У Беларусі ідзе актыўны збор і абмеркаванне прапаноў па змяненнях у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, як самая масавая грамадская арганізацыя краіны, арганізацыя, якая стаіць на абароне працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў грамадзян, не засталася ў баку ад гэтага найважнага пытання.
Якія змяненні ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь былі прапанаваны прафсаюзамі, расказала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Галіна Валянцінаўна ШЧЭРБАК.

Унесены прапановы ў рэформу Канстытуцыі
– Галіна Валянцінаўна, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі паставіла перад сабою задачу прапрацаваць тыя канстытуцыйныя нормы, якія тычацца правоў грамадзян у сацыяльна-працоўнай сферы. Хто займаецца вы-працоўкай прапаноў?
– Юрысты Федэрацыі прафсаюзаў, першасныя арганізацыі цяпер занятыя фармуліроўкай прапаноў для ўнясення ў Канстытуцыю. Мы разумеем, што гэты асноўны закон краіны вызначае будучыню кожнага з нас, тое, як мы будзем працаваць, якія гарантыі будуць у людзей, якім будзе ўзровень сацыяльнай абароны і падтрымкі. І, галоўнае, якім шляхам будзе развівацца наша краіна далей. Мы прапануем усім пад-ключыцца да гэтай работы, уносіць свае прапановы і абмяркоўваць іх у працоўных калектывах. Усе прапановы будуць абагульнены і накіраваны распрацоўшчыкам.
– Шэраг прапаноў ужо сфармуляваны і накіраваны на абмеркаванне. Пазначце іх змест.
– На пасяджэнні савета раённага аб’яднання прафсаюзаў, які прайшоў на пачатку лістапада, быў прыняты шэраг прапаноў. Затым мы іх накіравалі ў Федэрацыю.
Згодна з Канстытуцыяй, Рэспубліка Беларусь з’яўляецца сацыяльнай дзяржавай. І гэта тое, што, на наш погляд, неабходна абавязкова захаваць. Некаторыя нормы ў гэтым накірунку мы прапануем узмацніць. Напрыклад, у дзеючай рэдакцыі дакумента права на працу гарантавана грамадзянам Рэспублікі Беларусь. Мы прапануем выкласці гэту норму ў наступнай рэдакцыі: “Кожнаму чалавеку гарантуецца права на працу як найбольш дастойны спосаб самасцвярджэння чалавека, гэта значыць права на выбар прафесіі, іншага роду заняткаў і работы адпаведна прызванню, здольнасцям, адукацыі, прафесійнай падрыхтоўцы і з улікам грамадскіх патрэб, а таксама на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы”.

Таксама ўнесена прапанова, якая тычыцца артыкула 21. У ім пазначана, што кожны мае права на варты ўзровень жыцця, у тым ліку дастойнае харчаванне, адзенне, жыллё. Мы прапануем дапоўніць гэты артыкул словамі, што кожны мае права таксама “на ахову здароўя, сацыяльнае абслугоўванне. Дзяржава забяспечвае стварэнне ўмоў для вартага ўзроўню жыцця і свабоднага развіцця чалавека”.

– Ці ёсць у прапановах тэзісы, якія тычацца пэўных сацыяльных гарантый?
– Мы падрыхтавалі прапановы, якія закранаюць змяненні ў артыкул 47, дзе гаворыцца, што грамадзянам Беларусі “гарантуецца права на сацыяльнае забеспячэнне ў старасці, у выпадку хваробы, інваліднасці, страты працаздольнасці, страты карміцеля і ў іншых выпадках, прадугледжаных законам”. Мы прапануем словы “прадугледжаных законам” замяніць словамі “страты сродкаў да існавання па незалежных ад яго абставінах адпаведна закону і міжнародным дагаворным абавязальніцтвам Рэспублікі Беларусь”. А таксама прапануем дапоўніць артыкул наступным тэкстам: “Дзяржава развівае сацыяльнае страхаванне, сацыяльнае і медыцынскае абслугоўванне. Пад-трымліваецца ўдзел грамадства і арганізацый у добраахвотным сацыяльным страхаванні, стварэнні дадатковых форм сацыяльнага забеспячэння”.

– Артыкулам 14 Канстытуцыі рэгулююцца адносіны паміж сацыяльнымі партнёрамі – органамі дзяржаўнага кіравання, аб’яднаннямі наймальнікаў і прафесійнымі саюзамі. Ці ёсць прапановы з боку ФПБ у гэты артыкул?
– Адносіны паміж органамі дзяржаўнага кіравання, аб’яднаннямі наймальнікаў і прафесійнымі саюзамі здзяйсняюцца на прынцыпах сацыяльнага партнёрства і ўзаемадзеяння бакоў. Гэта тэзісы цяперашняга дакумента. Мы прапануем гэту норму выкласці ў наступнай рэдакцыі: “Адносіны ў сацыяльна-працоўнай сферы паміж органамі дзяржаўнага кіравання, наймальнікамі (іх аб’яднаннямі) і прафесійнымі саюзамі (іх аб’яднаннямі) здзяйсняюцца на прынцыпах сацыяльнага партнёрства і ўзаемадзеяння бакоў”. Патлумачу, у нас ёсць прапанова падкрэсліць, што прынцыпы сацыяльнага партнёрства і ўзаемадзеяння бакоў павінны рэалізоўвацца не толькі паміж аб’яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў, але і непасрэдна паміж асобнымі наймальнікамі і прафсаюзнымі арганізацыямі на месцах. Гэта аснова дыялогу на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Акрамя гэтага прапануем дапоўніць норму тэзісам: “Кожны з бакоў сацыяльнага партнёрства адказны за прынятыя на сябе абавязальніцтвы”.

Гэта толькі некаторыя прапановы, якія тычацца сферы сацыяльна-працоўных адносінаў. Канстытуцыя ж вызначае ўсе сферы нашага жыцця. Таму, пры абмеркаванні гэтага дакумента на сходах, у працоўных калектывах мы рэкамендуем прафсаюзным лідарам улічваць і абагульняць усе прапановы, якія будуць паступаць ад людзей.
– Дзякуй, Галіна Валянцінаўна, за грунтоўную інфармацыю!

Алена БРУЦКАЯ.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о