Рубрыку “Малады кіраўнік” мы ўводзім на старонках нашай газеты і будзем прысвячаць яе не толькі кіраўнікам арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў, але і спецыялістам, каму даручаны “важкі” ўчастак работы. Малады – значыць, не толькі па ўзросце, але і па стажы працы на дадзенай пасадзе.

Колькі пудоў пылу і поту трэба праглынуць хлебаробам, каб на нашых сталах быў духмяны і мяккі хлеб? Пра гэта мы з вамі нават не задумваемся, а ім, працаўнікам палёў, пры любым надвор’і і складаных умовах даводзіцца змагацца за кожны наліты колас.
  Мала пасеяць у тэрмін, захаваць усе тэхналагічныя моманты, каб атрымаць высокі намалот зерня. Ёсць яшчэ адзін непрадказальны “карэкціроўшчык” – надвор’е. Вось і пасля шквалістых ветраў і дажджу аграрыі атрымалі чарговы “падарунак” – каласавыя культуры растрапала і прыціснула да зямлі. Каб не страціць  і ўвогуле ўраджай, а палегліца дарэчы складае 50% ад усіх занятых каласавымі плошчаў, сумленныя працаўнікі выйшлі на стэпавых караблях у поле.

У ЦЯЖКАСЦЯХ СВАЯ  РАДАСЦЬІван Фешчанка

У ЦЯЖКАСЦЯХ СВАЯ  РАДАСЦЬЯўген Лашчонаў, Аляксандр Каляга, Кацярына Махнаткіна, Іван Фешчанка

За Макарычамі, ва ўрочышчы з рамантычнай назвай “Сунічнае поле” сем экіпажаў камбайнаў УП “Палессе-Аграінвест” 5 ліпеня ўбіралі азімае жыта. Галоўны аграном Кацярына Махнаткіна, яе стажор Яўген Лашчонаў, начальнік аддзялення “Петрыкаў” Аляксандр Каляга і намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства па раслінаводстве Іван Фешчанка прымаюць непасрэдны ўдзел у жніве-2019. Кантроль за захаваннем усіх тэхналагічных момантаў, супрацьпажарнымі мерапрыемствамі – гэта іх задача.
– Нягледзячы на тое, што частка ўраджаю страчана, усё ж намалот азімага жыта неблагі – 25 цэнтнераў на круг, – адзначае Іван Фешчанка. – Учора экіпажы прыступілі да ўборкі гэтай плошчы ў 41 гектар і сёння завершаць малаціць. На ўборцы працуюць шэсць “КЗС-12,18” і адзін “КЗС-10”. Імі кіруюць камбайнеры Мікалай Крышчук, Аляксей Манееў, Мікалай Марціновіч, Яўген Піскун, Аляксандр Карабун, Анатоль Чырыч і Уладзімір Мятлушка са сваімі памочнікамі. На адвозцы заняты аўтамабілі “МАЗ”, за рулём якіх Аляксандр Шпігановіч, Сяргей Томаль і Уладзімір Карасёў.
Як бачыце, у мэтах супрацьпажарнай бяспекі на полі “нясе варту” вадзіцель з цыстэрнай вады. Да таго, на кожным камбайне ёсць ёмістасці з вадой, па два вогнетушыцелі і кашма.

Перад правядзеннем галоўнай палявой кампаніі былі распрацаваны ўмовы спаборніцтва сярод механізатараў і вадзіцеляў, прадугледжаны меры матэрыяльнага заахвочвання людзей. А яны немалыя: за першае месца ў канцы кампаніі будзе прэмія ў 1 тысячу рублёў, за 2-ое – 700, за 3-яе – 500 рублёў. Пакуль перадавікоў на жніве і адвозцы зерня няма, там разбежка ў 5-10 тон. Вось калі масава прыступім да ўборкі, тады будуць бачны лідары.

Кожнаму выдадзена спецвопратка. Што датычыць абедаў, то, абмеркаваўшы гэта пытанне на сходзе, людзі самі вырашылі, што лепш будуць штодзень дадаткова атрымліваць 5 рублёў. Так што харчовыя пайкі бяруць з дому.
За гэтыя некалькі дзён мы абмалацілі 120 гектараў плошчы. Усяго да ўборкі ў нашым сельгаспрадпрыемстве прызначана 3,5 тысячы гектараў зерневых з адналеткай. Большая частка каласавых зерневых размешчана была менавіта на палях аддзялення “Петрыкаў”. Перавагу аддалі азімаму жыту – каля 2 тысяч гектараў, авёс заняў 600 гектараў, трыцікале – 300, астатнія плошчы заняты ячменем і зернебабовымі.
Неяк адышлі мы ад сяўбы пшаніцы, бо ёй патрэбна ўрадлівая глеба. Усё ж вырашылі, што на будучы год зоймем гэтай культурай 200 гектараў.

Зернесклады і зернетокі на 100% падрыхтаваныя да прыёму новага ўраджаю. Усё зерне, вядома, мы будзем дапрацоўваць у Пцічы на ўчастку па вытворчасці камбікорму. Дарэчы, цяпер там нямецкія спецыялісты займаюцца пусканаладачнымі работамі і хутка запрацуе новае абсталяванне па вырабе грануляванага камбікорму.
Каралева палёў заняла плошчы ў большай ступені ў Церабаўскай зоне, ну і па іншых аддзяленнях таксама. Усяго кукурузы пасеялі сёлета 5100 гектараў. Усходы былі добрыя і цяпер яна шчыльнай сцяной узвышаецца на палях і радуе нас. Дарэчы, насенне выкарыстоўвалі для сяўбы замежных селекцый.

У ЦЯЖКАСЦЯХ СВАЯ  РАДАСЦЬ

Вадзіцель Аляксандр Шпігановіч заняты на адвозцы зерня

З Іванам Пятровічам заўсёды прыемна размаўляць. Бачна яго зацікаўленасць у выніку, веданне ўсіх праблемных момантаў. Бо без іх у сельскай гаспадарцы, як прызнаецца сам Іван Пятровіч, не бывае.
Дарэчы Іван Фешчанка падзяліўся са мной, што выхаваўся ў Камаровічах у працавітай шматдзетнай сям’і. Бацька Пётр Кузьміч быў аграномам, намеснікам дырэктара, дырэктарам былога саўгаса “Камаровічы”. Маці Любоў Уладзіміраўна працавала інжынерам па ахове працы. Апошнія гады – намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце. Сёстры Івана Пятровіча ў Мазыры і Мінску. Яны не звязалі свой лёс з сельскай гаспадаркай. А вось Іван Пятровіч пайшоў па слядах бацькоў: скончыў Горацкую акадэмію, адслужыў у арміі і ў 2009 годзе запрасілі на пасаду намесніка дырэктара УП “Палессе-Аграінвест”, на якой працуе і па сёння.
Дзесяць гадоў нялёгкай працы, набыцця прафесійнага вопыту, шматлікіх дасягненняў у раслінаводстве – гэта добрыя здабыткі для маладога кіраўніка.
Сёлета здзейсніцца яшчэ адзін асабісты і доўгачаканы для яго і жонкі. Але пра яго прамаўчу, каб не сурочыць.
Таму жадаю Івану Пятровічу здароўя, асабістага шчасця, працоўных поспехаў.
Адзначу, што ў суботу аграінвестаўцы правялі традыцыйнае мерапрыемства “Зажынкі”. Няхай гэта абрадавае, можна сказаць, дзейства прынясе калектыву важкія намалоты!

Інга ГІЛЕНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о