве, дрэвы на могілках былі пашкоджаны караедам. Выдаляць давялося амаль усе хвоі. У Мышанцы грамадскія могілкі сельскаму Савету дапамагло прывесці ў парадак мясцовае лясніцтва і яго ляснічы Уладзімір Гурыновіч, што з’яўляецца дэпутатам сельскага Савета. Тут дапамога альпіністаў не спатрэбілася.

Адзначыла Ірына Мікалаеўна не толькі арганізаванасць насельніцтва для фінансавання работ на грамадскіх могілках, але і адказнасць за парадак увогуле. Цяпер не ўзнікае праблемы несанкцыяваных звалак, смецце зносяць у адведзенае месца. А таксама самі турбуюцца пра тое, каб не даць ходу дзікай пораслі, выдаленне якой праз некалькі гадоў будзе каштаваць грошай.

На тэрыторыі Савета ўжо закончаны капітальныя рамонты помнікаў і пахаванняў. Застаецца толькі падтрымліваць іх у належным стане. Старшыня Савета расказала, што цяпер зроблена новая шыльда для помніка ў Беседках, дзе пазначаны і новыя імёны загінулых. У гэтыя дні ідзе рамонт сцежкі да помніка ў Мышанцы. Некалі ў час добраўпарадкавання Петрыкава дэпутат раённага Савета ад мышанскай акругі Уладзімір Раманюк дапамог атрымаць для патрэб сельскага Савета выкарыстаную раней тратуарную плітку. Цяпер работнікі ўчастка ЖКГ выклалі яе каля помніка.
У час рэспубліканскага суботніка закончыліся ўсе работы па навядзенні парадку на пахаваннях воінаў і загінулага насельніцтва, каля помнікаў. Ірына Мікалаеўна адзначыла, што жыхары вёсак, работнікі ўсіх арганізацый арга-нізавана выйшлі на суботнік. Папярэдне быў распарацаваны план правядзення работ у гэты дзень, вызначаны адказныя. Таму работа на аб’ектах была плённай і якаснай.

Вясновы клопат для старшыні Савета – пажары на пойме ракі Пціч, што пралягае ўздоўж Кацуроў. Мясцовае насельніцтва добра ведае наступствы ўзгаранняў травы, навучаны быць пільнымі і асцярожнымі. Аднак рыбакі, якіх у гэтыя мясціны прыязджае нямала, пакідаюць пасля сябе дзясяткі і сотні выпаленых гектараў. Спыніць такое полымя нават выратавальнікам не пад сілу з-за непраходнасці мясцін. Таму барацьба з агнём пачынаецца, калі ўжо стыхія пагражае вёскам. Сёлета ўдалося пазбегнуць набліжэння паласы агня да населеных пунктаў. Ірына Мікалаеўна ў час работы аглядавых камісій і па-за яе наведвае Кацуры, гутарыць з жыхарамі. Ды яны цяпер і самі імкнуцца спыніць рыбакоў, нагадаць пра небяспеку, якой тыя падвяргаюць кацуроўцаў – пажылых людзей.
– Людзі нашы прывыклі быць пільнымі і адказнымі, – зазначае старшыня сельсавета. – І не толькі ў плане пажарнай бяспекі. Мы прайшлі праз эпідэмію свінога грыпу, калі давялося працаваць з кожным гаспадаром па пытанні забароны на ўтрыманне свінняў. Цяпер яны з пільнасцю ставяцца да новай бяды – каронавірусу. Нядаўна патэлефанавалі пажылыя людзі з Церабава, каб папярэдзіць, што з заробкаў з Расіі вярнуліся некалькі мясцовых мужчын. Іх турбавала, што тыя павінны прайсці праз двухтыднёвы каранцін і самаізаляцыю. Мы, зразумела, адрэагавалі на сігнал, наведаліся да гэтых мужчын, пагутарылі. Такая пільнасць і адказнасць дапамагае нам працаваць і мы шчыра ўдзячны ўсім, хто нам дапамагае, нераўнадушным і актыўным ва ўсіх пытаннях – удзеле ў санітарных днях, добраўпарадкаванні ўласных сядзіб, нераўнадушных да чужых праблем, гатовых адгукнуцца на фінансаванне агульных спраў.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о