Каляндарнае лета завітае да нас ужо ў суботу, прыйшло і чаканае сапраўднае цяпло. Вада ў вадаёмах прагрэлася і прыцягвае да сябе адпачываючых. Але менавіта каля вады трэба памятаць, што любы няправільны крок можа прывесці да няшчаснага выпадку. Днямі такое няшчасце здарылася на Магілёўшчыне: патанулі трое дзетак. Што трэба браць за аснову, каб такая бяда не кранулася вашай сям’і?

ВАДА ГАЮЧАЯ І НЕБЯСПЕЧНАЯ

На гэта пытанне адказаў начальнік Петрыкаўскай выратавальнай станцыі Андрэй ГАЛІЦКІ:
– Калі гэта датычыць дарослых, то купацца цвярозымі – самая першая і галоўная парада ўсім, хто адпачывае каля вады. Статыстыка сведчыць, што 70 % патанулых мелі ступень ап’янення.
“Спінальнікі” – так называюць медыкі людзей з траўмай нырца. Такія пацярпелыя атрымліваюць траўму шыйнага аддзела пазваночніка, а гэта гарантаваная нерухомасць.
На вадзе няма месца спрэчкам і правакацыям. Часцяком з-за спрэчак узнікае жаданне пераплыць вадаём, нырнуць з абрывістага берага. Узнікае азарт. У парыве жадання даказаць нешта, чалавек здзяйсняе неабдуманыя дзеянні і тым самым церпіць паражэнне.
Другое правіла – плаваць толькі ў спецыяльна абсталяваных для гэтага месцах. Рашэннем райвыканкама вызначаны месцы для масавага адпачынку грамадзян каля вады – гарадскія пляжы № 1 і № 2. Забароненымі з’яўляюцца затокі “Старычы”, “Бычок”, участак ракі Прыпяць ад гарадскога пляжа № 1 да пляжа № 2, ад пляжа № 2 да паромнай пераправы і 50 метраў ніжэй па яе цячэнні, сажалка па вуліцы 2-гі завулак Першамайскі (за філіялам “Гомельаблпаліва”).
За купанне ў забароненых месцах прадугледжаны штраф у памеры ад 1 да 3 базавых велічынь па артыкуле адміністрацыйнага кодэксу 23.63.
Трэцяе правіла – ні ў якім разе не пакідайце каля вады дзіця без нагляду. Рэкамендацыя банальная, але штогод у краіне гінуць на вадзе дзеці. Маленькія тонуць нават у бочках для паліву агарода, у надзіманых басейнах, ваннах. Многія бацькі адпускаюць дзяцей да вады, а самі сядзяць на беразе. Пры гэтым запэўніваюць, што назіраюць за дзіцям. Дзіцяці, якое не ўмее плаваць, дастаткова перападу глыбіні вады ў 20-30 сантыметраў, каб патануць.
Калі ў вас дзеці падлеткавага ўзросту, то гэта не значыць, што вы можаце захоўваць заспакаенне. Дзеці арганізоўваюць эктрэмальныя гульні: заплывы на адлегласць, катанне на самаробных плытах, ныранне з трамплінаў і крутых берагоў, скокі з “тарзанак”. У час канікул бацькі не заўсёды ведаюць, чым займаюцца іх дзеці. Над гэтым варта падумаць!
Калі вы не ўпэўнены, што добра плаваеце і здольныя выцягнуць з вады чалавека, які тоне, лепш не скачыце ў ваду, а імгненна тэлефануйце па нумары 101 альбо 5-24-70. Тэлефоны экстраных служб ёсць на стэндах гарадскіх пляжаў. Калі ж вы ўсё ж вырашылі выратоўваць чалавека, то кіньце прадмет, які добра плавае: мяч, надзіманы круг, аўтамабільную камеру. Калі давядзецца плыць да чалавека, які знаходзіцца далёка ад берага, то апраніце на сябе выратавальную камізэльку. Падплывайце да пацярпелага ззаду, бо ў паніцы ён можа вас стукнуць. Не бойцеся выцягваць чалавека за валасы – гэта дзейсны спосаб.

І. АЛЯКСАНДРАВА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о