1 верасня на Петрыкаўшчыне панавала асабліва ўрачыстая атмасфера. Прыгожа апранутыя, з вялікімі букетамі яркіх кветак у руках ішлі ў школы шчаслівыя вучні. Адкрылі Дзень ведаў і далі старт чарговаму навучальнаму году ўрачыстыя лінейкі, удзел у якіх па добрай традыцыі прынялі прадстаўнікі мясцовых органаў улады, шэфскіх арганізацый, дэпутаты. Першы ўрок новага навучальнага года ў школах Беларусі быў прысвечаны Году народнага адзінства і меў тэму “Адзінства беларускага народа – аснова незалежнай дзяржавы”.

Урачыста прайшло свята першага школьнага званка ў Курыціцкай сярэдняй школе. Дзень ведаў сёлета стаў значнай падзеяй для 69 вучняў, 8 з якіх – першакласнікі. Пачэсным госцем мерапрыемства стала намеснік старшыні райвыканкама Святлана Сянько.
У сваім прывітальным слове Святлана Уладзіміраўна сказала, што першае верасня – сапраўды ўсенароднае свята, да яго маюць адно-сіны кожная сям’я, кожны чалавек, яно аб’ядноўвае ўсіх грамадзян нашай краіны. У Дзень ведаў у гэтым навучальным годзе ў раёне селі за парты 293 першакласнікі. І гэта радуе, усяляе надзею на наша будучае – у хуткім часе яны стануць дарослымі, дастойнымі людзьмі Рэспублікі Беларусь, якія атрымаюць веды, будуць жыць і працаваць на карысць нашай Радзімы.
Ад раённага Савета дэпутатаў і Петрыкаўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Святлана Уладзіміраўна ўручыла першакласнікам партфелі.

Верыць у сябе, імкнуцца да лепшага
Ад раённага Савета дэпутатаў і Петрыкаўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Святлана Уладзіміраўна ўручыла першакласнікам партфелі

Дырэктар школы Валянціна Марозька нагадала вучням, што атрыманне моцных ведаў для іх на сучасны момант – самая важная справа. А дзяржава дапаможа ім стварэннем выдатных умоў для вучобы, для ажыццяўлення іх мар, прадастаўлення магчымасці атрымаць любімую прафесію і стаць сапраўднымі грамадзянамі сваёй Айчыны.
Гонар уручыць першакласнікам кнігу – падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – выпаў навучэнцам 11-га класа.
Пажаданні, якіх у гэты дзень было не злічыць, апладысменты – усё хутка сціхла, урачыстая частка скончана, пачаліся школьныя будні – жыццё, звыклае для ўсіх вучняў і зусім новае для першакласнікаў. Гэты дзень з’яўляецца для іх вельмі хвалюючым і запамінальным. Першы школьны званок, які далі першакласніца Надзея Боўсун і выпускнік Арцём Налецька, паклікаў вучняў на першы ўрок.
На ўсіх мерапрыемствах гаворка ішла пра прыгажосць нашай Радзі-мы, пра знакамітых людзей роднага краю, пра таленавітасць беларускага народа. На кожным з наведаных урокаў адчуваўся прафесіяналізм педагогаў, усялялі надзею пытлівыя, нераўнадушныя вочы вучняў, якія гатовы атрымліваць веды, рыхтаваць сябе да жыцця – і ў гэтым перспектыва, у гэтым будучае нашай краіны.
Уразіў такі ўнікальны факт: з 19 педагогаў школы 12 – былыя выпускнікі ўстановы. Выпускнікі школы вяртаюцца сюды на працу, каб вучыць наступныя пакаленні.
Няхай гэты год падарыць вучням, педагогам і бацькам радасць пазнання, натхніць на новыя і дзіўныя адкрыцці, творчыя пачынанні.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о