Барбершоп – незвычайнае для беларускага вуха слова, але яно ўпэўнена ўваходзіць у паўсядзённы лексікон многіх мужчын.

Фактычна гэта мужчынская цырульня, дзе ствараюць выключна стыльныя і эфектныя стрыжкі, а таксама праводзяць догляд за вусамі і бародамі. Жанчынам, як гаворыцца, тут “табу”.

У сучасным свеце барбершопы пачалі з’яўляцца толькі некалькі гадоў таму, прычым у асноўным у сталіцах і буйных гарадах.
Між тым, у царскай Расіі існавалі цырульні, дзе мужчыны атрымлівалі не толькі паслугі цырульнікаў, але і маглі абмеркаваць апошнія навіны, пагутарыць на розныя тэмы. Свайго роду, гэта быў правобраз сучасных барбершопаў.

ВАШ ІМІДЖ – ВАШ ПОСПЕХ!

У савецкі час цырульні сталі агульнымі, з дзяленнем на дзве залы.
Што такое барбершоп? Гэта пратэст з боку мужчын, жаданне атрымаць уласную прастору для баўлення часу.
– У якасці адной з прычын таго, што мужчыны робяць выбар на карысць барбершопаў, выступае адсутнасць тут жанчын, – пажартаваў з намі спецыяліст Улад Цімашчук. – Не кожны брутал жадае глядзець на дам з фальгой на галаве. Гэта мужчынскі клуб.

Часта менавіта тут, у строгай і сур’ёзнай абстаноўцы, атрымліваецца абзавесціся карыснымі дзелавымі або камерцыйнымі сувязямі. Акрамя ўсяго іншага, нават спецыялісты тут практычна заўсёды мужчыны. Знайсці сярод барбершопераў жанчыну літаральна немагчыма.

Уладзіслаў нарадзіўся ва Украіне, а вырас у Петрыкаве. Пасля заканчэння школы № 2 паступіў у БДТУ на спецыяльнасць “Інжынер. Дызайнер мэблі”.
– Мой дзядуля пабудаваў дом, дзядзька таксама займаўся рамонтам і стварэннем мэблі. Мне было на каго раўняцца. Але ў нейкі момант я перадумаў. Сказаў сабе: стоп, хопіць, усё кідаю і хачу новае жыццё. На другім курсе забраў дакументы з універсітэта.

Хацелася працаваць. Я з’ехаў у Маскву. У Расіі дзе толькі не працаваў. Мая першая праца займала дзве гадзіны язды. Жыў у адным канцы Масквы, а працаваў у другім.
Я дастаткова смелы хлопец. У сталіцы было небяспечна, зараз успамінаю з жахам тыя часы, але цяпер я загартаваны і цяжкасцяў не баюся.
Дык чаго хачу больш за ўсё? Яшчэ ў школе мне падабалася стрыгчы. Калі паглядзець выпускны альбом, то ўжо тады ў мяне была самая стыльная стрыжка ў класе.

Многія пасмейваліся, пыталіся: што ты робіш? Навошта табе гэта?
Раней не было моды, каб валасы ўверх падымаць. Я быў першым. Глядзеў і чытаў модныя часопісы. І стаў рабіць сабе ўкладку. Цяпер ужо і валасы сабе пафарбаваў. А чаму не?

За час працы ў Маскве сабраў грошы. Думаў пайсці ў альпіністы альбо на курсы барбершопаў. Абраў другое.
Знайсці працу па новай спецыяльнасці аказалася лёгка. Часам наведваю майстар-класы знакамітых майстроў. Паверце, нават з маім узроўнем, навыкаў у прафесіі і ведаў недастаткова. Хачу ўдасканальвацца. У практыцы і інфармацыі я яшчэ галодны.

Сам сябе забяспечваю, мне хутка 22 гады. А я ўжо і папрацаваць паспеў, і павандраваць. Зараз часова вярнуўся на радзіму. Жыву з бабуляй, ёй дапамагаю па гаспадарцы.
Нядаўна мяне запрасілі працаваць за мяжой, але я адмовіўся. Шмат гадоў не быў у Петрыкаве, тут лепшы сябар у мяне. Вырашыў стварыць сабе адпачынак. Даў некалькі аб’яў пра свае паслугі, заробку пакуль хапае. Як будзе далей – дакладна не магу сказаць. Але адназначна, што сядзець на месцы не буду. Яшчэ хочацца свет пабачыць.

ВАШ ІМІДЖ – ВАШ ПОСПЕХ!

У барбершопе прафесійна працуюць з барадой, яе могуць пастрыгчы, пагаліць. Дарэчы, у добрых мужчынскіх салонах можна заказаць паслугу галення вострай брытвай – выдатны варыянт адпачынку з дадатковай дозай адрэналіну. Майстры вучацца валодаць вельмі вострым лязом на паветраных шарах. Галоўнае ў працэсе навучання, каб такі шар не лопнуў.

На кошт паслуг уплываюць розныя фактары. Калі ў цырульні можна пастрыгчыся вельмі танна, асабліва, калі канчатковы вынік не гэтак важны, то ў барбершопах, як і ў прэстыжных салонах прыгажосці, трохі даражэй. Гэта звязана з дарагой атмасферай, напоямі, якія прапануюць бясплатна, майстры – прафесіяналы сваёй справы. Таму за камфорт і якасць прыйдзецца заплаціць крыху больш.

ВАШ ІМІДЖ – ВАШ ПОСПЕХ!

Фота з архіва Улада

Для тых, хто яшчэ сумняваецца, прыходзіць да мяне на стрыжку ці не, скажу: застацца ранейшым – сумна.А вось адважыцца на змену стылю, зрабіць сябе мужным і прывабным – залог поспеху не толькі ў прадстаўніц прыгожага полу, але і ў бізнесе, прафесійным асяроддзі. Бо ваш імідж – гэта ўпэўненасць у сабе і сваіх сілах!

Гутарыла Наталля
ЧАРНЯЎСКАЯ.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о