Днямі ў рэдакцыю патэлефанавала жанчына. Не назваўшы сваё імя, прапанавала пацікавіцца ці ўсюды ў горадзе, дзе цяпер вядуцца рамонтныя работы, улічваюцца інтарэсы людзей з абмежаванымі магчымасцямі. 

Вуліца без абмежаванняў Вуліца без абмежаванняў
Атрымаўшы “пуцёўку”, ідзём на заданне. Найперш – тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Тут маецца банк дадзеных людзей, якія маюць патрэбу ў безбар’ерным асяроддзі. І асаблівая ўвага – адрасам пражывання тых, хто быў забяспечаны інваліднымі каляскамі. Як паведаміла дырэктар цэнтра Галіна Сухоцкая, аднаўленне спісаў інвалідаў праводзіцца рэгулярна. А штоквартал яны перадаюцца для зверкі ў КУП “Петрыкаўскі райжылкамгас”.

Гэта прадпрыемства і з’яўляецца ў першую чаргу выканаўцам запытаў і патрэб пражываючых у горадзе і раёне інвалідаў. Тым не менш, з боку сацыяльнай службы таксама праводзіцца рэгулярны маніторынг безбар’ернага асяроддзя. Вывучаюцца патрэбы іх падшэфных, калі ёсць прапановы, інфармацыя перадаецца ў камунальную службу.
У райжылкамгасе створана камісія, якая працуе са спісамі адрасоў іх жыллёвага фонду, дзе пражываюць інваліды. Камісійна абследуюцца будынкі, вызначаецца патрэба жыльцоў у пандусах, парэнчах і іншых прыстасаваннях для бесперашкоднага і бяспечнага руху.

Штогод пэўныя фінансавыя сродкі выдаткоўваюцца на патрэбы людзей з абмежаванымі магчымасцямі. За апошнія тры гады са сродкаў раённага бюджэту былі ўсталяваны парэнчы у Пцічы па вуліцы Камсамольскай, на гарадскіх вуліцах Вароўскага, 4 і Розы Люксембург, 9. За ўласныя сродкі ЖКГ гэтыя ж прыстасаванні зроблены ў доме па вуліцы Энгельса. Сёлета па праграме безбар’ернага асяроддзя сродкі выдаткаваны на дамы 1 і 10 па вуліцы Розы Люксембург. Разглядаецца пытанне ўсталявання пэўных прыстасаванняў у Капаткевічах па вуліцы Камсамольскай, 20.

Спецыяліст ЖКГ Людміла Чарнушэвіч, у чые абавязкі ўваходзіць курыраванне гэтага напрамку дзейнасці камунальнай службы, пазначыла, што, на жаль, на працягу года патрэба ва ўсталяванні пандусаў ці іншых прыстасаванняў можа адпадаць з-за сыходу з жыцця інвалідаў, што пражывалі па вызначаных у планах адрасах. У такім выпадку камісійна вызначаецца, на які з аб’ектаў сродкі павінны быць пераадрасаваны. Ці перадаюцца туды, адкуль атрыманы звароты жыхароў пра пандусы ці парэнчы. Як гэта было ў мінулым годзе па вуліцы Каралёва, 13.
Інжынерная служба ЖКГ пры добраўпарадкаванні прыдамавых тэрыторый кантралюе, каб аб’екты безбар’ернага асяроддзя не былі дэманціраваны. А ў праектнай дакументацыі на рамонты цяпер абавязкова прадугледжваецца выкананне патрабаванняў правілаў безбар’ернага асяроддзя.
Узяўшы ў рукі спіс інвалідаў-калясачнікаў, мы прайшлі па некаторых адрасах.
Пры нядаўнім рамонце прыдамавой тэрыторыі Луначарскага, 2 стаў магчымым з’езд каляскі з тратуара на праезную дарогу і бесперашкодны выезд з двара – бардзюры апушчаны, а на самім ганку пакладзены рэйкі для спуску на калёсах. Гэта прыклад сучаснага падыходу да забеспячэння безбар’ерным асяроддзем.

Гадоў пяць таму былі здадзены ў эксплуатацыю дамы 4 А і 14 па гэтай жа вуліцы, дзе таксама жывуць людзі з абмежаваннямі ў руху. Магчыма, тады не звярнулі ўвагу, што калёсамі самастойна інваліду-калясачніку будзе не выбрацца з двара дома 4 А: бардзюр высокі, а сцежка ад дома нікуды не прывядзе – толькі ў траву ці пясок. У аб’езд суседняга дома прыйдзецца ехаць жыхару дома № 14 – свайго з’езду на дарогу тут няма. Чакаць нейкіх змяненняў гэтым людзям давядзецца доўга, бо дарога і тратуар тут добрыя – рамантаваць не будуць. Тым больш, што дамы – кааператыўная ўласнасць. А менавіта ў гэтых дамах ёсць таксама многа маладых матуль, якім даводзіцца штодзень скакаць з дзіцячымі каляскамі па тых бардзюрах. Магчыма, пажылых людзей з хворымі суставамі каленяў тут менш, але прадугледзець тое трэба было б.

Усё так. Дамы і тэрыторыя каля іх здадзены па праектах. Чаму ў гэтых дакументах патрабаванні па безбар’ерным асяроддзі не выкананы – пытанне іншае.
Яшчэ адно назіранне. Па вуліцы Карла Маркса, 27 пакладзена новая асфальтаваная дарожка ад самых дзвярэй пад’езда да тратуара па вуліцы – каціцца роўна і прыемна. Але ж у самім пад’ез-дзе падлога ніжэй сантыметраў на 6-8. Тут ужо не пераскочыш. Напэўна, сюды патрэбен не адзін мех цэменту, каб зраўняць узровень вуліцы і пад’езду. Такая ж сітуацыя амаль усюды. Але тое ўжо не столькі страшна, бо праца па ўсталяванні ў пад’ездах адкідных пандусаў толькі пачынае разгортвацца.

Работы шмат, гэта разумеюць усе выканаўцы. Трэба адзначыць, што колькі заўваг мы тут не пісалі б, людзям з абмежаванымі магчымасцямі стала ў горадзе больш зручна. Матулі з каляскамі не скачуць цяпер па ямінах, баючыся вытрасці дзіця. Пажылыя людзі, ухапіўшыся за парэнчы, могуць падняцца ў любы з магазінаў. Слабавідушчыя навобмацкі бяспечна пройдуць па галоўных вуліцах горада, арыентуючыся на няроўныя элементы тратуараў каля пешаходных пераходаў. Вадзіцелям-інвалідам, што маюць магчымасць кіраваць аўтамабілем, не трэба шукаць свабодную паркоўку – яны ёсць усюды. Праўда, каб іншыя грамадзяне-аўтамабілісты, гледзячы на вялікія колы малюнка на асфальце, не атаясамлівалі яго з коламі свайго пазадарожніка.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о