“Да Вялікай Айчыннай вайны наша сям’я жыла ў пасёлку Старобіне, што зараз знаходзіцца ў межах Салігорскага раёна. Тата, гісторык па адукацыі, працаваў дырэктарам школы. Матуля – Ніна Міхайлаўна – была настаўніцай матэматыкі. У таты былі два браты – старэйшы Сільвестр, настаўнік літаратуры, і малодшы Алесь, што працаваў вадзіцелем. Была і малодшая сястра Вінадора, што некаторы час жыла з намі і ўсё сваё жыццё працавала медсястрой. Пасля вайны яна часта наведвалася да нас у Мінск і расказвала пра бацьку.

Сям’я наша была вялікая і дружная, усе дапамагалі адзін аднаму. Мы з сястрою былі хоць і маленькія, але памяталі, што тата з вялікай радасцю праводзіў вольную гадзіну са сваімі любімымі дачушкамі. Ён вельмі любіў ладзіць розныя розыгрышы. Напрыклад, нацягваў тонкую вяровачку і на яе падвешваў розныя прысмакі: цукеркі, абаранкі, а мы павінны былі без дапамогі рук адкусіць ад якога-небудзь ласунка. Нягледзячы на занятасць тата заўсёды знаходзіў час пагутарыць з намі, пагуляць, а мы з захапленнем сядзелі ў яго на каленях. Гэта было даўно, але назаўсёды засталося ў памяці. Бацька здаваўся нам такім вялікім, моцным, дарослым, а яму было ўсяго 26-28 гадоў.

На 30-м годзе жыцця тату прызвалі ў войска і адправілі ваяваць на Фінскі фронт. Літаральна за два дні да Вялікай Айчыннай вайны маці паехала да сястры і пляменнікаў у Ленінград. Звестка пра напад фашыстаў застала яе ў дарозе. Не дабраўшыся да Ленінграда, матуля сышла з цягніка і на спадарожным транспарце вярнулася дадому.

Мама разумела, што неабходна хутка ехаць са Старобіна на ўсход. Ёй было цяжка: бацькі не было, ехаць таксама не было на чым, а на руках малыя дзеці (тады нам было 3 і 5 гадоў). Матуля хутка сабрала ўсё неабходнае ў торбу, узяла нас за рукі і мы пайшлі ў дарогу са спадзяваннем сесці на спадарожны транспарт. Але ўсе машыны, што ехалі з горада, былі перагружаны людзьмі і рэчамі, таму ніхто не спыняўся.

1

Нарэшце пашанцавала. Нас дагнала машына з сям’ёй татавага знаёмага. Дзядзька  скінуў з машыны нейкія рэчы і ўзяў нас з сабой. Мама заўсёды была шчыра ўдзячная яму за гэта. Сяброўскія адносіны маці і цёткі Жэні Меркуль захаваліся да канца іх жыцця. Пасля вайны, ужо ў Мінску, яны часта сустракаліся і дапамагалі адна адной.

Ехалі ў накірунку Гомеля, але вымушаныя былі вярнуцца назад, бо горад ужо жорстка бамбілі немцы. Дадому дабіраліся пяшком. Ісці было цяжка, я плакала і прасілася на рукі.

У адной вёсцы мама дапамагала па гаспадарцы жанчыне, якая пагадзілася нас прытуліць на некалькі дзён. Шыла, гатавала, рабіла любую працу. За гэта нас кармілі, далі і ў дарогу. Так мы дабраліся да  сваякоў у вёску Крывічы. Там жылі бацькі і браты таты. Гэта быў канец лета 1941 года. Пражылі ў вёсцы да сакавіка 1942-га, а потым на возе паехалі ў вёску Машчыцы, што на Случчыне, да бацькоў маці.

Мы былі ўпэўнены, што тата па-ранейшаму на фронце, і вельмі здзівіліся, калі неяк ноччу прыйшоў партызанскі сувязны. Ён сказаў, што бацька – камандзір партызанскага атрада ў Петрыкаўскім раёне, і мы павінны быць гатовыя ў любы момант з’ехаць да партызанаў.

Пазней тата расказаў маме, што быў адазваны з арміі па рашэнні Цэнтральнага штаба партызанскага руху ў Маскве, прайшоў падрыхтоўку для дыверсійнай працы на акупаванай тэрыторыі. Тата атрымаў асабістую інструкцыю аб працы ў партызанскіх атрадах і заданне: усталяваць пастаянную сувязь паміж камандзірамі партызанскіх атрадаў, падпольнымі абкамамі партыі і Масквой.

Неўзабаве да нас прыехала на возе жанчына. Па даручэнні таты. Мама хутка сабралася…

Сярод рэчаў і саломы на возе была схавана кніга “Гісторыя УКП(б)” у бардовай вокладцы. Як мама не пабаялася ўзяць яе ў дарогу?

Да партызанскага атрада ехалі двое сутак. Раптам з лесу выехаў узброены атрад вершнікаў. “Не бойцеся, – сказала наша новая знаёмая, – гэта нашы!”. Адзін коннік галопам падляцеў да нас – гэта быў тата.

У партызанскім атрадзе мы жылі ў зямлянках. Нам з сястрой справілі кажушкі, валёнкі.

Сустрэчы з бацькам былі святам. Але, на жаль, яны былі рэдкімі і кароткімі. Тата пастаянна партызаніў. Маці таксама актыўна ўключылася ў партызанскую барацьбу, часта хадзіла ў разведку, дапамагала людзям з акупаваных немцамі вёсак пераходзіць да партызанаў.

У самых недаступных месцах, сярод балот будавалі зямлянкі, шалашы. Утвараліся так званыя сямейныя лагеры. У адным з іх жыла і наша стрыечная сястра Соня, браты Фёдар і Леанід са сваёй мамай. Гэта былі дзеці дзядзькі Сільвестра.

Актыўнасць партызанскіх атрадаў мацнела з кожным днём, яны падрывалі масты, чыгуначныя склады з узбраеннем і боепрыпасамі. Фашысты імкнуліся засцерагчы свой тыл, забяспечыць дастаўку зброі на фронт. Для выканання гэтай задачы яны хацелі знішчыць усе партызанскія атрады, рыхтавалі  карныя экспедыцыі. Нямецкія самалёты з раніцы да вечара “віселі” над лесам, дзе хаваліся партызаны, скідвалі бомбы, абстрэльвалі з кулямётаў кожны куст.

Кола акружэння сціскалася. У пачатку 1944 года таварышаў Казлова і Ветрава выклікалі ў Маскву на нараду. Бацька быў прызначаны камандзірам Палескага злучэння. За Казловым і Ветравым даслалі два самалёты, загружаныя боепрыпасамі і медыкаментамі. Самалёт прызямліўся на маленькім аэрадроме ў лесе, пазначаным вогнішчамі на паляне. Было вырашана адправіць за лінію фронту нас з сястрой. Так мы з Ангелінай апынуліся ў гэтую ноч на аэрадроме. Я з нецярпеннем чакала прылёту самалётаў, не разумеючы трагічнасці сітуацыі, бо ляцелі мы з сястрой, а тата з матуляй заставаліся ў гэтым вогненным катле.

Я ўяўляла самалёты вялізнымі, быццам там можна будзе хадзіць, разглядаючы, што адбываецца на зямлі. Нават не баялася, што, пералятаючы праз лінію фронту, нас можа збіць нямецкая артылерыя. Якім жа было расчараванне, калі на аэрадром прызямліліся два маленькія ПО-2. У кожны з іх, акрамя лётчыка, мог сесці яшчэ адзін дарослы чалавек. Нас з сястрой узялі “дадатковым грузам” на кожны самалёт. Сэрца сціскалася ад жаху невядомасці і растання. Я глядзела скрозь слёзы ўніз і бачыла, як тата доўга-доўга бег за нашымі самалётамі, пакуль мы не страцілі яго з позірку. Гэтую карціну я часта сніла, нават калі стала дарослай.

Пазней мама расказала нам, якую страшную блакаду яны перажылі. Гэта было ў канцы сакавіка – першай палове красавіка 1944 года. Немцы пастаянна прачэсвалі тэрыторыю, вымушаючы партызанаў і іх сем’і адступаць усё глыбей у лес, да балот. Часам фашысты падыходзілі так блізка, што чуваць было іх рэзкія каманды, але блізка да балот яны баяліся падыходзіць. А нашы людзі ў такіх крытычных умовах вымушаныя былі па грудзі сядзець у багне, і, што дзіўна, нават маленькія дзеці не выдавалі ніводнага гуку.

Атрад выйшаў да ракі Арэсы. Многія не маглі плыць, па рацэ ішоў крыгаход. Але іншага варыянту выратавацца не было. Абстрэл 12-14 красавіка 1944 года быў жудасны. Большасць людзей перапраўляліся з дапамогай вяроўкі, якую трымалі два партызаны, стоячы ў вадзе, на розных берагах. Матулю бацька таксама прымусіў перабрацца на той бераг, але сам не паспеў… З-за бесперапыннага абстрэлу пераправу давялося прыпыніць. Амаль усе людзі ўжо былі на другім беразе. Бацька ўсім застаўшымся загадаў адыходзіць як мага далей ад гэтага месца.

Сярод партызанаў былі страты. “Ідзіце хутчэй! – скамандаваў бацька, – сустрэнемся тут, калі скончыцца абстрэл”. Ён застаўся з трыма байцамі. Калі стала ціха, партызаны, як і дамовіліся, вярнуліся да месца пераправы. На беразе, дзе застаўся бацька, знайшлі прастрэлены шынель, мама адразу пазнала рэчы таты. Мы мяркуем, што паранены бацька скінуў шынель і паспрабаваў сам пераплыць Арэсу, але імклівы крыгаход, халодная вада, раны, не далі яму пераадолець раку. Гэта здарылася 14 красавіка 1944 года. Партызаны некалькі дзён шукалі цела таты, але безвынікова.

Бацька выконваў абавязкі камандзіра Палескага партызанскага злучэння, за баявыя заслугі быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны. Узнагароду маці ўручыў Міхаіл Калінін у жніўні 1944 года ў Маскве. Тады ж мама забрала нас з сястрой з дзіцячага дома ў пасёлку Пушкіне.

За баявыя заслугі бацька быў прадстаўлены да звання Герой Савецкага Саюза, але фармулёўка “без вестак зніклы” (бо цела не ўдалося знайсці) не дазволіла зацвердзіць гэта высокае званне. Светлую памяць мы захавалі на ўсё жыццё. Яго жыццё, яго подзвігі, яго самаадданасць, любоў да людзей і Радзімы з’яўляюцца прыкладам для нас, нашых сыноў і ўнукаў. Мы заўсёды будзем ганарыцца ім!”

Падрыхтавала

Зінаіда Шыльцова,

навуковы супрацоўнік гісторыка-краязнаўчага музея.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о