Як і абяцалі, мы працягваем разам з прадстаўнікамі райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу шанаваць працу жывёлаводаў. Менавіта ў зімовы час ад іх працы фінансавы вынік сельгаспрадпрыемства залежыць у большай ступені. Якаснае малако і мяса – вось асноўныя складаючыя прыбытку любой гаспадаркі. А, зразумела, ад работы на поўную моц людзей, занятых у жывёлагадоўлі, залежыць, якой якасці будзе прадукцыя.
Наш маршрут на гэтым тыдні быў накіраваны ў КСУП “Капаткевічы”.

“Упрыгожыць” іх будні – задача прафсаюза
Аператар машыннага даення Алена Палуян заўсёды трымаецца ў ліку лепшых. Менавіта таму знешнасць Алены Мікалаеўны мне падалася добра знаёмай, калі пабачыліся ў час дзённай дойкі на малочна-таварнай ферме “Івашкавічы”.
Дваццаць гадоў рукі гэтай жанчыны выконваюць манатонную цяжкую работу. Пры гэтым добры настрой і ўсмешка не пакідаюць яе. На Петрыкаўшчыну завітала воляй лёсу. Сама з далёкай Удмурціі. Там некалі праходзіў тэрміновую службу Анатоль Палуян. Так і пазнаёміліся: вайсковец ахоўваў адзін з заводаў, а Алена там праходзіла практыку. Вось і прывёз Анатоль Мікалаевіч сваю спадарожніцу на малую радзіму. Нарадзілі і выхавалі трох дзяцей, сёння маюць столькі ж унукаў.
Алена Мікалаеўна паведаміла, што дойны статак змешчаны ў двух вытворчых памяшканнях, на кожнае прыпадае па чатыры аператары машыннага даення. У яе групе 50 кароў. Цяпер пайшлі расцёлы і малака прыбавілася. За снежань кожная рагуля ў сярэднім дала па 12 кілаграмаў малака. Не забываюцца даяркі, што жывёліне трэба дадаць у рацыён па 350 грамаў камбікорму, бо без канцэнтратаў прыбаўкі не чакай. На ферме арганізавана трохразовае даенне: у 5, 13, і 21 гадзіну. Дзень насычаны і нялёгкі, але ўсё па плячы, калі ёсць жаданне працаваць.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Галіна Курловіч уручыла Алене Палуян падарунак і мы накіраваліся на МТФ “1-ая Слабодка”.
Жывёлавод Ірына Козінец – шматдзетная маці, выхоўвае чацвёра дзяцей. Менавіта таму было зразумела прыемнае здзіўленне падарунку, які атрымала ў гэты дзень жанчына – керамічны посуд для прыгатавання ежы ў духавой шафе. Адразу пажартавала і загадчыца фермы Любоў Герасімава: маўляў, трэба “абнавіць” посуд, запячы кашу з гарбузом ды пачаставаць калектыў. Жанчына згадзілася.
Дарэчы, Любоў Мікалаеўна амаль дзесяць гадоў на пенсіі, але працягвае загадваць фермай. Прызнаецца жанчына, што дома нішто не стрымлівае: муж пайшоў з жыцця шэсць гадоў таму, дзеці дарослыя, кожны жыве сваім жыццём. Узгадала суразмоўніца, што гадоў 20-30 таму можна было атрымліваць вялікія надоі і прывагі, бо гаспадарка вырошчвала бульбу, буракі, якія дадавалі ў рацыён жывёле. Ды і сіласныя ямы раскрывалі толькі ў студзені, адкуль адразалі па частках сухі жоўта-зялёны кукурузны корм. “Прыемна было зірнуць на той корм і ўзяць у рукі”, – гаворыць Любоў Герасімава. “Ды і працы ручной раней жывёлаводам было куды больш, цяпер бы не вытрымалі такой нагрузкі”.
А Ірына Козінец дадала, што цяпер на гэтай ферме ўтрымліваюць жывёлу на мяса. Сама Ірына Аляксандраўна даглядае сваіх бычкоў на заключным этапе. У сярэднім у групе гадаванцаў атрымлівае прывагі па 600-650 грамаў. У Першай Слабодцы працуе сем гадоў.
Наступным пунктам наведвання стаў малочна-таварны комплекс “Капаткевічы”. Камплект пасцельнай бялізны атрымаў Аляксандр Бельскі і быў задаволены падарункам.
Аляксандр Іванавіч раней працаваў жывёлаводам у КСУП “Чалю-шчавічы”, ды і сам пражывае ў аграгарадку Чалюшчавічы. Калі справы там пайшлі не на лад, перайшоў у Капаткевічы. З 2016 года заняты тут.
Мужчына адзначыў, што ён адзін абслугоўвае чатыры вытворчыя памяшканні, у кожным з якіх ад 150 да 200 галоў жывёлы. Раздача кармоў, расчыстка праходаў, прыбіранне так званага кармавога стала гадаванцаў – асноўная яго работа. Прысесці няма калі. Дома таксама гаспадарка, сям’я трымае карову. Раней, са слоў мужчыны, было тры рагулі, а да таго – пяць. З-за занятасці пайшлі на памяншэнне.
Аляксандр Іванавіч падзяліўся, што за снежань атрымаў 740 рублёў заработнай платы. Лічыць, што гэта няблага. Дзеці дарослыя, таксама звязалі свой лёс з сельскай гаспадаркай: пасля заканчэння Горацкай сельгасакадэміі дачка Вікторыя атрымала бухгалтарскую спецыяльнасць, сын Сяргей нядаўна стаў інжынерам і хутчэй за ўсё трапіць на адпрацоўку ў КСУП “Капаткевічы”.
На гэтым комплексе мы ўшанавалі і аператара машыннага даення Аксану Несцярчук. Аксана Якаўлеўна як раз была занята даеннем. Яна на раздоі першацёлак. Справа адказная, бо гэта “малочны” патэнцыял на некалькі гадоў.
Жанчына прызналася, што праца звыклая для яе, займаецца гэтым аж з 1992 года. І да добрых паказчыкаў імкнецца.
Дзеці дарослыя. Дочкі Вікторыя і Настасся маюць свае сем’і. Засталіся на Петрыкаўшчыне: адна ў Курыцічах, другая пражывае ў Мышанцы. Выхоўваюць траіх унукаў, якімі Аксана Якаўлеўна вельмі ганарыцца.
Добрага вам здароўя, паважаныя жывёлаводы, і пабольш прыемных падстаў для ўсмешак!

Інга ГІЛЕНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о