Нядаўняя ініцыятыва ўрада пра родавыя памесці і сядзібы ўсхвалявала і дала ветру ў крылы фантазіі. Падумалася: як бы здорава выглядала маё двухпакаёвае памесце 8х4 з сенцамі ў ценю вінаграду і дзікай вішні па Саўгаснай вуліцы ў Вышалаве…

Вось зраблю над копанкай на месцы балацінкі “гарбаты” масток, як у Міхайлаўскім на Пскоўшчыне, дзе, пэўна ж, атрымліваў асалоду ад жыцця Пушкін, “пасаджу” побач грыбок са старых дошчак, пастаўлю пяток вольхавых калодак і ў прахалодзе пад плёскат дзікіх карасёў і жабянятаў пачытаю Гарэцкага.

Рамантыка!

Калі на пятым дзясятку ў душы пачынаюць “брадзіць” прыглушаныя ў юнацтве сантыменты, і паняцце “прырода” з шашлычна-юшачна-піўнога перарастае ў сапраўднае, хочацца ў вёску.

Тую вёску, з басанога-веласіпеднага дзяцінства, тую, дзе баба – жаба, таму што ты – вужака падкалодная і ненавісны фармазон. Тую вёску, дзе, па пояс у снезе, паўзеш да сасны, каб нарваць шышак і здаць за капейкі ў школу на насенне для лясгасу. Дзе, зачапіўшыся крысом палітона за тыніну, вісіш уніз галавой, пакуль, патузаўшыся, павырываўшы ўсе гузікі, не валішся ў сумёт пад рогат сяброў.

11

Тую вёску, дзе клюшкі з лазы, а сам хакей – на дарозе, дзе валейбол на школьным двары да ночы на інтарэс ці на вядро вады, дзе не ўбіцца ў клуб на “Рам і Лакхан”, а “Новыя Амазонкі” ўпотай можна паглядзець, дамовіўшыся са старым Адамам Сугрэем, з яго аператарнай.

Люблю сваё родную вёску ўсім сэрцам, той, непрагматычнай, шчырай любоўю. За тое, што дала выдатных сяброў, хай мала, але надзейных, добрых і сумленных. За сваю драўляную трохкласную школку, якая і цяпер яшчэ стаіць, толькі ўжо ў якасці патэнцыйнай аграсядзібы. За той драўляны, а затым абкладзены цэглай, а зараз увогуле разабраны клуб, куды, тысячу разоў саромеючыся, прыходзіў вечарамі юнаком пад руку з мясцовай унучкай Наташай з Піцера.

За сваю першую настаўніцу Клаўдзію Васільеўну, настаўніцу ад Бога – добрую, справядлівую, якая ўмела выгледзець у дзіцяці патэнцыял і лёгка, на раз-два, яго накіраваць у патрэбнае рэчышча. І дасюль яшчэ ў маёй хатняй бібліятэцы сваё ганаровае месца займае падораная на дзень нараджэння настаўніцай кніга пра малога Валодзю Ульянава з пажаданнямі цяпла і дабрыні, напісанымі акуратным, прыгожым почыркам.

Нядаўна Клаўдзія Васільеўна адзначыла сваё 90-годдзе. Няхай, дарагая мая Настаўніца, за Ваша шчырае сэрца жыццё яшчэ доўга дае Вам здароўе і радасць!

Люблю Вышалаў за Прыпяць і Максімава возера.

Наша Прыпяць – гэта таксама школа жыцця. Спачатку вучышся тут спраўна, каб не перакуліцца, сядзець у дзедавай  лодцы, калі ён метадычнымі, дакладнымі рухамі вядзе гэты карабель праз плынь на той бераг, дзе ў зарасніках лазы на пратоках замацаваны яго ражоўкі і тэлевізары.

Ох і набегаешся тады на лугавіне астраўкоў, пакуль дзед выпутвае з вочкаў за зіму “сатканай” лёсачнай сеткі плотку, а знойдзеныя блакітныя кулічыныя яйкі здаваліся самымі сапраўднымі каштоўнасцямі.

Затым ты, напрактыкаваны сабачым стылем плавання ў Максімавым возеры, спрабуеш свае сілы на рацэ. І маці, якая на тваіх вачах пераплывае саматужным кролем ці брасам Прыпяць, здаецца табе проста гераіняй.

Падлеткам праз кіламетры трэніровак ты ўжо сам пераплываеш раку і быццам тады вырастаеш сама мала сантыметраў на дваццаць, а на юначых загарэлых за лета грудзях таксама ўмоўна красуецца той геройскі медаль ці нават ордэн за перамогу над рэчкай.

Мне здаецца, сябры, што ў маёй роднай вёскі самае выгаднае геаграфічнае становішча. Ну няхай сабе не на беразе ракі, як Галубіца, дзе зараз дамы, асабліва на Набярэжнай, прадаюцца, як кватэры ў Гомелі, за дзясяткі тысяч амерыканскіх “рублёў”. Але ж амаль што на беразе возера і да ракі – рукой падаць, а на поўнач – аж два ляскі і стары лес з баравікамі, падбярозавікамі, груздамі і маслюкамі.

Рэдкі мой веласіпедны ваяж са школы вёў маршрут міма лесу – звычайна заскочыш на паўгадзінкі, нарэжаш з дзясятак грыбкоў – і дадому, на бабулін пальцааблізвальны фасолевы суп і цётчыны наліснікі з сунічным варэннем.

Адна са старонак гісторыі вёскі – могілкі. Перад Радаўніцай, калі па меры часу наводзіш парадак на магілах родных, заўсёды пройдзеш па роўных і не вельмі радах, узіраючыся ў знаёмыя і, бывае, забытыя твары землякоў на фотаздымках. Праўда жыцця жорсткая. Асабліва тое адчуваеш, калі бачыш крыжы, што стаяць над тваімі аднакласнікамі і знаёмымі, якім бы яшчэ жыць ды жыць…

Мне здаецца, што паняцце малая Радзіма – не зусім карэктнае. Хіба што толькі тое апраўдваецца памерам, але ж значнасцю для кожнага з нас, калі ён, зразумела, не хавае ў біяграфіі гэтае сваё вясковае паходжанне, малая – гэта як Галактыка, не меней.

Але добра, што мая вёска невялікая, ад таго люблю яе мацней. Археолагі колісь знайшлі тут старажытную стаянку. У кнізе помнікаў Гомельшчыны яна апісваецца на захадзе вёскі, дзесьці непадалёк ад дзедавай сядзібы, а майго патэнцыйнага “памесця”.

Памесце памесцем, але ж цікава, можа, і ёсць сярод далёкіх продкаў якія …паны. Калегі жартуюць, што аблічча ў мяне нейкае мангольскае. У інтэрнэце паразглядваў здымкі Улан-Батара – не праслязіўся, у сэрцы нічога не здрыганулася.

“Гугл” у дапамогу, і ..адшукаў сяло Шадура на Жытоміршчыне. Дапускаю, што продкі па бацькавай лініі сваім паўночным ваяжам праз стагоддзі дабраліся адтуль да Таргашына. І таргашынец бацька з вышалаўкай маці сустрэліся дзе-небудзь на нейтральнай тэрыторыі, скажам, у Снядзіне на танцах.

А яшчэ ў расійскай імперыі быў ажно цэлы граф ці князь Шадурскі.

Але ж я не пра графства. У сынавым радаводзе – імправізаваным дрэве – на асобных лістах яго прадзед, а мой дзед па лініі маці Есіп запісаны калгаснікам, у калгасе шчыравалі абедзве мае бабкі – Надзея і Ульяна, сумленна ў саўгасе адпрацавала жыццё цётка Вольга, якая, у амаль што 85, без сваёй вясковай хаты, калі на зіму забірае дачка ў горад, нудзіцца і хварэе.

А ў мяне з сельскай гаспадаркі – толькі тры месяцы школьнай брыгады, дапамога родным у садзе-агародзе і адно паваджэнне каня, ды і тое з прыгодамі, бо жывёліна наступіла капытом мне на кед.

Але, здаецца, што вада з дзедавага калодзежа загойвае раны, душэўныя дык дакладна, што мясцовае паветра чысціць лёгкія, а ствол старой грушы прыглушае балячкі.

А яшчэ мой Вышалаў – гэта прыродная чаёўня. Здаецца, нідзе няма такога смачнага чаборавага і ліпавага цвету. Цётчын чай з багонам – гэта штосьці неверагоднае, а варэнне з кветак дзьмухаўца ці сасновых пупышак – космас!

На мінулым тыдні Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абвясціў гэты год Годам малой Радзімы. … Паеду ў свой Вышалаў, дакрануся да каранёў!

Пятро ШАДУРА.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о