Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” абвяшчае галасаванне, у якім прапануе выбраць птушку, што пазмагаецца за званне крылатага сімвала 2019 года. Далучыцца да галасавання на сайце ptushki.org, якое працягнецца да 25 студзеня, можа кожны.

Птушка года будзе выбірацца 27 студзеня на з’ездзе АПБ з трох кандытатаў, два з якіх вылучаюць Цэнтральны савет і сакратарыят АПБ (сёлета гэта вялікі арлец і чайка-рыбачка), а трэцяга вызначае анлайн-галасаванне.

Якая з беларускіх птушак пазмагаецца за званне крылатага сімвала 2019 года? Кожны можа аддаць свой голас аднаму дзюбатаму абранніку.
Прапануем некалькі птушак для галасавання. У спіс увайшлі ластаўка-зямлянка, сівая жаўна і качка-крыжанка.

Чаму менавіта гэтыя кандыдаты? Адказвае спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях АПБ Максім Нямчынаў:
—На «Птушку года» найчасцей намінуюцца віды, якія патрабуюць асаблівай увагі і неадкладных дзеянняў (напрыклад, вялікі арлец, што знаходзіцца пад пагрозай глабальнага знікнення), і лёгка пазнавальныя віды (напрыклад, чайка-рыбачка ці ластаўка-зямлянка), чыя колькасць скарачаецца, але чые праблемы застаюцца незаўважанымі праз іх распаўсюджанасць. Дарэчы, ёсць крытэрыі, пад якія пажадана, каб падыходзіў кожны кандыдат.

Можна дадаць і свой варыянт кандыдатуры. Але важна ведаць: тыя віды, якія ўжо былі Птушкай года раней, не могуць быць намінантамі.
Выбары інтэрнэт-кандыдатаў скончацца 25 студзеня ў 24.00. Птушка, за якую прагаласуе большасць, будзе нароўні з дзвюма іншымі змагацца за званне Птушкі 2019 года на ХХІ З’ездзе АПБ, які адбудзецца 27 студзеня ў Мінску.

Кантактная асоба – Карына Салавей, каардынатар кампаніі АПБ «Птушка года», +375 29 2648766, salavei@ptushki.org

2 1

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о