Адным з галоўных памочнікаў школы ў далучэнні навучэнцаў да агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцяў, фарміраванні маральнай культуры з’яўляецца Беларуская Праваслаўная Царква.

У Капаткевіцкай школе рэгулярна праходзяць сустрэчы навучэнцаў і іх бацькоў з настаяцелем храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы іерэем Сергіем Вашковым. Ён абавязковы ганаровы госць на школьных святах, выпускных вечарах і бацькоўскіх сходах. У рамках супрацоўніцтва з прыходам педагогі школы Тамара Занкевіч і Святлана Дземідзенка сумесна з навучэнцамі рыхтуюць праграмы да праваслаўных святаў, выступаюць з імі перад прыхаджанамі храма і вучнямі школы. У рамках духоўна-маральнай адукацыі ў мінулым навучальным годзе была арганізавана работа аб’яднання па інтарэсах “Сямейны праваслаўны клуб” пад кіраўніцтвам Юліі Вашковай.

Ужо другі год запар сёлетні шасцікласнік Кірыл Вашкоў пад кіраўніцтвам Юліі Вашковай становіцца пераможцам раённага этапа алімпіяды па асновах праваслаўнай культуры ў сваёй узроставай групе.
У гэтым годзе пры падтрымцы айца Сергія былі праведзены конкурс малюнкаў “Прыгажосць Божага свету” і конкурс фотаработ “Дарога да храма”.
Летам супрацоўніцтва з храмам не спыняецца. 22 чэрвеня навучэнцы летняга аздараўленчага лагера разам з педагогамі наведалі з экскурсіяй храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Капаткевічах. Настаяцель пазнаёміў дзяцей з устройствам храма, абразамі, унутраным і вонкавым убраннем.
А 27 чэрвеня навучэнцы сталі ўдзельнікамі аднаго са знакавых набажэнстваў не толькі раёна, але і ўсёй епархіі – дзень святкавання Табынскай іконы Божай Маці ў аднайменнай капліцы, размешчанай ва ўрочышчы гары Каўпак. У гэты дзень вернікі з усяго раёна прыязджаюць да святой крыніцы, каб узнесці свае малітвы да Маці Божай і атрымаць збавенне ад хвароб. Літургію пад адкрытым небам узначаліў епіскап Тураўскі і Мазырскі Леанід. Пасля літургіі ён звярнуўся да вернікаў з архіпастырскім словам, у якім павіншаваў усіх са святам і ўручыў Епархіяльныя ўзнагароды. Удвая прыемна, што іх атрымалі таксама педагогі школы: дырэктар Наталля Камнацкая, намеснікі Наталля Руцкая, Наталля Каліцька і Надзея Сігай, педагогі Віктар Цылько, Ніна Пырко і Тамара Занкевіч.
Служба пад адкрытым небам, ўрачыстасць Божай літургіі, якая здзяйсняецца на гэтым месцы ўжо больш стагоддзя, магчымасць напіцца вады з свяшчэннай крыніцы і сабраць жменю ягад на святым месцы – усё гэта ўмацуе духоўна-маральны пачатак у юных душах і надоўга запомніцца выхаванцам лагера.

Надзея СІГАЙ, намеснік дырэктара школы.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о