Напрыканцы мінулага тыдня мы наведалі выратавальную станцыю. Нагодай для чарговай сустрэчы з калектывам стала прыемная навіна: па выніках спаборніц-тва сярод выратавальных станцый Гомельскай абласной арганізацыі ТВВОД за 2019 год у намінацыі “Выратавальная станцыя ІІ разрада” петрыкаўскія выратавальнікі на водах узнагароджаны дыпломам ІІ ступені. Паказчык, пагадзіцеся, нядрэнны.

У справах – вынік

Складальнікам поспеху, па словах Андрэя Галіцкага, начальніка выратавальнай станцыі, з’яўляецца зладжаная і прафесійная работа ўсяго калектыва на працягу 2019 года. Менавіта камандны дух, які пануе ў калектыве, дазволіў па ўсіх кантрольных пазіцыях у абласным конкурсе трымацца на лідзіруючых пазіцыях. А крытэрыі, як паведаміў Андрэй Аляксандравіч, даволі сур’ёзныя.

Тут і колькасць патанулых , выратаваных, папярэджаных, а таксама стан і гатоўнасць выратавальнай станцыі да аказання дапамогі тым, хто церпіць бедства, добраўпарадкаванне памяшканняў і тэрыторыі, арганізацыя службы і працоўная дысцыпліна, гаспадарчая дзейнасць, выкананне плана па падрыхтоўцы матросаў-выратавальнікаў і вадалазаў.

Вялікая ўвага надаецца і прафілактычнай рабоце. Спіс кантрольных крытэрыяў і тут унушальны, таму на прафілактыку петрыкаўскія выратавальнікі на водах, як адзначыў Андрэй Аляксандравіч, працуюць многа. Менавіта ў ёй бачаць крыніцу паляпшэння трагінай статыстыкі і, па магчымасці, “звядзення на нуль” колькасці трагічных выпадкаў. Так, яны частыя госці ў працоўных калектывах і ва ўстановах адукацыі, дзе пры падтрымцы кіна- і відэасеансаў яшчэ і яшчэ раз нагадваюць нам пра неабходнасць быць абачлівымі і адказнымі за захаванне ўласнага жыцця. Нам з вамі, паважаныя чытачы, застаецца прыслухацца да парад і папярэджанняў спецыялістаў.

Акрамя калектыўнага прызнання, з абласнога сходу выратавальнікі на водах прывезлі і асабістыя ўзнагароды. Так, граматай прэзідыума абласнога савета РДГА ТВВОД узнагароджаны старэйшы матарыст-рулявы Петрыкаўскай выратавальнай станцыі Георгій Маліноўскі за вялікі асабісты ўклад у забеспячэнне бяспекі людзей на водах, актыўную прафілактычную работу сярод насельніцтва па папярэджанні няшчасных выпадкаў. Віктар Палтаран, у сваю чаргу, узнагароджаны дыпломам як лепшы матрос-выратавальнік Гомельскай абласной арганізацыі ТВВОД. Удзячнасць аб’яўлена Алегу Міцкевічу, вадалазу выратавальнай станцыі.
Мы віншуем калектыў з узнагародай і жадаем новых прафесійных перамог.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о