IMG_6612_1

Маляўнічыя прасторы палескіх вадаёмаў як магніт  прыцягваюць турыстаў, рыбакоў, аматараў купання. Вада – сябар чалавека, калі захоўваць правілы паводзін на прасторах рэк і азёр. Але здараюцца выпадкі, калі чалавек, не разлічыўшы свае сілы і веды, трапляе на вадзе ў бяду. І тут на дапамогу спяшаюцца работнікі выратавальнай станцыі. Людзі гэтай прафесіі не спыняюць сваю варту на працягу ўсяго каляндарнага года.

Калектыў выратавальнай станцыі раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах складаюць 14 чалавек. Узначальвае яго Андрэй Галіцкі.

Неаднаразова на старонках раёнкі мы змяшчалі інфармацыю пра перамогі калектыву на абласным конкурсе прафесійнага майстэрства. Мясцовыя  выратавальнікі былі лідарамі некалькі гадоў запар. Кіраўнік жа, Андрэй Аляксандравіч, праяўляе сябе не толькі ў прафесійным плане. Дома ён цудоўны гаспадар і муж, клапатлівы бацька для сваіх дочак. Адзначу, што некалькі гадоў таму сям’я Галіцкіх была пераможцай раённага конкурсу маладых сем’яў і ў ліку лепшых на міжрэгіянальным конкурсе.

Прафесія выратавальніка суправаджае Андрэя Аляксандравіча працяглы час. Пасля заканчэння былога Палескага саўгаса-тэхнікума і службы ў арміі быў у пошуку працы. Былы начальнік выратавальнай станцыі Анастас Кулікоўскі запрасіў вадалазам. Для гэтага давялося прайсці ў Гомелі спецыяльныя курсы.

8 красавіка сёлета споўніцца ўжо 20 гадоў, як Андрэй Галіцкі працуе на выратавальнай станцыі. Работа, як лічыць сам, складаная, але не без рамантыкі. Натхняе прырода на творчасць, якой выпадае займацца ў вольны час. Вырабляе розныя падзелкі, каб парадаваць дамашніх і калег.  Арыгінальная елачка з шышак  была зроблена напярэдадні навагодніх святаў. Ёсць і больш складаныя вырабы з металу і іншых матэрыялаў.

Што датычыць работы, то пра яе Андрэй Аляксандравіч распавядаць можа бясконца. Прыемна, што за апошнія гады абмундзіраванне для вадалазаў набыта сучаснае. Неапрэнавыя гідракасцюмы разам з кіслароднымі балонамі важаць у сярэднім 25 кілаграмаў. Раней карысталіся скафандрамі 60-х гадоў, якія былі  куды больш цяжкія і нязручныя.

Трэніровачныя спускі пад ваду праводзяць для падтрымання навыкаў, загартоўкі маральна-валявых якасцяў. Работа вадалазаў патрэбна не толькі для пошуку патанулых, але і для ачысткі дна каля пляжаў да купальнага сезона. А замацаваных пляжаў за  выратавальнікамі сем. З іх тры на тэрыторыі нашага раёна, астатнія – на Жыткаўшчыне і ў Акцябрскім раёне.

Прафесія вадалаза – адна са складаных. Тым больш, што працаваць ва ўмовах дрэннай бачнасці і пры моцным цячэнні рэк – гэта пад сілу толькі сапраўдным мужчынам. Доўгі час займаюцца гэтай справай Віктар Палтаран, Алег Міцкевіч, Руслан Мандрусаў і начальнік станцыі. Увогуле, як адзначыў Андрэй Галіцкі, справа выратавальнікаў – гэта камандная работа, і поспех яе залежыць ад зладжанасці і разумення.

Мінулы год выдаўся даволі складаным. У купальны сезон папярэдзілі патапленне пяці чалавек, чатыры з якіх былі непаўналетнімі. Па двое патанулых дарослых было ў нас і ў Жыткавіцкім раёне. Разам з тым, начальнік адзначыў, што людзі сталі больш адказнымі: у цёплы перыяд года не імкнуцца пераплываць рэкі, не заплываюць за буйкі.

Шмат прафілактычных мерапрыемстваў праводзяць выратавальнікі ў працоўных калектывах, ва ўстановах адукацыі. Усё ж, як сведчыць статыстыка, без трагедый не абыходзіцца. Асаблівы клопат з рыбакамі, якія зімой пехам дабіраюцца ў недасягальныя мясціны. У выпадку аказання дапамогі выратавальнікам самім даводзіцца пераадольваць шмат перашкод. Тым больш, што самай галоўнай праблемай для выратавальнай станцыі з’яўляецца адсутнасць аўтамабіля.

Улічваючы цяперашняе фінансаванне, выратавальнікі  праяўляюць свае практычныя навыкі і ў рамонце плаўсродкаў, абмундзіравання. А яшчэ яны цудоўныя будаўнікі. Самому будынку станцыі далёка за 40 гадоў. Але кожны год сваімі сіламі мужчыны тут нешта майструюць, прыводзяць памяшканне ў больш камфортныя ўмовы. Цяпер уладкоўваюць пакой для адпачынку і прыняцця ежы.

Мы шчыра віншуем калектыў выратавальнай станцыі і жадаем здароўя, дабрабыту, вытрымкі і спакойнай варты!

А заўтра, паважаныя чытачы, на праваслаўнае свята Вадохрышча выратавальнікі запрашаюць жадаючых акунуцца ў палонку.

Інга ГІЛЕНКА.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о