У Дзяржаўнай установе “Петрыкаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” працуе аддзяленне сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў. Мы пагутарылі з яго загадчыкам, Натальяй Аляксандраўнай Хамец, якая расказала пра асаблівасці працы аддзялення.
Аддзяленне працуе ужо 19 гадоў.
На 1 снежня 2025 года ў аддзяленне залічана 100 чалавек з інваліднасцю. Частка падапечных займаецца дыстанцыйна. А другая частка – паўстацыянар, гэта людзі, якія 2-3 разы на ты-дзень наведваюць аддзяленне.
У тэрытарыяльнага цэнтра ёсць свой транспарт. Існуе пэўны графік, па якім ажыццяўляецца падвоз з вёсак – Макарычы, Бяланавічы, Мышанка, Капцэвічы і іншых.
Аддзяленне наведваюць дарослыя людзі з першай-другой групай інваліднасці на бясплатнай аснове. Для патрэб наведвальнікаў ёсць працоўная майстэрня, дзе пад наглядам супрацоўніц аддзялення яны займаюцца лепкай з гіпсу, вышыўкай, вырабам ключніц і іншымі творчымі справамі.
Працуюць у аддзяленні гурткі па інтарэсах: “Сугучча”, дзе дзяўчаты і хлопцы спяваюць, танчаць; “Эрудыт”, дзе яны могуць займацца разумовай дзейнасцю па меры сваіх здольнасцей – складаць пазлы, адгадваць красворды.
Псіхолаг вядзе такія гурткі, як “Рэсурс”, дзе займаецца з наведвальнікамі інтэрактыўнымі гульнямі, праводзіць трэнінгі, і “Мы разам”, у якім падапечныя бавяць вольны час разам са сваімі роднымі.
У аддзяленні ёсць свая кухня, а таксама пакой, дзе можна выпіць гарбаты. Наведвальнікі самі сэрвіруюць стол.
У аддзяленні сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў супрацоўнікі дапамагаюць замацаваць у падапечных навыкі самабслуговання. Акрамя гэтага займаюцца з імі працоўнай тэрапіяй, праводзяць экалагічныя акцыі і спартыўныя мерапрыемствы. Сталі добрай традыцыяй у аддзяленні круглыя сталы, дыялоговыя пляцоўкі, мерапрыемствы да розных святаў. Рэгулярна ладзяцца для людзей з абмежаванымі магчымасцямі прагулкі, экскурсіі па гораду і раену.
Штогод дзяўчаты і хлопцы з аддзялення рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў з’яўляюцца ўдзельнікамі фестываляў і турыстычных злетаў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Аддзяленне рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў – магчымасць для людзей з абмежаванымі магчымасцямі адчуць сябе ўключанымі ў жыццё грамадства, атрымаць новыя навыкі і ўражанні, што не малаважна.
Надзея Сігай.






Оставить комментарий