Напрыканцы кастрычніка ў Хойніках адбыўся рэгіянальны конкурс “Чароўны свет фантазіі-2019”, у якім прынялі ўдзел маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Тэматыка конкурсу была прысвечана 75-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У тэатральным мастацтве лепшыя
Прыемна адзначыць, што наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту ДУ “Петрыкаўскі ТЦСАН” таксама прымалі ўдзел у гэтым мерапрыемстве. Прадстаўлялі раён Алена Страйнюк, Дзмітрый Жукавец, Валянцін Рамашэўскі, а таксама валанцёры Андрэй Корбут, вучань 6 “А” класа сярэдняй школы № 2, Марыя Чачко, вучаніца 10 класа Галубіцкай сярэдняй школы і Галіна Вяракса – актыўная ўдзельніца клуба “Неспакойныя сэрцы” аддзялення.
У намінацыі “Тэатральнае мастацтва” наша каманда прадстаўляла тэатральную замалёўку “Даваеннае фота”. Акцёрскае майстэрства ўдзельнікаў кранула сэрцы ўсіх гледачоў і журы. У выніку – першае месца ў гэтай намінацыі.
Супрацоўнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту выказваюць удзячнасць усім удзельнікам каманды за эмацыйную і душэўную акцёрскую ігру, за тыя пачуцці, якія яны здолелі данесці да гледачоў.
Фіналам выступлення было выкананне песні “Жураўлі” на верш Расула Гамзатава. Песню выканалі Валянцін Рамашэўскі і Галіна Вяракса. Пасля яскравага, кранальнага выканання раўнадушных у зале не засталося.
Сапраўды, такія мерапрыемствы робяць нас лепшымі і прымушаюць задумацца пра галоўнае ў нашым жыцці.

Падрыхтавала
Інга ГІЛЕНКА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о