Рэзервы для развіцця турыстычнай індустрыі неабходна мець і развіваць у кожным раёне краіны. На гэтым была сканцэнтравана ўвага намесніка прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігара Петрышэнкі ў час пасяджэння Міжведамаснага экспертна-каардынацыйнага савета па турызме пры Савеце Міністраў Беларусі, што ў мінулую пятніцу прайшоў на тэрыторыі Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”.

Унутраны турызм:  рэзервы для развіцця  турыстычнай індустрыіНа пасяджэнні ўдзельнікамі, а гэта прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў краіны, былі абмеркаваны рэгіянальныя пілотныя праекты, якія ўключалі разнастайныя накірункі, у тым ліку прамысловы, адукацыйны, аздараўленчы, веласіпедны, водны, гастранамічны і аграэкатурызм.

Так, рэгіёны шукаюць дадатковыя спосабы і варыянты для раскрыцця свайго патэнцыялу, развіцця ўнутранага турызму. Пілотны прадукт ад Гомельшчыны “Патрыятычны імпульс”, які арыентуе турыстаў на месцы памяці, дзе яны змогуць адчуць моцныя патрыятычныя эмоцыі на тэрыторыях з асаблівай аурай і сэнсам, прадставіў намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Прывалаў.

Па выніках экспертнай ацэнкі прэзентацыя нашай вобласці адзначана з пазіцыі “соцыакультурная эфектыўнасць”.
Як адзначыў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка, праект Гомельшчыны накіраваны на патрыятычнае выхаванне не толькі моладзі, але і ўсіх грамадзян. Шлях да святых месцаў і даніна памяці – гэта генетычны код кожнага беларуса, пачынаючы ад самых маленькіх і да дарослых, і сёння ён сярод галоўных духоўных каштоўнасцяў.
Да таго ж, у Беларусі неабходна больш актыўна задзейнічаць патэнцыял рэк для развіцця турызму. Па меркаванні віцэ-прэм’ера, пры выдатных прыродна-ландшафтных магчымасцях гэты рэсурс у турыстычнай галіне, на сённяшні дзень, выкарыстоўваецца мінімальна.
– Прырода падаравала нашым рэгіёнам паўнаводныя рэкі, якія раней выкарыстоўваліся і для прамысловых мэт, было развіта судаходства для перамяшчэння тавараў. Зараз неабходнасці ў гэтым няма, аднак нам неабходна задзейнічаць гэты рэсурс для развіцця турыстычных накірункаў, – зазначыў у час работы форума Ігар Віктаравіч.
Таксама віцэ-прэм’ер звярнуў увагу на тое, што ў Ляскавічах на сённяшні дзень ужо створана інфраструктура і яе варта актыўна задзейнічаць у бліжэйшы час.
Так, сёння туріндустрыя краіны зацікаўлена ў тым, каб у першую чаргу развіваўся ўнутраны турызм. Беларусы павінны болей даведацца пра сваю краіну, – рэзюмаваў Ігар Петрышэнка, адзначыўшы пры гэтым важнасць уезднага тырызму: ”Замежныя госці з задавальненнем наведваюць нашу краіну. Мы пры гэтым дэманструем ім не толькі прыгажосць нашай прыроды, але і нашыя дасягненні па ўсіх накірунках.
Удзельнікі пасяджэння ў час работы форума пазнаёміліся з экспазіцыяй гісторыка-этнаграфічнага комплексу “Музей пад адкрытым небам”. Пазнаёміліся таксама з работай гасцініцы “Над Прыпяццю”, асаблівасцямі яе функцыянавання ва ўмовах пандэміі, выкліканай COVID-19. Таксама ў маршруце ўдзельнікаў Міжведамаснага экспертна-каардынацыйнага савета па турызме пры Савеце Міністраў значылася і наведванне сафары-парка.
Намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка ў гэты дзень таксама наведаў некалькі сацыяльных аб’ектаў райцэнтра, сярод якіх школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі маўлення, а таксама цэнтральная раённая бальніца.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о