Пытанне захаванасці матэрыяльна-тэхнічных каштоўнасцяў на аб’ектах прадпрыемстваў і арганізацый раёна не страчвае сваёй актуальнасці. І многае ў гэтым плане залежыць ад наладжанай работы вартавой аховы.

У практыцы работы аддзела ўнутраных спраў райвыканкама – рэгулярнае правядзенне рэйдаў па праверцы работы вартаўнікоў. Як адзначаюць у РАУС, у рэдкім выпадку абыходзіцца без парушэнняў.

Днямі журналісты раёнкі разам з начальнікам інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Іванам Браімам і інспектарам ДПС АДАІ РАУС Віталем Новакам прынялі ўдзел у адным з такіх вячэрніх рэйдаў, які праходзіў па тэрыторыях Петрыкаўскага, Ляскавіцкага і Капцэвіцкага сельскіх Саветаў.

Першымі былі наведаны таварныя фермы “Макарычы” і “Турок” УП “Палессе-Аграінвест”.

Трэба сказаць, што на іх нясуць дзяжурствы начныя жывёлаводы, на якіх акрамя догляду жывёлы ўскладзены абавязкі вартаўнікоў. У гэты дзень Віктар Макарэвіч і Фёдар Жукавец спраўна неслі сваю службу.

Першае парушэнне заўважылі пры праверцы Рубчанскага лясніцтва. Тут вартаўніка на працоўным месцы не было. Пры гэтым ліхтар гарэў толькі на адміністрацыйным будынку, астатняя тэрыторыя не асвятлялася.

На малочнатаварнай ферме “Вышалаў” і ў мехмайстэрні УП “Палессе-Аграінвест” у Галубіцы вартаўнікі Уладзімір Жукавец і Галіна Занкевіч знаходзіліся на працоўных месцах і спраўна выконвалі свае абавязкі.

Затое на кацельні каля дзіцячага сада ў Галубіцы дзяжурны качагар адсутнічаў – на ўваходных дзвярах вісеў замок. Да таго ж працаўнік пакінуў без нагляду тлеючае смецце паблізу драўлянага будынка.

На астатніх наведаных аб’ектах – у дзіцячым садзе і школе ў Галубіцы, у Ляскавіцкай сярэдняй школе – вартаўнікі спраўна неслі сваю службу і заўваг да іх не было.

А вось на ляскавіцкай кацельні № 23 райжылкамгаса а палове дванаццатай гадзіны ночы качагар мірна спаў на лавачцы. На кацельні на момант наведвання з-пад крана цякла вада акурат на электрарухавікі,  што магло прывесці да аварыі.

Не давялося сустрэцца ўдзельнікам рэйду з вартаўніком Брынёўскага лясніцтва, які адсутнічаў на працоўным месцы. Не была асветлена і тэрыторыя. Гэтак жа не маглі дагрукацца ўдзельнікі рэйду да вартаўнікоў Брынёўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы, Капцэвіцкай сярэдняй школы і МТФ “Аголічы” УП “Палессе-Аграінвест”.

Належна выконвалі абавязкі качагар камунгасаўскай кацельні № 34 у Брынёве, вартаўнік Капцэвіцкага лясніцтва і аператар кацельні № 32 у Капцэвічах.

Усе выяўленыя ў час правядзення рэйду парушэнні і заўвагі былі накіраваны кіраўнікам арганізацый і прадпрыемстваў для прыняцця мер і далейшага недапушчэння падобных фактаў.

Дзмітрый АЛЯКСАНДРАЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о