Дарагія сябры!

2Семдзесят два гады аддзяляюць нас ад гістарычнай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.

Для беларускага народа 9 мая 1945 года сапраўды асаблівы дзень, адна з самых значных і ўшанаваных дат. Гэты дзень назаўжды застанецца знакам самаадданасці, патрыятызму і гераічнасці ў імя абароны волі і незалежнасці не толькі нашай беларускай дзяржавы, але і многіх краін і народаў свету.

Як бы далёка не адыходзілі ад нас падзеі Вялікай Айчыннай вайны, мы заўсёды будзем памятаць пра гераізм савецкіх салдатаў, партызанаўі падпольшчыкаў, працаўнікоў тылу, усіх тых, хто паклаў галаву ў баях з фашызмам і хто памёр ад франтавых ран у мірны час. Уласным жыццём заплацілі яны за нашу волю і незалежнасць. Фашызм быў зрынуты сілай духу і адзінствам шматнацыянальнага савецкага народа.

Гэта была рашучая сутычка з самым моцным і бязлітасным за ўсю шматвяковую айчынную гісторыю ворагам. За гады вайны Беларусь страціла траціну свайго насельніцтва. Па агульным узроўні эканамічнага развіцця рэспубліка была адкінута на 16 гадоў.

Вось чаму патрыятычны, духоўны і маральны патэнцыял Вялікай Перамогі для нас і будучых пакаленняў з’яўляецца святыняй і крыніцай нацыянальнага гонару і славы.

Невычэрпнай воляй да Перамогі наш народ набыў павагу да сябе ва ўсім свеце. Менавіта дзякуючы гераізму, патрыятызму і мужнасці людзей таго пакалення мы маем магчымасць сёння мірна жыць і працаваць, выхоўваць дзяцей і ўнукаў, будаваць сваю будучыню. А гэта дарагога варта.

Як сапраўдныя патрыёты сваёй Айчыны, ветэраны рэспублікі з абурэннем адпрэчваюць любыя спробы сказіць і перапісаць гісторыю, прынізіць заслугі савецкага народа ў разгроме фашызму.

Яны ўкараняюць свой, нічым не пацверджаны пункт гледжання. Іх не цікавяць факты, меркаванні відавочцаў і гістарычныя даследаванні.

Гэта, мякка кажучы, амаральна. Калі разбураны часам помнік можна аднавіць, то зламысныя словы метадычна руйнуюць душы людзей, нацкоўваюць адзін на аднаго цэлыя народы. Такое «пераасэнсаванне» гісторыі асабліва небяспечна ў справе выхавання маладых грамадзянаў.

напярэдадні вялікай падзеі – 72-х угодкаў Вялікай Перамогі ў вайне – мы рашуча кажам: «Рукі прэч ад нашай святой гісторыі, ад нашай Вялікай Перамогі!»

Наш абавязак – шанаваць святы подзвіг бацькоў і дзядоў. Пакуль б’юцца нашы сэрцы, будзем берагчы ўсё слаўнае ў нашай гісторыі, і не дапусцім, каб насуперак разумнаму сэнсу прышчапляліся чужыя нацыянальнаму характару каштоўнасці. Без павагі да мінулых перамог мы асуджаны на паражэнне ў будучыні!

Сёння нам ёсць чым ганарыцца і што шанаваць. Рэспубліка Беларусь адбылася як суверэнная дзяржава і паўнапраўны член сусветнай супольнасці.

Краіна становіцца ўсё цікавейшай і адкрытай свету.

Мы, ветэраны, як і пераважная большасць нашага народа, удзячныя дзеючай прэзідэнцкай уладзе за стабільнасць у грамадстве і мірнае неба над беларускай зямлёй, чысціню, прыгажосць і ўтульнасць у нашых гарадах і сёлах, за нястомны клопат па паляпшэнні дабрабыту і жыццёвага ўзроўню людзей. Нас не могуць не цешыць на карце краіны новыя прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, медыцынскія ўстановы, спартыўныя збудаванні, аб’екты культуры і быту.

Мы ганарымся тым, што наша дзяржава не ўдзельнічае ва ўзброеных канфліктах, праводзіць міралюбівую, незалежную знешнюю і ўнутраную палітыку, настойліва адстойвае інтарэсы беларускага народа на міжнароднай арэне, з кожным годам на ўсіх кантынентах набывае ўсё больш і больш сяброў.

Нашы далёкія і блізкія суседзі і партнёры разам з намі ганарацца тым, што Рэспубліка Беларусь, стаўшы незалежнай, нягледзячы на рознага роду ўзрушэнні і «каляровыя рэвалюцыі», што адбываюцца ў свеце, застаецца «астраўком міру, спакою і дабрабыту». Мы з вамі ведаем лепш за іншыя народы, што менавіта гэтыя дасягненні з’яўляюцца асновай для ўмацавання эканамічнага і абароннага патэнцыялу нашай Радзімы і паслядоўнага паляпшэння жыццёвага ўзроўню.

Мы заклікаем грамадскія арганізацыі, усіх грамадзянаў нашай гераічнай, незалежнай Рэспублікі Беларусь напярэдадні 72-й гадавіны Вялікай Перамогі прадэманстраваць сваю высокую арганізаванасць, згуртаванасць, адданасць запаветам тых, хто аддаў свае жыцці за Вялікую Перамогу.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о