Пастаянная камісія раённага Савета дэпутатаў па эканоміцы, бюджэце, аграрных пытаннях і камунальнай уласнасці разгледзела пытанне фінансавага аздараўлення сельскагаспадарчых арганізацый раёна, якія ўнесены ў пералік падлягаючых фінансаваму аздараўленню – КСУП “Грабаў”, “Чалюшчавічы” і “Запаветы Ільіча”, ААТ “Курыцічы”, “Агра-Пціч” і “Навасёлкі” .

У выніках павінен быць прыбытак

З вынікамі маніторынгу выканання вытворчых і фінансавых паказчыкаў у гэтых прадпрыемствах пазнаёміў членаў камісіі намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Васіль Кавальскі.
За першае паўгоддзе сёлета павысіць вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі ў супастаўных цэнах змаглі толькі ў КСУП “Чалюшчавічы”. Аб’ёмы вытворчасці прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы на 1% змаглі павялічыць ў КСУП “Запаветы Ільіча”. А з заданнем на павелічэнне сярэднясутачных прываг не справіліся толькі ў ААТ “Навасёлкі”. Сярод астатніх лідарам стаў КСУП “Запаветы Ільіча” – да мінулагодняга паказчыка прывагі склалі +20 грамаў, 554 грамы ўсяго.
Валавую вытворчасць малака са станоўчым вынікам далі ў КСУП “Чалюшчавічы”. Яна склала 788 тон і павялічылася да ўзроўню мінулага года на 7,6%. Прадукцыйнасць на адну карову тут склала 910 кілаграмаў (+ 182 кілаграмы). Трэба сказаць, што нават пры невыкананні гэтага паказчыка іншымі гаспадаркамі, прадукцыйнасць на карову ў іх большая. Напрыклад у КСУП “Грабаў” яна склала 1537 кілаграмаў.
Павялічылі паказчыкі рэалізацыі жывёлы ў КСУП “Грабаў” – 108,6%, ААТ “Агра-Пціч” – 106% і ААТ “Курыцічы” – 101,2%. Пры гэтым колькасць усяго пагалоўя павялічана на 2,9% толькі ў ААТ “Агра-Пціч”. А КСУП “Грабаў”, ААТ “Курыцічы”, “Агра-Пціч” і “Навасёлкі” павялічылі колькасць дойнага статку. Адносна мінулага года значна павялічыць колькасць цялят ад кароў і цялушак (+43 галавы) змаглі ў КСУП “Запаветы Ільіча”.
Прыбытак ад ралізаванай прадукцыі сёлета адносна мінулага года павялічылі ў КСУП “Запаветы Ільіча” на 5 тысяч рублёў і КСУП “Грабаў” на 1 тысячу. Прыбытковасць вытворчасці адзначана ў КСУП “Грабаў” (+63 тысячы рублёў да паказчыкаў мінулага года), ААТ “Навасёлкі” (+9 тысяч рублёў), ААТ “Курыцічы” (+2 тысячы). Найбольшая сума выручкі на аднаго працуючага атрымана ў КСУП “Грабаў” – 17,5%. Адпаведна і сярэдняя заработная плата ў гэтай гаспадарцы склала больш, чым у іншых прадпрыемствах – 477 рублёў.
Нягледзячы на шэраг станоўчых паказчыкаў, рашэннем камісіі райсавета меры, якія прымаюцца кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў для выканання вытворчых і фінансавых паказчыкаў, прызнаны недастатковымі. Таксама дадзены рэкамендацыі, сярод якіх меры па пошуку інвестараў і пагашэнні пратэрмінаваных запазычанасцяў.
Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о