Любое злачынства – гэта матэрыяльныя і маральныя страты. Асабліва крыўдна пацярпелым, якія сталі ахвярамі махляроў, бо часта даверлівыя людзі самі аддаюць ім грошы.

Кожны год праваахоўнікі фіксуюць новыя віды афёр, але класіцы жанру ашуканцы не змяняюць ніколі. У Мазырскім судзе нядаўна разглядалі крымінальную справу пра махлярства. На лаве падсудных – пяцёра жыхароў Калінкавічаў і раёна. Яны ездзілі па ўсёй краіне, па дакументах трэціх асоб куплялі тавары ў растэрміноўку і адразу ж іх перапрадавалі. Куплялі ўсё, што можна было выгадна прадаць. Ашуканцы завалодалі каштоўнасцямі на агульную суму каля 300 тысяч рублёў.
Асобы, якіх удзельнікі групы прыцягвалі ў свае злачынныя схемы, у асноўным непрацуючыя, што злоўжываюць спіртнымі напоямі, ім было дастаткова ў якасці ўзнагароды атрымаць спіртное і прадукты харчавання. Яны не задумваліся, што да іх, магчыма, будуць прэтэнзіі і судовыя разбіральніцтвы. Удзельнікі злачыннай групы запэўнівалі, што будуць пагашаць крэдыты самі.
Яшчэ адзін прыклад у тэму. Жыхар Добруша скупляў у грамадзян аўтамабілі па ўсёй краіне. Абяцаў уладальнікам перапрадаць іх машыны і вярнуць грошы. Дагаворы не складаў, а вось распіскі пісаў ўсім. Зразумела, выручаных сродкаў людзі не ўбачылі.
Аўтамабілі часта становяцца аб’ектамі парушэння закону. Напрыклад, людзі купляюць дарагі транспартны сродак, страхуюць яго, а затым наўмысна псуюць.
Падманваюць даверлівых беларусаў і ў іншых сферах. Напрыклад, гамяльчанка сутыкнулася са сваімі ж знаёмымі, якія аказаліся нядбайнымі будаўнікамі. Рамонт зрабілі няякасна, а ўсё грошы за работы забралі авансам.
Людзі вераць ашуканцам, асабліва, калі ў нядаўнім мінулым тыя былі бізнесменамі, якія паспелі напрацаваць аўтарытэт. Як правіла, такія аферысты просяць пазыку ў знаёмых нібыта на развіццё бізнесу. А затым знікаюць. Бываюць і выпадкі, калі ашуканцы просяць узяць для іх крэдыт. Тут трэба памятаць, што адказваць маёмасцю і грашыма будзе не той, хто паклаў крэдытныя сродкі ў кішэню, а той, чыё імя паказана ў дагаворы.

“Вуду” закідваюць махляры
Апошнім часам актывізаваліся махляры і ў інтэрнэце. Напрыклад, у «Instagram» аферысты прапануюць падрыхтаваць прома-ролік на аснове фатаграфій, размешчаных у акаунце. Умова адна – перадаплата ад 10 да 50 рублёў. Калі даверлівы чалавек аддае грошы, махляр знікае. Яшчэ адзін варыянт. Карыстальніка сеткі «ВКонтакте» ўзломваюць і ад яго імя просяць перавесці суму на названыя рэквізіты. За адзін такі ўзлом могуць пацярпець дзясяткі чалавек.
Галаўны боль для аператыўнікаў – выкарыстанне ў злачынных мэтах мабільнага прыкладання аднаго з сотавых аператараў. Зламыснік падыходзіць да выбранай ім ахвяры, пад любой падставай просіць патэлефанаваць. Чалавек перадае сотавы тэлефон і ў гэты час ашуканец запампоўвае на тэлефон прыкладанне і з яго дапамогай перасылае грошы і крэдыт па паслугах сотавай сувязі сабе. Пасля чаго сцірае гэта мабільнае прыкладанне. Пра тое, што на рахунку запазычанасць парадку 100 рублёў пацярпелы даведаецца толькі ў пачатку або канцы наступнага месяца.
На вуду махляроў трапіла гамяльчанка Людміла. Мінулым летам жанчына інвеставала ў «Кэшберы» $2000. Пра платформу расказалі сваякі з Расіі: «укладвалі суму, праз год атрымліваеш у два разы больш». Незадоўга да гэтага яны і самі прадалі машыну, каб зрабіць ўкладанне. У верасні «Кэшберы» западозрылі ў стварэнні фінансавай піраміды і перадалі інфармацыю ў Генпракуратуру і МУС. Расійская платформа заблакавала сродкі Людмілы і яе сваякоў, а таксама яшчэ некалькіх дзесяткаў тысяч чалавек.
Калі вы сталі ахвярай махляроў, адразу звяртайцеся ў міліцыю. Чым хутчэй гэта зробіце, тым вышэй верагоднасць, што зможаце вярнуць свае грошы.

Па звестках групы інфармацыі і грамадскіх сувязяў упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о