Добрым памочнікам для РСУП “Агра-Ляскавічы” заўсёды, а цяпер асабліва, з’яўляецца механізаванае звяно Нацпарка “Прыпяцкі”. Дарэчы, у бліжэйшы час тут адбудзецца рэарганізацыя, і сельгаспрадпрыемства афіцыйна будзе ўзята пад крыло Нацпарка.
Пакуль дазваляе надвор’е, на палях выконваюцца ўсе магчымыя для гэтай пары віды сельгасработ. Традыцыйна вялікую плошчу тут адводзяць пад каралеву палёў. Так, кукурузай было занята сёлета 1600 гетараў. На сёння каля паловы гэтых плошчаў чакаюць яшчэ ўборкі.
Як паведаміў кіраўнік сельгаспрадпрыемства Міхаіл Булыга, па стане на 5 кастрычніка тут нарыхтавана 19,4 тысячы тон зялёнай масы кукурузы. Працягваецца нарыхтоўка сена і сенажу. Назапасілі гэтых кармоў адпаведна 2076 і 5944 тоны. У сярэднім на адну галаву жывёлы прыпадае па 19,7 цэнтнера кармавых адзінак, што на 4,2 адзінкі больш мінулагодняга паказчыка. Калектыву пастаўлена задача нарыхтаваць паўтарагадовы кармавы запас, і, са слоў дырэктара, гэтая задача па сілах. Калі з уборкай кукурузы справяцца, то агульны кармавы кукурузны запас складзе не менш 30 тысяч тон масы.
Я завітала ў Ляскавічы не выпадкова. Справа ў тым, што малады механізатар Уладзімір Глазуноў вырваўся ў лідары ў раёне і трапіў на першую прыступку ў нарыхтоўцы кукурузнай масы.

Восеньскія клопаты ляскавіцкіх сельгасвытворцаў
Уладзімір Глазуноў

Доўга дабіралася, каб сустрэцца з Валодзем. Кукурузу ён убіраў у гэты дзень за Брынёвам, за знакамітымі вальерамі Нацпарка “Прыпяцкі”, дзе вольна жывуць дзікі і алені.
Гул магутнага “Ягуара-870”  яшчэ здалёк быў нейкім пагражальным, а лязы кормаўборачнага камбайна блішчэлі на сонцы. Аказваецца, ён скошвае і здрабняе масу. Побач ідучы трактар МТЗ-82 з прычэпам ПТС-12 чакаў загрузкі. На ім заняты Аляксандр Міронаў.
На дварэ холадна, а Уладзімір, як прыпыніўся, выскачыў з кабіны ў адной майцы. Дваццацісямігадовы мужчына расказаў, што родам ён з Жыткавіцкага раёна, з Бялёва. Працуе ў ляскавіцкай гаспадарцы чацвёрты сезон. У Буда-Кашалёўскім каледжы набыў веды па спецыялізацыі “тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых працэсаў”. Работа падабаецца і ён плануе надалей працаваць у сельскай гаспадарцы.
“Ягуару” 11 гадоў, але камбайн спраўны і даволі прадукцыйны.
Папаўняць кармавую базу гаспадаркі дапамагаюць у хлупінскай зоне механізатары Аляксей Таненя і Мікалай Паўчэнец, якія скошваюць травастой і прасуюць яго.
Дзмітрый Гадун заняты на сяўбе азімага трыцікале. На “Беларусе-3022” з шасціметровай сеялкай Дзмітрый за палову дня паспеў закласці ў глебу зерне на плошчы 12 гектараў. У гаспадарцы працуе другі год. Раней быў заняты ў Брынёўскім лясніцтве. Дарэчы, і сам ён з Брынёва. Мае сям’ю.
Дзмітрый Гадун
Дзмітрый Гадун

З сяўбой азімых культур, са слоў кіраўніка гаспадаркі, тут справіліся няблага. Кампанія падыходзіць да завяршэння. Так, 430 гектараў адвялі пад трыцікале, 100 гектараў занялі жытам, 200 – пшаніцай. Радуе ўраджайнасцю апошнія гады сурэпіца. Ужо цяпер бачны яе шчыльныя ўсходы. А ў красавіку плошчу ў 440 гектараў скосяць жывёле, унясуць арганіку і пасеюць тут кукурузу. Азімы рапс заняў 200 гектараў плошчы.
На ворыве глебы заняты сапраўдны прафесіянал. Валерый Бондар працуе на амерыканскім трактары “Джон Дзір”. Магутныя плугі лёгка ўздымаюць глебу. Мужчыну 60 гадоў, а яго працаздольнасці, вытрымцы і пачуццю гумару можна пазайздросціць.
Валерый Бондар
Валерый Бондар

Усе названыя работы вельмі патрэбныя, бо ад багатай і якаснай кармавой базы залежаць надоі, а значыць, і фінансавы стан прадпрыемства. Дарэчы,  на сёння ў РСУП “Агра-Ляскавічы” працуе 186 чалавек. Сярэдні заработак складае 380 рублёў.
Што датычыць жывёлагадоўлі, то на яе тут асноўныя спадзяванні. У гаспадарцы каля 4 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы. З іх каля 1700 галоў мясных парод. Для развядзення іх тут была пабудавана новая ферма.
Ёсць яшчэ чым ганарыцца ляскавіцкім сельгасвытворцам. Так, у свой час па дзяржаўнай праграме было закуплена  ўнікальнае абсталяванне. Аналаг рабатызаванай фермы ў Ляскавічах ёсць на Міншчыне на эксперыментальным прадпрыемстве “Усход”, а яшчэ ў “Александрыі” і ў суседнім Акцябрскім раёне.
Шэсць станкоў-робатаў на ферме “Ляскавічы”  “абслугоўваюць” каля 300 буронак. Карова, ідучы на дойку, “запрашаецца” робатам, узважваецца. Вымя мыецца, масіруецца, пачынаецца працэс даення. У гэты час буронцы падаецца порцыя камбікорму. Датчык праводнасці малака фіксуе дзейнасць усіх саскоў. Калі з аднаго з іх малако не ідзе, то на камп’ютар паступае інфармацыя, што ветэрынару трэба звярнуць увагу, магчыма, у буронкі развіваецца мастыт.
Загадвае рабатызаванай фермай Алена Загорац. Усяго на ферме заняты 26 чалавек. Ёсць тут і даільная зала з “елачкай”,  радзільнае аддзяленне і аддзяленне для раздою. Цяпер тут ідзе перасартаванне статка. Кожнай рагулі будзе прычэплены новы ідэнтыфікацыйны “еўрапейскі” нумар.
Што датычыць надояў, то на сёння валавая вытворчасць малака ў параўнанні з мінулагоднім аналагічным перыядам складае 110%, столькі ж і па рэалізацыі. Надой на адну карову ідзе з плюсам у 1,2 кілаграма і складае 12,4 кілаграма. Малако ідзе гатункам “экстра” і вышэйшым.
Хочацца пажадаць ляскавіцкім сельгасвытворцам далейшых поспехаў у выкананні намечаных планаў!

Інга ГІЛЕНКА.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о