Часам мы адзначаем, што ўсё пачынаецца са школы. Сапраўды, менавіта ўстановы адукацыі даюць неабходны аб’ём ведаў, патрэбны для далейшага прафесійнага навучання. З малога ўзросту настаўнікі разам з бацькамі прывіваюць дзецям правільнае стаўленне да навучання і працы.

 

 

“Усе настаўнікі таленавітыя”Як зацікавіць школьнікаў, зрабіць штосьці такое, каб агеньчык матывацыі не згас? Пра гэтае і шмат чаго іншага мы пагутарылі з настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства гімназіі горада Петрыкава Галінай Туравец.
Галіна Уладзіміраўна добра вядомы педагог не толькі на Петрыкаўшчыне, але і ва ўсёй Беларусі. Менавіта яе намаганнямі была падрыхтавана вялікая колькасць удзельнікаў алімпіяд абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Сама жанчына сціпла адзначае: “Я неяк намагалася падлічыць, колькі рабят прывязлі на малую радзіму абласных і рэспубліканскіх узнагарод – атрымалася больш двух дзясяткаў вучняў”.

Галіна Туравец скончыла першую гарадскую школу, завочна навучалася на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, працавала ў Бабуніцкай школе піянерважатай, потым – у райкаме камсамола. З 1988 года была завучам у роднай школе. З 2005 года выкладае ў гімназіі.

Як адзначыла настаўніца, любоў да педагогікі з’явілася ў школьным узросце, дзякуючы таленавітым настаўнікам. “У памяці захаваліся заняткі Таццяны Разноўскай. Гэты педагог выходзіла за межы вобраза тагачаснага строгага настаўніка. Яна прысвячала час дадатковай інфармацыі, што па-за базавага аб’ёму навучальнай праграмы, любіла тлумачыць на прыкладах, бяседаваць з вучнямі на розныя тэмы. Жанчына літаральна была творцай на занятках і стала не толькі для мяне сапраўдным аўтарытэтам і ўзорам настаўніка. У час настаўніцкай дзейнасці я адчувала моцную падтрымку з боку кемлівых і творчых педагогаў – Ніны Суцуты, Маргарыты Жарабцовай. За што ім вельмі ўдзячная”, – узгадвае Галіна Уладзіміраўна.

На пытанне, як зацікавіць дзіця, настаўніца адзначае, што ў гімназіі такой праблемы не стаіць.
– З пятага класа можна заўважыць зацікаўленасць у вучняў да гісторыі. Дзеці, з якімі я працую, дастаткова матываваныя. Разумееце, алімпіядны рух, удзел у разнастайных конкурсах літаральна зачароўвае і становіцца своеасаблівай крыніцай творчых сіл. Дакладна магу сказаць адно: нельга прымусіць дзіця любіць навучальную дысцыпліну. Увогуле, адносіны з навучэнцамі павінны пачынацца з павагі да іх выбару: бывала так, што некаторыя нашыя выхаванцы цягнуліся да гісторыі, але са з’яўленнем новых для іх прадметаў аддавалі перавагу, напрыклад, хіміі ці фізіцы. Гэта цалкам дапушчальна – скіравацца да таго, што больш па душы. Некаторыя рабяты таксама пераходзяць займацца і да мяне, калі пачынаюць вывучаць грамадазнаўства.
Што да адносін з дзецьмі, то яны натуральна становяцца сяброўскім. Ды і як інакш, калі мы разам праводзім столькі часу на дадатковых занятках?!

“Усе настаўнікі таленавітыя”Галіна Туравец упэўнена, што цікавасць у дзяцей з’яўляецца не толькі дзякуючы педагогам. Дзеліцца цікавым назіраннем:
– Гімназісты пачынаюць захапляцца гісторыяй, а з цягам часу высвятляецца, што і іх бацькі не абыякавыя да падзей мінулага. Больш таго, бацькі алімпіяднікаў, па магчымасці, дапамагаюць сваім дзецям у вольны час разам вывучаць прадмет. Вось і складваецца так званы трохкутнік поспеху з зацікаўленасці вучня, падтрымкі бацькоў і талента педагога.
Усе настаўнікі таленавітыя. За плячыма кожнага з нас багаж навукі і вопыту. Галоўнае – не апускаць рукі і ўмела карыстацца інструментарыем выкладання. Уласна я аддаю перавагу прэзентацыям. Яны могуць змяшчаць шмат разнастайнай інфармацыі і вельмі зручныя ў карыстанні: мае “алімпіяднікі” ў любы момант могуць адкрыць патрэбны файл на тэлефоне і паўтарыць пэўнаю тэму ці праверыць сябе. Вядома, гэта не адзіны від работы: дзеткі малодшага ўзросту любяць гульні, віктарыны, з радасцю працуюць з картамі.

Навучэнцам старэйшых класаў на занятках па грамадазнаўстве даспадобы прыходзяцца думкавыя эксперыменты, мадэліраванне сітуацый. Усе мы любім экскурсіі і падарожжы: з вучнямі мы завіталі ў шмат гарадоў з багатай гісторыяй ад Санкт-Пецярбурга да Кіева. Дзякуй бацькам, што разумеюць нашу агульную з гімназістамі зацікаўленасць!
Па сутнасці, у маёй рабоце няма нічога звышнатуральнага, падобнымі метадамі карыстаюцца ўсе педагогі. Таму, пачынаючы з раённага этапа алімпіяд, мы адчуваем пэўную канкурэнцыю, – дзеліц-ца вопытам педагог.
У вольны час Галіна Туравец дапамагае мужу на пчальніку, выпраўляецца на рыбалку. Некалькі разоў у час нашай размовы жанчына ўзгадвала пра заслужаны адпачынак. Зразумела, я не мог абысці ўвагай гэтую акалічнасць і спытаў: “Няўжо вы прыпыніце педагагічную дзейнасць з выхадам на пенсію?”.

– Я разумею, што не буду сядзець дома. У планах зменшыць настаўніцкую нагрузку, а калі з’явіцца больш вольнага часу – буду вырашаць, куды яго накіраваць. Больш буду працаваць з “алімпіяднікамі”, магчыма, паглыблю нашу працу ў навуковай галіне. Зрэшты, абавязкова нешта прыдумаю, бо наша справа шматгранная і заўсёды можна адкрыць для сябе нешта новае і цікавае! – падвяла вынік Галіна Уладзіміраўна.

А нам застаецца павіншаваць усіх работнікаў адукацыі Петрыкаўшчыны з прафесійным святам і пажадаць моцнага здароўя, невычэрпных крыніц энергіі і натхнення. Няхай вучні радуюць вас сваёй стараннасцю, а бацькі – разуменнем. Планы становяцца рэчаіснасцю, а святло ведаў ззяе ўсё ярчэй.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о