Ва ўсе часы каштоўнасцю кожнага чалавека было і застаецца здароўе. Вырасціць дзіця моцным, дужым, здаровым – галоўнае жаданне і мэта бацькоў. Ну а лепшая прапаганда здаровага ладу жыцця – гэта заняткі фізкультурай і спортам. Фізкультура, якая з’яўляецца галоўнай крыніцай сілы і здароўя, развівае смеласць, рашучасць, прывівае пачуццё калектывізму, дысцыпліны, а яшчэ – волю да дасягнення мэты.

У спорце тата, мама, я!Мабыць, нішто так не збліжае бацькоў і дзяцей, як сумесныя святы і забавы.
У мінулую суботу ў лесапаркавай зоне ўрочышча Гарыцы адбылася сямейная эстафета “Спорт – здароўе, спорт – гульня, у спорце тата, мама, я!”, прысвечаная году Адзінствы ў Рэспубліцы Беларусь. Арганізатарам мерапрыемства выступіла “Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Петрыкаўскага раёна”.

На старт у гэты дзень выйшлі чатыры сям’і. Тут не важны быў ні ўзрост удзельнікаў спаборніцтваў, ні іх фізічная падрыхтоўка. Ключавая ўмова ўдзелу, па меркаванні арганізатараў – быць прыхільнікам здаровага ладу жыцця ці быць гатовым папоўніць іх шэрагі. А ўжо з якімі вынікамі каманды прыйдуць да фіналу спартыўнага мерапрыемства – залежала толькі ад іх згуртаванасці і арганізаванасці.
Праграма сямейных зімовых стартаў была даволі насычанай і разнастайнай. Камандам былі прапанаваны займальныя, часам няпростыя конкурсы па пераадоленні на санках дыстанцыі, вядзенне клюшкай мяча і хуткасным спуску з гары, дзе яны ў поўнай меры змаглі праявіць свае спартыўныя навыкі. Усе этапы гэтага займальнага спаборніцтва праходзілі ў напружанай барацьбе. Заўзятары і гледачы сачылі за ходам падзей і вельмі перажывалі. Спартыўны запал і жаданне дамагчыся перамогі для сваёй каманды захоплівалі дзяцей настолькі, што яны не заўважалі таго, што адбываецца навокал. Усе з апошніх сіл стараліся прыйсці да фінішу першымі. Калі ж атрымлівалася – шчасцю не было межаў! А шчаслівыя ад захаплення вочы дзяцей – лепшая ўзнагарода арганізатарам свята.
Па выніках мерапрыемства ўсе сямейныя каманды былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі, атрымалі выдатны зарад бадзёрасці і станоўчыя эмоцыі.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о