Гэта быў звычайнейшы правінцыяльны вечар чацвярга. Мы з дружыннікамі камбіната бытавога абслугоўвання і супрацоўнікамі міліцыі выпраўляліся ў рэйд. Восьмая гадзіна, позняя восень. Улічваючы будзёны дзень, цемру і не самую камфортную тэмпературу на вуліцы, можна было заўважыць адзінкавых прахожых. Што ж, за тое была магчымасць пагутарыць з дружыннікамі і супрацоўнікамі РАУС

Усіх ведаем, таму і спакой

– Перад рэйдам мы вызначаемся з маршрутам. У асноўным наведваем сацыяльна значныя аб’екты і месцы масавага скаплення людзей. Тут многае залежыць ад надвор’я і дня тыдня. Напрыклад, сёння людзей амаль няма. Такую карціну можна назіраць ужо колькі тыдняў: па-першае, ужо вільготна і халаднавата, па-другое, пэўна, эпідэміялагічная сітуацыя ўносіць свае карэктывы – з пачаткам другой хвалі каранавіруса грамадзяне сталі больш сядзець дома і гэта станоўчая тэндэнцыя.
У выхадныя дні грамадзян у цэнтральнай частцы горада болей – людзі адпачываюць, нехта ў рэстаране ці кафэ, іншыя спяшаюцца ў госці. Прагульваецца па вуліцах моладзь. Але не трэба думаць, што колькасць правапарушэнняў у такія дні рэзка ўзрастае – у асноўным мы працуем на прадухіленне. Непаўналетнім нагадваем пра час, калі яны павінны быць дома, дарослым, калі ёсць патрэба, нагадваем правілы паводзін. Асабняком тут стаяць грамадзяне на добрым падпітку, асабліва, калі без “хуткай дапамогі” і, як следства, пакарання ўжо не абыйсці, – адзначыў прапаршчык міліцыі Аляксандр Андрук.
Тым часам мы праходзілі па гарадскім парку. Сапраўды, акрамя аднаго мужчыны, што нешта шукаў у сваім тэлефоне, мы нікога больш не сустрэлі.

Усіх ведаем, таму і спакойНакіраваліся далей па вуліцы Камунальнай. Але і тут нікога, засталося толькі ў чарговы раз палюбавацца веліччу Уваскрэсенскай царквы пры начным асвятленні ліхтароў. Урэшце, пашпацыраваўшы па цэнтральных вуліцах і пераканаўшыся, што вакол спакой і цішыня, я прапанаваў прайсці да крамы “Родны кут”, дзе асвятленне лепей. Завязалася гутарка з дружыннікамі.

Ларыса ГРОЦКАЯ, касір-прымальнік:

– Кожны месяц мы ў якасці дружыннікаў выходзім на дапамогу міліцыянерам. Працягласць рэйду залежыць у першую чаргу ад колькасці людзей на вуліцах райцэнтра. Зыходзячы са свайго вопыту, мне падаецца наш горад вельмі спакойным. Чаму? Акрамя работы райаддзела ўнутраных спраў у маленькіх гарадах эфектыўна працуе так званае “грамадскае меркаванне” – усе адзін аднаго ведаюць, таму неабачлівыя паводзіны “дазваляюць” сабе асобныя людзі, бо ў наступны раз прыйдзецца глядзець ужо цвярозымі вачыма на суседа, сваяка ці знаёмага. Прынамсі, мне так здаецца.

Усіх ведаем, таму і спакой

Поруч з Ларысаю ўпершыню выйшаў у рэйд і яе муж Аляксандр Гроцкі, што працуе ў КБА трактарыстам:

– Неяк так, ціха і павольна я сабе гэты рэйд і ўяўляў. Што ў нас можа адбыцца?! Ды і тое, што людзі зараз аддаюць перавагу хатняму адпачынку, мяне ўражвае, бо галоўнае, што я магу пажадаць землякам – моцнага здароўя, якое зараз у натоўпе людзей можна толькі сапсаваць. І я кажу не толькі пра каранавірус, не трэба забывацца пра грып. Паглядзіце, якія на апошнія гады выпадалі зімы! Зараз яшчэ не паўсюль лісце паападала, а вось раней у гэты час ужо мароз браўся, снег быў для лістапада звычайнай з’яваю. Пры такім надвор’і ствараецца самае лепшае асяроддзе для розных інфекцыйных хвароб, таму лепей іншы раз застацца дома.

Усіх ведаем, таму і спакой
Што да Петрыкава, то з пункту гледжання крымінальнай абстаноўкі, я лічу наш горад вельмі камфортным. Тут я адчуваю сябе спакойна. Нават узгадаць не магу, да каго ў мяне апошнім часам былі б заўвагі. Што казаць, я нават машыну не заўсёды зачыняю, бо ўпэўнены: ніхто на мае рэчы не пасягне, усе ж адзін аднаго ведаем, – адзначыў Аляксандр Алегавіч.

Усіх ведаем, таму і спакой

– Дзякуй за шчырую размову і, дарэчы, прыемны шпацыр. Жадаем і вам здароўя, а легкавік, усё ж такі, лепей зачыняць. Бо, як той казаў, спадзявацца трэба на лепшае, але і слабіны не даваць!

Арцём ГУСЕЎ. Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о