Кожны пяты жыхар Беларусі лічыцца пажылым. Днямі ў краіне шанавалі людзей сталага ўзросту з Днём пажылога чалавека. Свята гэта неадназначнае, бо, згадзіцеся, якая ж тут радасць, калі чалавек на прыступцы безвыходнасці, немачы і адзіноты? Зразумела, не кожнага з нас чакае такая старасць, але колькі працую і сустракаюся з людзьмі ва ўзросце, столькі назіраю ў большасці сваёй раўнадушша з боку дзяцей да сваіх састарэлых бацькоў. Добра яшчэ, што палітыка нашай дзяржавы накіравана на тое, каб такія людзі не засталіся сам-насам са сваімі праблемамі. Адным з варыянтаў дапамогі ў бытавых пытаннях састарэлым людзям з’яўляюцца паслугі сацыяльнага работніка.

Таццяна Агейчык працуе сацыяльным работнікам больш за сем гадоў. Сама вырасла ў шматдзетнай сям’і, таму добра ведае, што такое ўзаемадапамога.

Пасля заканчэння Камаровіцкай школы паступіла і скончыла гандлёвае вучылішча. Некаторы час працавала ў вясковым магазіне. Затым нарыхтоўвала дзікарослыя грыбы і ягады.

У старасці сумны сэнс

Пасля няўдалага  замужжа засталася з сынам адна. Але лёс падараваў сустрэчу з надзейным мужчынам. З Юрыем Агейчыкам Таццяна Мікалаеўна ў шлюбе ўжо тры гады. На мужа нарадавацца не можа: добры гаспадар і памочнік. Ён настаўнічае ў Бабунічах, выкладае геаграфію. Палова працоўнай стаўкі дае магчымасць мужчыну праводзіць вольны час з карысцю, напрыклад, аказаць дапамогу жонцы ў доглядзе яе падапечных. А іх у Таццяны Мікалаеўны ў камаровіцкай зоне  6 чалавек і ў бабуніцкай – 5. У асноўным гэта людзі, якія перасягнулі 80-гадовы рубеж. Пра іх маладая жанчына можа расказваць з падрабязнасцямі, бо добра ведае жыццёвую гісторыю кожнага.

Так, у Камаровічах дапамагае адзінокаму Івану Невяроўскаму. Перажывае Таццяна Мікалаеўна за жыхарку Фаставіч, інваліда другой групы Пелагею Чычыкайла. Нягледзячы на тое, што наведваць кожнага падапечнага сацыяльны работнік павінна праз дзень, у гэтай 87-гадовай жанчыны Таццяна Агейчык бывае часцей, асабліва ў халодны час года. Вялікі дом у тры пакоі не можа ацяпліць адна грубка. Адзін пакой, са слоў жанчыны, заўсёды прамярзае. Таму даводзіцца паліць і саграваць у прамым сэнсе жанчыну.

Там жа наведваецца Таццяна Мікалаеўна і да свайго былога класнага кіраўніка Людмілы Цішковай. Цяпер жанчына трапіла на аперацыю. З-за цукровага дыябету яна застанецца без нагі. У яе тры дачкі, але не жадае жанчына дастаўляць клопаты дзецям.

У Бабунічах наведваецца сацработнік да Валянціны Ярыгі. Таксама абслугоўвае дзве пары – жонку і мужа Надзею і Вячаслава Палазковых, дачку і маці Вольгу Палтаран і Кацярыну Грабко.

Прывезці лекі, прадукты, выпаліць грубку, прыбраць ды і шмат іншай работы выконвае жанчына і не цураецца сваёй працы. Ведае, што кожная хвіліна, праведзеная са сталым чалавекам – гэта радаснае імгненне для яго. У Дзень пажылога чалавека і на іншыя святы імкнецца парадаваць сваіх падапечных прыемным сюрпрызам. Чакаюць старыя смачных пірагоў, якія пячэ Таццяна Мікалаеўна, кветак.

Дарэчы, кветак у двары жанчыны зашмат, яна любіць іх вырошчваць.

Сын Косця – дзевяцікласнік. Магчыма, сёлета будзе вызначацца з паступленнем. Як ні шкада маці адпускаць дзіця, усё ж будучыню трэба “будаваць”. Косця любіць спорт, футбол.

Поспехаў Вам, Таццяна Мікалаеўна, Вашай сям’і, сыну. Дзякуй, што Вашай душэўнай цеплыні і працавітых рук хапае не толькі на родных людзей.

Інга ГІЛЕНКА.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о