У вёсцы Рабка іх засталося двое – сёстры Вольга Навічэнка і Яўгенія Касінец. Некалі раней у іх было жаданне з’ехаць адсюль. Яўгенія ездзіла ў райвыканкам прасіць пакой у гарадскім інтэрнаце – не далі. Вольга паспрабавала тыдзень пажыць у дачкі ў Галубіцы, ды хуценька вярнулася. Кажа, што не можа жыць, абгароджаная шчыльным плотам, ёй патрэбен прастор і воля.

– Падбухторыла мяне толькі, – са смехам узгадвае баба Жэня. – Кажа, з’еду. А я ж спалохалася. Давай сама збірацца, рэчы свае раздаваць каму трэба. А Вольга вазьмі ды вярніся. Не, дарагая, жыць нам тут з табою да скону. Бо ў іншым месцы хутка заплюснемся. Тут жа яшчэ пажывём.
Жыць бабулі збіраюцца доўга. Вольга Дзмітрыеўна трымае пчальнік на восем вулляў. Летась, кажа, каля сотні літраў мёду накатала. Каму толькі не давала! А Яўгенія Дзмітрыеўна трымае дысцыпліну ў вёсцы. Зразумела, не сястру кантралюе, а праезных.
То грыбнікі не маглі знайсці паварот на вёску ў лесе. Выразала дошку, напісала фарбай “Рабка” і пайшла з зэдлікам да насыпу былой вузкакалейкі, па якой і дабіраюцца ў вёску. Узлезла, прыбіла да хвоі шыльду. Больш вандроўнікі не заблудзяць.
То электракабель на хаце адарвалі стралою пагрузчыка, што ехаў за чарговай партыяй лесу. Наўкопвала ў небяспечнай, як палічыла сама, зоне стаўбы, каб блізка не пад’язджалі.
Старэйшая Вольга адзначыла летась свой 86-ы дзень нараджэння, Яўгенія – 82-і. Успамінаў у абедзьвюх на тыдзень расказаў набярэцца. Толькі слухачы здараюцца не часта: мужчыны, што рэжуць лес, ставяць побач сваю тэхніку жанчынам на захаванне ды зойдуць на хвілінку, ці паляўнічыя, што наведваюцца ў адзін з чатырох цэлых у вёсцы дамоў, заедуць. Астатнім усё расказана не раз.
Урачы амаль штомесяц наведваюць, старшыня Грабаўская сельскага Савета Вольга Голас ці кіраўнік справамі Таццяна Маковік – нават па некалькі разоў на ты-дзень, як і сацыяльны работнік. А пра прадаўца аўталаўкі райспажыўтаварыства і самі радыя расказваць. Георгій Содаль выканае любы заказ, нават лекі запіша і прывязе, да дому сумку паднясе, пачакае, калі замарудзяцца ў хаце.
Жыццё як жыццё, з адной папраўкай. Пасля іх і вёскі не будзе. Таму плануюць жанчыны жыць як мага далей, захоўваць родную Рабку.
Нарадзіліся сёстры недалёка адсюль, на хутары Алешнікі. Яшчэ да вайны з хутароў людзей перасялялі, гуртавалі для аб’яднання ў калгасы. Прыехала і сям’я Пархімовічаў з пяццю сваімі дзецьмі ў Рабку на выдадзены ім зямельны надзел. Пабудавалі дом. Месца было добрае. Вузкакалейка побач, прыпынак. Цягнік хадзіў на Бабруйск ці Старушкі часта. Калгас рос, мацаваўся.
Вёска на пачатак саракавых была ўжо немалая. На фронт у першую мабілізацыю забралі больш за 40 мужчын, а таксама бацьку Дзмітрыя Іосіфавіча. Ні адной весткі ад яго не атрымала сям’я. Думалі, што адразу трапіў у палон і загінуў. Толькі зусім нядаўна зяць Вольгі Дзмітрыеўны знайшоў звесткі пра яго – загінуў у канцы 1944 года.
– Згарэла ўся вёска ў вайну, – расказала старэйшая з сясцёр, якая памятае тыя падзеі. – Людзі ўбачылі, што Сялюцічы палаюць, і кінуліся ў лес. Наехалі карнікі і спалілі пустыя хаты. Знайшлі і кароў, схаваных у балоце, пагналі з сабою, адступаючы.
У 49-м годзе Вольга Дзмітрыеўна пачала працаваць паштальёнам. Яе штодзённы маршрут – Грабаў, Сялюцічы, Рабка, Церабень. За светлавы дзень усё і не абысці. Бывала, затрымаецца, і ўжо поначы вяртаецца лесам дадому. Так аднойчы і натрапіла на былых паліцаяў, што хаваліся ў лесе. Мясціны ў іх былі глухія, непраходныя. Пазнала мужчын з мясцовых, тыя, напэўна, яе таксама. Таму адпусцілі, загадалі маўчаць. Дзясяткі гадоў яна не прызналася нават маці каго бачыла, баялася, што заб’юць ці сама нашкодзіць сваякам тых людзей.
Потым пяць гадоў будавала торфазавод у Грэбені. Цяглу і цэмент цягала на будоўлі, кусты рэзала на балоце, шпалы і рэйкі клала на вузкакалейцы. Вярнулася дадому і для самой сябе нечакана стала мужняй жонкай. Суседскі хлопец, што вярнуўся з арміі, спытаў, ці пойдзе за яго. Яна і пажартавала, маўляў, прыйдзеш у сваты, то і пайду. Праз тыдзень было вяселле.
Разам з мужам працавалі яны ў калгасе. Ён – загадчыкам фермы, яна – даяркай. На пенсію выходзіла з медалём за працоўную доблесць.
– Вялікі калгас быў, – узгадвае жанчына. – Былі і каровы, і авечкі, і коні, і свінні. Спачатку ў кожнай вёсцы асобны калгас быў, потым далучаць адзін да аднаго сталі, потым і ферму нашу апошнюю ў Сялюцічы перавялі. Туды мужыкі мясцовыя на працу хадзіць не захацелі. Так і згінулі без працы ад гарэлкі.
Шэсць гадоў як не стала гаспадара. Памёр раптоўна. 25 вулляў пакінуў жонцы. Тая ж з гора іх адразу прадала. Потым усвядоміла, што рабіць гэтага было нельга. Сама збіла новыя вуллі, паклала прынаду і дачакалася раёў. Сёння даглядае сваіх пчол у памяць пра мужа. Ды дзяцей пачаставаць. Дачка з Галубіцы і яшчэ дзве з Мінску прыязджаюць часта з унукамі.
Таксама як і ў сястры адукацыя Яўгеніі Дзмітрыеўны закончылася пасля 5 класа. Чатырохгадовая школа была тут, у Рабцы. Яшчэ год пахадзіла ў Сялюцічы, ды і пайшла працаваць. Як і сястра, паштальёнам. Толькі тая можа толькі год панасіла сумку паштальёна, а Яўгенія – усё працоўнае жыццё. А як з’явілася магчымасць пайсці на пенсію, адразу звольнілася. Час быў неспакойны – дзевяностыя. А яна з сумкай “белачак” ды “зуброў” – праз лес. Чаго было рвацца. Дачка адна, уладкаваная. Муж, працуючы лесніком, добра забяспечваў сям’і харчовую бяспеку. Хапала спраў і ў дамашняй гаспадарцы. Памёр таксама раптоўна ў яе на руках ад інфаркту. Сямнаццаць гадоў Яўгенія Дзмітрыеўна сама ў хаце. Звяла нават курэй. Часта даводзіцца класціся на лячэнне ў бальніцу. Навошта такі клопат у гаспадарцы трэба. А сабаку сястра як-небудзь пракорміць.
– Вялікая вёска ў нас была, – не прамінула расказаць пра гады маладосці Яўгенія Дзмітрыеўна. – Людзі добрыя, дружныя, працавітыя. А дзеўкі якія ладныя былі! Да нас хлопцы збіраліся і з Міхедавіч, і з Бабуніч, і са Смятаніч нават ішлі. Гулянкі да рання былі, гудзела вёска. Цяпер толькі пчолы Вольжыны гудуць. Ды машыны з грыбнікамі, ягаднікамі, паляўнічымі ды пчалярамі ездзяць. У Церабені, што за нашай вёскай была, кажуць, самыя ройныя месцы. Туды пчаляры возяць ставіць лавушкі на раі. Ды звер часам заходзіць. Днямі ішлі падвячоркам два ваўкі. Яны нас не баяцца, а мы іх. Праўда, Вольга сабаку на ноч у сенцы хавае, каб не задушылі. Злодзеяў мы не баімся, што ў нас браць. Я вось і тэлевізар свой прадала, урачы забаранілі глядзець. Усё больш радыё слухаю.
Урочышчы Ланка, Востраў, Сад, Першае балота… Хто ўзгадае пра іх, калі не яны. Хто перадасць вясковыя легенды і байкі іншым, калі не яны, апошнія насельнікі Рабкі. Адзін з такіх жа апошніх жыхароў вёскі, што памёр гадоў сем назад, казаў, што зусім яна не Рабка, а Чаромушкі. Тут у маі такі водар стаіць ад гэтых кветак, якія запаланяюць беллю ад зямлі да неба, што ўсё жывое навокал дурманіцца.
Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.
Оставить комментарий