Марыне Ашарчук, настаўніцы па класе баяна Петрыкаўскай школы мастацтваў, прысвоена званне “Лепшы па прафесіі-2021” з занясеннем на раённую Дошку гонару, за актыўную педагагічную дзейнасць і высокія вынікі па падрыхтоўцы вучняў да творчых спаборніцтваў і асабісты ўклад у папулярызацыю і развіццё класа народных інструментаў.

Выбірала прафесію сэрцам

Марыну Пятроўну мне не прыйшлося доўга шукаць: гукі баяна самі прывялі мяне да яе. Стукаю і чую звонкае: “Уваходзьце!”. Не маруджу час і адчыняю дзверы, і бачу маладую прывабную жанчыну, якая мне цёпла ўсміхаецца.
А пасля ўрока мне ўдалося бліжэй пазнаёміцца з нашай гераіняй.
– Наогул, я баяністка. Але ў каледжы вывучалі і баян, і акардэон. І зараз я выкладаю два гэтыя інструменты, – пачынае размову Марына Ашарчук. – Нарадзілася я ў Петрыкаве. Тут жа ўзнікла мая любоў да музыкі. Суседка грала на баяне, а мне вельмі падабалася. І я запісалася ў музычную школу. А ўжо ў класе пятым-шостым я ўяўляла сябе настаўнікам музычнай школы. Я заўсёды хацела быць педагогам, яшчэ з дзяцінства. У іншай прафесіі я сябе не бачыла. І зараз, калі б вярнулася ў мінулае, то іншую прафесію б не выбрала.
У сям’і маёй суразмоўцы музыкаў няма. Але ёй заўсёды музыка была даспадобы і вельмі падабалася педагогіка.
– Маці мая адпрацавала ў садку шмат гадоў, яна заслужаны педагог. Можа, гэта таксама неяк паўплывала на мой выбар, – працягвае аповед Марына Пятроўна. – Але яна ніколі не навязвала сваё меркаванне з нагоды будучай прафесіі – яе я выбірала сэрцам – проста казала: трэба абраць сабе такую прафесію, каб праца была ў задавальненне. І з выбарам сваім я не памылілася – хаджу на работу, як на свята.
Марына Пятроўна вучылася ў другой гарадской школе. Пасля заканчэння паступіла ў “Мазырскае дзяржаўнае музычнае вучылішча”. Тады і сустрэла свайго будучага мужа, ён вучыўся ў політэхнічным каледжы. Дарэчы, сам ён са Светлагорска.
– Быў перыяд, калі мы з мужам хацелі жыць і ў Мазыры, і ў Мінску, і ў Светлагорску. Але мне радней Петрыкаў, цягнула на радзіму, вось і мужа сюды “перацягнула”, – усміхаецца настаўніца. – У школе мастацтваў працую ўжо сямнаццаць гадоў, кірую ансамблем “Гармонія”, у складзе якога тры настаўнікі па класе баяна і адзін па класе кантрабаса. Завочна скончыла “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтва” ў Мінску.
Марына Пятроўна з мужам выхоўваюць дзвюх дзяўчынак, якія падзяляюць маміну любоў да музыкі – абедзве займаюцца на музычным аддзяленні школы мастацтваў. Старэйшая па класе скрыпкі, а малодшая – па класе фартэпіяна.
З пачатку навучальнага года Марына Пятроўна са сваімі вучнямі прынялі ўдзел ужо ў дваццаць адным конкурсе. Нядаўна вярнуліся з міжнароднага конкурсу “Мой сябар – баян”, другі этап якога праходзіў у Гомелі. Па словах суразмоўцы, вынікі яшчэ не вядомыя, але адно тое, што прынялі ўдзел, прайшлі ў другі тур – ужо шмат што значыць.
Калі мы размаўлялі з Марынай Ашарчук, цяжка было не заўважыць з якім гонарам і любоўю яна расказвае пра сваю працу і сваіх вучняў. Дарэчы, шмат яе рабят удзельнічаюць і перамагаюць у конкурсах як рэгіянальных, так і міжнародных. А некаторыя таксама вырашылі пайсці па шляху сваёй настаўніцы.

Маргарыта Каратунова,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о