Крыху больш за год працуе старшынёй Лучыцкага сельскага Савета Ала Якавец. Аднак ёй ужо ёсць пра што расказаць у плане арганізацыі добраўпарадкавання аб’ектаў на даверанай тэрыторыі.

– Першым напрамкам, да якога вырашылі прыкласці асаблівыя намаганні, было добраўпарадкаванне грамадзянскіх могілак, – пачынае размову з самых важкіх дасягненняў Ала Уладзіміраўна. – На тэрыторыі Савета знаходзяцца 8 могілак. Прычым адны з іх у Філатаўцы, вёсцы, дзе ніхто не пражывае, але да магіл сваіх родных людзі едуць рэгулярна. На палове аб’ектаў закончана ўсталяванне агароджы. У Лучыцах зборам ахвяраванняў на гэтыя патрэбы займаліся стараста вёскі Дзмітрый Ходзька і дэпутат мясцовага Савета Вольга Острыкава. У выніку ўсталявана каля 600 метраў драўлянага плоту, афарбавана – 300. Пралёты актывісты вёскі заказвалі ў колкаўскага прадпрымальніка Максіма Машука, са слупамі дапамагло Кашэвіцкае лясніцтва.

У справе важны агульны інтарэсСтаршыня Лучыцкага сельскага Савета Ала Якавец

У пераліку выкананых мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні населеных пунктаў старшыня Савета таксама назвала заканчэнне агароджвання кашэвіцкіх могілак. Гэта пытанне ў аграгарадку на сябе ўзялі стараста Леанід Курчыцкі і мясцовы памочнік старшыні Лілія Шчэпта.
У вёсцы Беседы стараста Уладзімір Зборын арганізаваў збор ахвяраванняў у большасці ад ураджэнцаў вёскі для выдалення 40 аварыйных дрэў на мясцовых могілках. Вопытны вальшчык, запрошаны ў прыватным парадку, без пашкоджання пахаванняў змог выдаліць усе дрэвы. Затым на санітарных днях тэрыторыя могілак была вызвалена ад смецця.
Жыхары Капцэвічаў некалькі гадоў таму прынялі рашэнне пра ўсталяванне на могілках бетоннай агароджы. З-за яе нятаннасці працэс ідзе павольна. Пралёты заказваюцца адпаведна сабраных ахвяраванняў. Усімі фінансавымі пытаннямі займаецца дэпутат і прадавец мясцовага магазіна Галіна Гапончык. Сёлета закончана ўсталяванне агароджы па двух баках, а гэта каля 40 метраў.
Ала Уладзіміраўна акрэслівае і далейшыя планы. Ужо закуплены 60 метраў пралётаў для агароджы могілак у Дземенцы. Атрыманы дазвол на выдаленне аварыйных дрэў на могілках у Старыне.
– Людзі ахвотней ідуць на фінансаванне агульных спраў, калі бачаць іх вынік, – расказвае Ала Якавец. – Вырашана было сабраныя ў канкрэтнай вёсцы сродкі выдаткоўваць менавіта на гэты населены пункт. Здараецца, што заказваем піламатэрыялы з адтэрміноўкай разліку, тады збор ахвяраванняў ідзе спарней. Але не пакідаем без належнай увагі і работу па самаабкладанні насельніцтва. Вывешваем аб’явы з рэквізітамі рахунка. Тут галоўная дапамога ідзе ад кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія працуюць у гэтым пытанні з работнікамі. Пералічаны сёлета на спецрахунак 620 рублёў, 530 асвоена на работы па ўсталяванні агароджы на лучыцкіх могілках. Праўда, ёсць пэўная праблема з пералічэннем сум. На жаль, ні ў Лучыцах, ні ў Кашэвічах няма аддзялення банка. А ў аддзяленнях пошты функцыя пералічэння грошай праз АРІП не падтрымліваецца. Вось і атрымліваецца, што людзям лягчэй аддаць грошы старасце па ведамасці пад подпіс на самаахвяраванне, чым дабірацца да бліжэйшага банка.

У справе важны агульны інтарэс
Ала Уладзіміраўна расказвае, што ў вёсках Савета склалася практыка сбору дапамогі менавіта ад ўраджэнцаў гэтых вёсак. Мясцовае насельніцтва не можа выдаткоўваць значныя сумы на патрэбы добраўпарадкавання. Узгадала, што ў Лучыцах добраўпарадкаванне стала магчымым пры фінансавай падтрымцы былога лучычаніна Міхаіла Котава. Старасты і дэпутаты актывізуюць работу па зборы сродкаў менавіта летам і ў святы, калі ў вёскі прыязджае многа ўраджэнцаў.
Старшыня вядзе тлумачальную работу з уладальнікамі сядзіб пра неабходнасць захавання іх маёмасці, не адмаўляцца ад яе, прыязджаць хоць зрэдку і наводзіць парадак у дварах. Фактычна, калі ў доме ніхто не з’яўляецца тры гады, ён лічыцца нежылым. Тады сельвыканкам абавязаны прыняць меры для вызначэння лёсу такой сядзібы. А гэта не заўсёды правільна. Як і многія жыхары Лучыцаў і Кашэвічаў, яна верыць, што некалі і гэтыя дамы знойдуць свайго гаспадара, а пакуль іх трэба трымаць у належным выглядзе. І просіць у гэтым большай актыўнасці ўласнікаў і тых, хто мае права ўласнасці. Ідучы насустрач мясцовай уладзе многія гаспадары прывялі пакуль пустуючыя сядзібы ў належны выгляд.
Сёлета ў Савеце былі знесены 13 дамоў – у Капцэвічах, Лучыцах і Кашэвічах. Дзякуючы вялікай падрыхтоўчай рабоце – выдаляецца расліннасць і некапітальныя пабудовы – удаецца мінімізаваць выдаткі на знос, у сярэднім па сельскім Савеце гэта сума складае 1 тысячу рублёў. Пасля мінулагодняга зносу сёлета былі ўведзены ў севазварот каля 10 гектараў земляў у Лучыцах і Кашэвічах. У гэтым пытанні ў Алы Якавец і кіраўніка сельгаспрадпрыемства Івана Слуцкага наладжана ўзаемапаразуменне.
Паступова вуліцы населеных пунктаў Лучыцкага Савета набываюць больш эстэтыкі. Кожны год устанаўліваюцца новыя малыя архітэктурныя формы. Толькі сёлета мясцовыя жыхары самастойна ўсталявалі 352 метры новай агароджы. Пасаджаны 175 каліў маладых дрэўцаў у залік кампенсацыйных пасадак на наступнае выдаленне каля ста аварыйных дрэў, якое плануецца восенню.
На балансе Савета знаходзяцца 18 помнікаў і 2 памятныя знакі. Ала Уладзіміраўна пазначае, што на іх добраўпарадкаванне патрабуецца таксама многа часу і сродкаў, асабліва вясной. Сёлета сваімі сіламі наведзены парадак і пафарбаваны агароджы на 4 помніках. На помніку ў Кашэвічах усталяваны дзве мемарыяльныя дошкі з імёнамі 10 раней невядомых салдат. Патрабуецца капітальны рамонт помнікаў у Хвойні, дзе штогод праходзяць мітынгі да Дня памяці ахвяр фашызму. Іх канструкцыі з цягам часу маральна і фізічна састарэлі.
Старшыню Савета непакоіць праблема камплектацыі кадраў. Найбольш адчувальна ёй адсутнасць бухгалтара ў сельскім Савеце. Удвох з кіроўцам справамі Вольгай Азёмшай ім даводзіцца складана. Не працуе ў Лучыцах магазін райспажыўтаварыства па прычыне адсутнасці прадаўца. Насельніцтва абслугоўваецца прыватнай гандлёвай кропкай. Многа нязручнасцяў адчуваюць мясцовыя жыхары з-за неўкамплектаванасці мясцовай амбулаторыі ўрачом агульнай практыкі. Зразумела, што насельніцтва ў вёсках Савета становіцца менш, сёлета нарадзіліся толькі 4 дзіцяці, але мінімальныя выгоды для іх павінны быць створаны.
– Пасля завяршэння глабальных мерапрыемстваў на грамадзянскіх могілках хочацца больш шчыльна заняцца афармленнем вёсак, каб кожная мела свой стыль і асаблівасць, – разважае Ала Якавец. – Зразумела, што на тое таксама спатрэбяцца немалыя грошы. Спадзяюся, што і на гэтыя справы насельніцтва адгукнецца, а таксама мясцовыя арганізацыі і прадпрыемствы. Іх мала – два лясніцтвы, КСУП “Кашэвічы”, ды ўстановы сацыяльнай сферы, сацыяльныя работнікі. Менавіта дзякуючы арганізацыям магчыма сабраць людзей на санітарныя дні, тэхніку па неабходнасці выдзяляюць лясніцтва і сельгаспрадпрыемства. Мясцовыя жыхары пакуль неахвотна ўдзельнічаюць у суботніках, хаця надзея на паразуменне ў нас ёсць вялікая. Тым больш, што дапамагаюць старасты, дэпутаты і памочнікі. Апроч названых раней гэта Марыя Шурпач, Вера Гірас, Ева Содаль, Алена Бузаноўская, Сяргей Сакавец, Алена Качаткова, Ніна Кот, Вера Ходзька. Спраў у нас многа, планы вялікія. У нас прыгожыя мясціны і мы павінны зрабіць сваю малую радзіму яшчэ прыгажэйшай.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о