У плане мерапрыемстваў на бягучы год першаснай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Ветэраны фізічнай культуры і спорту Петрыкаўскага раёна” была водная прагулка па рацэ Прыпяць з наведваннем знакамітых месцаў Петрыкаўшчыны. Наша пярвічка вырашыла здзейсніць гэта экскурсійна-пазнавальнае мерапрыемства.

Уніз па цячэнні да Дзеда ТалашаУ першую вераснёўскую нядзелю мы падняліся ўверх па цячэнні, а на гэты раз наш шлях быў накіраваны ў бок Навасёлак, да ра-дзімы легендарнага Дзеда Талаша. Гэтую водную вандроўку мы прымеркавалі да тых масавых мерапрыемстваў, якія прахо-дзяць цяпер у краіне ў падтрымку незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.

У ходзе сплаву на нашым шляху сустракалася шмат рыбаловаў-аматараў, з якімі мы перамаўляліся па вышэйназванай тэме і ў большасці выпадкаў знаходзілі паразуменне.
У экскурсійную групу з 13 чалавек увайшлі два пакаленні ветэранаў: спартсмены, якія яшчэ працуюць, і тыя, хто знаходзіцца ўжо на заслужаным адпачынку, але не развітваецца са спортам.

Надвор’е ў гэты дзень нам спрыяла і гэта стварыла цудоўны настрой удзельнікам. Мы міналі прыгожыя маляўнічыя месцы, азёры, якія цудоўна падыходзяць для адпачынку і рыбалкі. А тое, што месцы ў нас сапраўды рыбныя, мы ўпэўніліся ў час паездкі, калі на нашых вачах рыбаловы выцягвалі на вуду ляшчоў і гусцяру. Дарэчы, у выхадныя дні на Петрыкаўшчыну наведваюцца рыбаловы-аматары са шматлікіх рэгіёнаў Беларусі.

Пакуль мы вандравалі па Прыпяці, нам было пра што пагутарыць. Абмяркоўвалі тыя ўмовы, якія сёння створаны ў Петрыкаве. З настальгіяй шкадавалі, што ў наш час такой спартыўнай базы не было, якая сёння створана ў Петрыкаве для моладзі. Узгадалі свае ўдзелы ў раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Некаторыя нават выступалі і на саюзным узроўні. Пра гэта гаварыў майстар спорту СССР Мікалай Хамец. Яго ведае амаль кожны петрыкаўчанін, ды і ў раёне ён чалавек вядомы.

Мікалай Міхайлавіч выканаў званне майстра спорту СССР у вельмі няпростым відзе лёгкай атлетыкі – спартыўнай хадзе на 20 кіламетраў. Гэта былі спаборніцтвы высокага значэння, якія праходзілі ў Санкт-Пецярбургу. На той час наш зямляк быў студэнтам інстытута фізічнай культуры і спорту імя Лесгафта.
Пасля заканчэння Мікалай Хамец вярнуўся на радзіму, дзе працаваў настаўнікам і трэнерам, прывіваў вучням навыкі здаровага ладу жыцця.
Час бяжыць хутка: у студзені 2021 года Мікалай Міхайлавіч адзначыць свой 75-гадовы юбілей. І хаця ўзрост паважаны, але не пакідае ён сваю любімую справу, заўсёды ў руху, па магчымасці прымае ўдзел у спаборніцтвах сярод ветэранаў спорту. А яшчэ ён добры выканаўца застольных песень. Мы з задавальненнем паслухалі іх у час круізу.

Сярод 12 мужчын з намі была і Кацярына Хамец – прызёр трох абласных спартакіяд сярод ветэранаў спорту па летнім шматбор’і. Нам у гэты дзень пашчасціла – Кацярына Уладзіміраўна ўмела сервіравала наш шчодры стол, у чым ёй дапамагаў Сяргей Маёрчык, у недалёкім мінулым добры футбаліст, які гуляў некалькі матчаў за зборную каманду Петрыкаўскага раёна. Таксама ён быў пастаянным удзельнікам усіх раённых баталій у складзе родных Чалюшчавічаў.
У гэты дзень мы арандавалі плаўсродак “Поспех”, які належыць Віктару Палтарану – умеламу кіроўцу яго. Ён таксама з’яўляецца членам нашай пярвічкі. І менавіта ў дзень нашай вандроўкі яму ўручылі пасведчанне ветэрана фізічнай культуры і спорту. Віктар Міхайлавіч увесь свой вольны час прысвячае спорту.
Больш за шэсць гадзін была наша экскурсія. Усім спадабалася. Удзельнікі сплаву атрымалі добры зарад бадзёрасці. І далі абяцанне – у наступным годзе сустракаемся зноў.

І яшчэ адзін момант. У гэты дзень якраз мінула два гады, як пайшоў з жыцця наш сябар і калега Ігар Васільевіч Шастапалаў. Пра яго мы ўзгадалі добрымі словамі, а перад пачаткам вандроўкі наведалі яго магілу і ўсклалі букет асенніх кветак.

Аляксей КАЮКАЛА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о