Петрыкаўшчына стала трэцім па ліку раёнам вобласці, куды завіталі з дапамогай спецыялісты ўстаноў аховы здароўя абласнога цэнтра у рамках прафілактычнага праекта “Своечасовая прафілактыка хвароб сістэмы кровазвароту – залог здароўя”. Сёлета за кансультацыяй да абласных кардыёлага, анколага, неўролага, валеолага і псіхолага ўжо змаглі наведацца жыхары Брагіна, Мазыра і сельскіх населеных пунктаў гэтых раёнаў.

Урачы завіталі ў рэгіёны Урачы завіталі ў рэгіёны
У нас, як мы пісалі раней, урачы працавалі 16 і 17 красавіка ў ЦРБ, 18 – у Бабунічах і Камаровічах, 19 красавіка – у Чалюшчавічах і Навасёлках. Пэўная колькасць наведвальнікаў атрымала накіраванні для даабследавання ў абласныя кардыялагічны цэнтр, анкалагічны дыспансер і клінічную бальніцу. За час правядзення акцыі кансультацыйна-метадычную дапамогу ўрача-кардыёлага атрымалі 137 чалавек, урача-анколага – 59, урача-неўролага – 98 чалавек, 26 жанчын звярнуліся да ўрача-гінеколага, якога прадаставіла ЦРБ для работы ў сельскіх населеных пунктах. Рэнтгенафлюараграфічнае даследаванне ў перасоўным кабінеце “Пульмаэкспрэс” прайшлі 146 жыхароў раёна.
На першы дзень работы спецыялістаў у раённай бальніцы быў запрошаны і карэспандэнт газеты.
У той час як урач-анколаг Вольга Якубовіч, урач-неўролаг Кацярына Вазюра і ўрач-кардыёлаг Руфан Мустафаеў прымалі пацыентаў у кабінетах, у фае паліклінікі наведвальнікаў сустракалі ўрачы-валеолагі Настасся Сцепанькова і Анатоль Туравец, урач-псіхолаг Кацярына Шундзікава і спецыяліст райЦГіЭ Ксенія Лягун. Тут усім жадаючым было прапанавана вымярэнне вагі цела, артэрыяльнага і вочнага ціску, шэраг псіхалагічных тэстаў і відэапрэзентацый на тэмы прафілактыкі.
Урач-валеолаг абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Настасся Сцепанькова пазначыла, што вызначэнне рэгіёну, дзе праводзіцца акцыя, адбываецца пасродкам вывучэння медыка-дэмаграфічнай сітуацыі, профілі ўрачоў для акцыі вызначаюцца ў залежнасці ад патрэбы рэгіёну. Напрыклад, у Петрыкаве ёсць недахоп у кадрах анколага і кардыёлага. Асабліва актуальная такая дапамога ў сельскіх населеных пунктах, жыхары якіх не заўсёды маюць магчымасць выехаць да спецыялістаў абласных устаноў аховы здароўя. Да таго ж, мясцовыя ўрачы атрымліваюць дадатковую магчымасць папрацаваць са спецыялістамі высокіх кваліфікацыйных катэгорый, якімі і з’яўляюцца камандзіраваныя ўрачы.



Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о