Ад галоўнай рэспубліканскай магістралі М-10 у бок вёскі Трэмля адлегласць 5 кіламетраў. Калі дабірацца туды ад гарпасёлка Капаткевічы, то яшчэ давядзецца прыплюсаваць два. А гэты пешы маршрут у сем кіламетраў добра вядомы адной з мясцовых жыхарак Трэмлі.
Тамара Якімовіч адпрацавала паштальёнам 21 год. Штодзень, акрамя выхадных, Тамара Іванаўна адважна крочыла ў паштовае аддзяленне ў Капаткевічы, адкуль забірала карэспандэнцыю і дастаўляла яе аднавяскоўцам. Да таго, даручалі ёй людзі “спадарожныя” справы: даведку ўзяць у сельсавеце, лекі набыць у аптэцы і шмат чаго іншага. Не адмаўляла ў просьбах нікому.

У вёску рыбаводаў  прыйшла зіма
Узгадвае, што ў адзін з такіх вось, як цяпер, марозных дзён пайшла з дому з ліхтарыкам вельмі рана і накіравалася ў Капаткевічы. На дарогу з меліярацыйнага канала выйшаў дзік з вялізнымі ікламі і павольна стаў лычом уздымаць глебу, не звяртаючы ніякай увагі на жанчыну. Тая спынілася. Сэрца стала біцца рытмічней, а пад шапкай на галаве валасы пакрысе ўздымаліся ўверх самі сабой. Нейкі параліч ахапіў усё цела. Пашэнціла, што ехаў грузавік. Тамара Іванаўна раскінула ў бакі рукі і спыніла вадзіцеля. Мужчына таксама ўбачыў ляснога звера, забраў і падвёз жанчыну да месца.
Цяпер яна распавядае пра той выпадак з усмешкай. Уяўляю, якога страху нацярпелася! Дзякуй Богу, жывёла была настроена пазітыўна.
Кожная сцежка ў гэтай невялічкай вёсцы вядома Тамары Іванаўне. З ранняга дзяцінства яна пасялілася тут, вырасла і засталася.
Бацька, Іван Бандарэнка, прыехаў на пачатку 50-х гадоў у Трэмлю з мазырскай будаўнічай арганізацыяй з карыснай мэтай – узводзіць жылыя дамы для працуючых прадпрыемства па вырошчванні сажалкавай рыбы. Як аказалася (гэтую інфармацыю нам паведаміў муж Тамары Іванаўны, — аўт.), рыбгас пачаў сваё існаванне значна раней – з 1936 года.
Іван Дзмітрыевіч будаваў у Трэмлі жыллё. Многія дамы, нават нежылыя ўжо, стаяць і па сёння тут. Нечым спадабалася яму Трэмля. Спачатку набыў карову, а потым перавёз сюды жонку Ніну Сямёнаўну і трох дочак. Дарэчы, Тамара ў сям’і старэйшая.
– Маці мая, Ніна Сямёнаўна, адпрацавала ў рыбгасе, рыбу карміла, – працягвае свой аповед Тамара Іванаўна. – Тут жа адпрацаваў вадзіцелем і мой муж Анатоль Карлавіч. Родам ён з Хмяльніцкай вобласці. Тэрміновую вайсковую службу праходзіў у Мышанцы. Пазнаёміліся мы каля райваенкамата, калі я з аднавяскоўцамі праваджала ў армію сябра. А 12 студзеня 1974 года мы стварылі сям’ю. Дарэчы, дачка Людміла з’явілася на свет годам пазней як раз 12 студзеня. Гэта быў для нас з мужам цудоўны падарунак. Цяпер наша Люся ў сталіцы, працуе ў гасцінічным бізнесе, выхоўвае нашага ўнука Іллю, якому ў лістападзе споўнілася 12 гадоў. Пражываюць у маёй сястры Алены. Пасля асабістай трагедыі сястра засталася адна. Таму нашы Люся з Іллёй замянілі ёй сям’ю.
Другая сястра мая Валянціна ў Гомелі. Малодшы брат Васіль застаўся ў вёсцы: у Церабаве працуе на ферме. Мужавы сёстры жывуць ва Украіне, брат – на Урале.
Муж знаходзіць асалоду летам і восенню ў лесе, збіраючы грыбы і ягады, лішкі здае. Я ж асвойваю ноутбук, які мне падарыў пляменнік, і абшары інтэрнэта.
Трэмля наша даўно жыве сумным жыццём. Няма тут асаблівых радасцяў. У вёсцы засталося 20 двароў і 36 жыхароў. Праўда, чацвёра дзетак пражывае, з якіх трое наведвае садок, адзін – школу. Аўтобус дастаўляе іх у Капаткевічы. Сувязь з райцэнтрам у нас толькі па чацвяргах, калі ў Трэмлю заязджае аўтобус.
Тры разы на тыдзень да нас ходзіць аўталаўка. Наш дарагі вадзіцель і прадавец Георгій Содэль дастаўляе ўсё, што патрэбна. Раней хадзіла машына і з Калінкавіцкага мясакамбіната, ды нешта тры месяцы як перастала. Паштовая машына прыязджае 11 чысла ў дзень выдачы пенсій. А для карэспандэнцыі нам ўсталявалі скрыні. Я шмат газет выпісваю, “раёнку” таксама. Да таго, у Капаткевічах запісана ў бібліятэцы, чытаць люблю. Я і спяваць вельмі люблю, ды няма ў нас клуба, і з канцэртамі да нас ніхто не наведваецца. Добра яшчэ, што не забываюцца пра нас, пенсіянераў, калектывы, дзе мы працавалі. Так, мужу да Дня пажылога чалавека сёлета далі 5 кілаграмаў карпаў, мне паштавікі даслалі грошы. А ў мінулыя гады харчовыя наборы давалі. Прыемна, што памятаюць, шануюць. Дзякуй ім за гэта!

У вёску рыбаводаў  прыйшла зіма
Я ж вельмі любіла сваю работу, зносіны з людзьмі. Была актыўная і выканаўчая. Менавіта таму былы старшыня сельвыканкама Аляксандр Папок замацаваў за мной статус старасты вёскі. Так да сёння я і выконваю гэту місію. Але чым я магу дапамагчы аднавяскоўцам? Сама ледзь хаджу, ногі баляць. А вось фельчар да нас не наведваецца, як раней гэта было, толькі “хуткую” можна выклікаць.
Хачу вас пазнаёміць з самай старэйшай жыхаркай нашай вёскі, якой ужо 87 гадоў. Пайшлі да яе.
Марыя Дворак слаба бачыць, але гумару і аптымізму ў жанчыны, як аказалася, зашмат. Напэўна, гэта і дапамагае ёй змагацца з хваробамі і жыць у задавальненне.
– Бацькоў маіх звалі Фядосся Маркаўна і Аляксандр Фядосавіч Дашкевічы. Сама я з суседняй вёскі Гарадзішча, – пачала суразмоўца. – Дарэчы, раней гэта было пасяленне Жукаўка. Менавіта там з 1932 года размяшчаўся ваенны гарадок. У гады Вялікай Айчыннай вайны ў тых мясцінах ішла лінія фронту. Шмат нашых загінула. Дарэчы, там самае вялікае пахаванне ў раёне: воінскія могілкі налічваюць каля 1113 загінулых.
Жыццё маё радасным не назавеш. Памятаю, як у дзяцінстве ўцякалі са стрыечнай сястрой ад немца па маладым хвойніку, а той страляў, кулі свісталі над галавой. Гэта добра засталося ў памяці. Ганялі нас, жыхароў вёскі, немцы і па балотах. Акрамя мяне ў сям’і было пяцёра хлопцаў. Двое маіх братоў загінулі ў вайну.
Пасля вайны ўручную капала меліярацыйныя каналы, лес валяла, у рыбгасе таксама працавала. З мужам вялікую гаспадарку трымалі, жылі ў працы. Муж мой Іван Паўлавіч рана пайшоў з жыцця, яшчэ ў 1989 годзе “пакінуў” мяне.
Дачка і сын жывуць у сталіцы. У мяне па трое ўнукаў і праўнукаў. Клапоцяцца яны пра мяне, не забываюць. Але ў вялікі горад пераязджаць не жадаю. Тут сама спраўляюся пакуль. Дроў прынясу, печ запалю, аўсянай кашы звару з малаком. Вось такое жыццё маё.
А на гэтых партрэтах на сцяне – я з мужам, ягоны бацька, свёкар мой, і брат свёкра.
У нас тут зімой ціха, усё замірае. А летам у Трэмлі цудоўна! Прыязджайце летам!
– Дзякуй! Абавязкова наведаемся! Добрага вам здароўя, паважаныя, і доўгіх гадоў жыцця!

Інга ГІЛЕНКА.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о