image

На працягу мінулага года на Петрыкаўшчыне адбыўся 31 пажар, у агні загінула пяць чалавек. Такую інфармацыю агучыў начальнік РАНС Ігар Хацяновіч.

Па яго словах, пры скарачэнні колькасць пажараў да пазамінулага года амаль на траціну (у 2015-м адбылося 45 пажараў), на жаль, колькасць загінулых засталася ранейшай. Таму вельмі важна ўсім суб’ектам прафілактыкі прыняць меры па зніжэнні ўзроўню смяротнасці на пажарах.

Па звестках РАНС, аглядавымі камісіямі ў мінулым годзе было праверана каля 9,4 тысячы домаўладанняў, або тры чвэрці ад наяўных. У тым ліку члены камісій наведалі 2,5 тысячы сем’яў, у якіх выхоўваюцца непаўналетнія дзеці, каля чатырох тысяч домаўладанняў, дзе пражываюць адзінокія грамадзяне, інваліды, грамадзяне з групы рызыкі.

Па словах Ігара Хацяновіча, навагоднія святы ў нас прайшлі досыць спакойна. Статыстыка ж ранейшых перыядаў сведчыць, што менавіта напярэдадні калядных і навагодніх святаў значна ўзрастае колькасць пажараў. Толькі  ў мінулым годзе ў рэспубліцы іх было зафіксавана 395, 47 чалавек загінула і 15 было траўміравана.

На жаль, патрапілі мы ў змрочную статыстыку гібелі на пажарах пасля калядных святаў. Як адзначыў Ігар Хацяновіч, у мінулую нядзелю 8 студзеня адбыўся пажар у вёсцы Івашкавічы. Сігнал пра пажар у жылым доме паступіў у РАНС надвячоркам. Выехаўшы на месца, выратавальнікі затушылі агонь і заўважылі на прапаленай падлозе ў адным з пакояў цела гаспадыні, 1937 года нараджэння. Зараз прычына пажару высвятляецца, адной з версій разглядаецца парушэнне правілаў эксплуатацыі пячнога ацяплення.

Хаця не толькі на пажарах гінуць людзі. Піратэхнічныя сродкі летась сталі прычынай гібелі 1 чалавека і траўміравання – 29, з іх 12 – дзеці. Ужо ў гэтыя святы ў Гомельскім раёне выбухам петарды моцна параніла руку сямікласніку.

Звяртаючыся да дарослых, супрацоўнікі РАНС просяць іх тлумачыць дзецям пра ўсе небяспечныя сітуацыі, якія могуць адбывацца ў быце з выкарыстаннем агню, запалак,  піратэхнічных сродкаў, лёгкаўзгаральных вадкасцяў і рэчываў, у час эксплуатацыі награвальных прыбораў, электрапрылад, бытавых катлоў і ацяпляльных грубак, нагадваць дзецям пра правілы паводзін на лёдзе і слізкай дарозе, у транспарце, пра небяспеку сасулек і іншыя сітуацыі.

Вучыце дзяцей нумарам тэлефонаў экстранных служб, дзеянням пры ўзнікненні пажараў і іншых надзвычайных сітуацый.

Дарэчы, у інтэрнэце, на сайце МНС, па адрасе доступу http://mchs.gov.by/test размешчаны тэст, які дазваляе дзіцяці праверыць веданне правілаў бяспекі і раздрукаваць грамату “Геній бяспекі”, для тых, хто правільна адказаў на пытанні. Перайсці на названы рэсурс можна і праз банэр “Ганарымся, што навучылі” на нашым сайце www.petrikov.by.

Таксама бацькі могуць пачаць простыя ўрокі бяспекі са сваімі дзецьмі, выкарыстоўваючы раздзел “МНС бацькам і педагогам” на сайце 112.by.

У. ЕСІПАЎ.

Фота РАНС.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о