Ларыса Лаўрэнцьева стала пераможцай абласнога конкурсу “Валанцёр года-2020” у намінацыі “Валанцёр-памочнік года старшыні раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа”

Валанцёр – стан душы

Амаль дзесяць гадоў Ларыса Лаўрэнцьева сумяшчае статус пенсіянера і грамадскую нагрузку памочніка. Некалі даўно прыйсці ў Чырвоны Крыж яе прымусілі абставіны. Тут ёй, удаве з непаўналетнім сынам, дапамаглі і пад-трымалі. Удзячная за тое, Ларыса Фёдараўна стала сама дапамагаць Чырвонаму Крыжу. На той час працавала інспектарам ў Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дапамагала з афармленнем некаторых дакументаў. А пасля выхаду на пенсію прыйшла ў Чырвоны Крыж памочнікам.
У Беларусі толькі пачынае развівацца валанцёрства сярод пажылых людзей. І Ларыса Лаўрэнцьева – прадстаўнік такога руху.
– Пенсія дае нам многа вольнага часу, які можна правесці з карысцю, – упэўнена Ларыса Фёдараўна. – У мяне хутка сфарміравалася неабходнасць ісці сюды кожны дзень, як на працу. Гэта дазваляе трымаць сябе ў тонусе, дае маральнае задавальненне ад справы, якую я раблю. Памочнік старшыні – гэта не пасада, не работа, а грамадская нагрузка без матэрыяльнага стымулявання. Але яна таго вартая. Тут я патрэбна і карысна. Часта даводзіцца чуць словы падзякі ад людзей, якіх да нас прыводзіць гора ці жыццёвыя складанасці. І тут як нідзе трапна гучыць наш даўні піянерскі лозунг: “Калі не я, то хто?”
Некалі працоўная дзейнасць Ларысы Лаўрэнцьевай была цесна звязана з дакументамі. У гэтым яна адукаваная і акуратная. Старшыня раённай арганізацыі Людміла Петрухова гаворыць, што ўсё ў яе памочніка раскладзена “па паліцах” і любая праверка – не страшная.
– Наша раённая арганізацыя знаходзіцца ў пастаянным пошуку тых, каму патрэбна дапамога, і тых, хто можа яе даць, – расказала Людміла Петухова. – Мы ўзялі трывалае шэфства над навучэнцамі Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі і Петрыкаўскай школы-інтэрната для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, інвалідамі дзяцінства дапенсійнага ўзросту, людзьмі, што пражываюць у Капцэвіцкім доме-інтэрнаце і палатах сястрынскага догляду, адзінокімі жанчынамі, якія раней працавалі медыцынскімі работнікамі і педагогамі. Да нас амаль штодня ідуць за дапамогай людзі, што апынуліся ў складаных жыццёвых сітуацыях. Мы актыўна вядзём асветніцка-прафілактычную работу. Згадзіцеся, з такім аб’ёмам работы аднаму старшыні не справіцца. У нас склаўся трывалы калектыў аднадумцаў, які прырастае ўсё новымі людзьмі з добрым сэрцам.
Петрыкаўская раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа – адна з лепшых у вобласці. Пра тое сведчаць штогадовыя ўзнагароды. Граматы за плённае супрацоўніцтва з Чырвоным Крыжом былі раней уручаны прадстаўнікам мясцовага малога бізнэсу Анатолію Мячыну і Святлане Сялюк. Летась лепшым валанцёрам быў прызнаны Раман Курдо (пра гэта мы не так даўно пісалі), сёлета – Ларыса Лаўрэнцьева. Сама Людміла Петухова, нагадаем, у 2018 годзе атрымала найвышэйшую ўзнагароду Чырвонага Крыжа – “Гуманнае сэрца”, трэба сказаць, што яна адзіная ў вобласці, хто ўдастоены такога гонару. Многа гадоў працягваецца супрацоўніцтва арганізацыі з прадпрымальнікамі Пятром Ланькам і Лідзіяй Голуб. А цяпер да гэтага кола мецэнатаў далучаюцца прадстаўнікі гандлёвых сетак “Еўрагандаль”, “Мілы”, магазіна адзення з “Еўраопту”.

– Апошнія гады людзі актыўней сталі супрацоўнічаць з Чырвоным Крыжом, – пазначыла Ларыса Лаўрэнцьева. – Сведчанне таму, у тым ліку, і кантэйнер на ганку нашага будынку, што хутка напаўняецца добрымі рэчамі. Гэта дае нам запас неабходнага адзення і іншых прадметаў для любой катэгорыі маючых патрэбу. У людзей да нас сфарміраваўся асабісты давер. Што ні кажыце, а працуем мы з матэрыяльнымі каштоўнасцямі, і ненадзейным свае рэчы людзі давяраць не стануць. А толькі тым, у кім упэўнены. Атрымліваем і канкрэтныя заяўкі. Напрыклад, Капцэвіцкаму дому-інтэрнату патрэбны просціны на рызінках, а палатам сястрынскага догляду – цёплае адзенне ў сезон. Фарміраваць скрыні з кантэйнера нам дапамагаюць валанцёры-работнікі камунгаса, найперш Ніна Віслоўская. А ў асветніцкай дзейнасці мы супрацоўнічаем з Цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі. Галоўны санітарны ўрач Сяргей Талецкі з’яўляецца старшынёй прэзідыума раённай арганізацыі і аказвае вялікую падтрымку. А памочнік урача-эпідэміёлага Ксенія Лягун да таго ж – валанцёр Чырвонага Крыжа.

Чырвоным Крыжом не абмяжоўваецца грамадская актыўнасць Ларысы Лаўрэнцьевай. Ужо тры гады яна з’яўляецца прадстаўніком Беларускага таварыства інвалідаў па зроку па Петрыкаўскім раёне, змяніўшы на гэтай пасадзе Лідзію Жмодзік. І тут Ларыса Фёдараўна лёгка знайшла агульную мову з членамі таварыства, а таксама калектывам Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і яго кіраўніком Галінай Сухоцкай, якія дапамагаюць ёй у многіх пытаннях БелТІЗ. Вывучаючы патрэбы інвалідаў па зроку, яна разам з Чырвоным Крыжом дапамагае тым з іх, каму неабходна падтрымка.

– Не кожны зможа працаваць у Чырвоным Крыжы, – падагульняе гутарку Людміла Петухова. – Трэба штодня быць гатовым аказаць дапамогу. Трэба мець пэўны характар, умець працаваць з людзьмі. Усё гэта ёсць у Ларысы Фёдараўны. А таксама сіла духу, якая прымушае яе штодзень ісці сюды, не хавацца ад зносін у небяспечны час пандэміі. Яе ўзнагарода – прычына для гонару.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о